15 снежня ў Беларусі пачалася самая маштабная навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», накіраваная ў першую чаргу на падтрымку дзяцей з малазабяспечаных сем’яў, а таксама з сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці-сіроты і дзеці-інваліды. Да марафона дабра, цудаў, радасці і чараўніцтва, які стартаваў у Гомелі і прадоўжыцца па 14 студзеня, разам з іншымі рэгіёнамі краіны далучылася і Пастаўшчына.
У нашым раёне старт акцыі далі ў канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па вуліцы Чырвонаармейскай. Тут сабраліся прадстаўнікі раённай улады, практычна ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый горада, воінскіх часцей, прыватных структур і грамадскіх аб’яднанняў. Пераважная іх большасць штогод дорыць маленькім пастаўчанам навагоднюю казку.
Звяртаючыся да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург нагадаў, што акцыя «Нашы дзеці» праводзіцца ў Беларусі ўжо на працягу трох дзесяцігоддзяў па ініцыятыве Прэзідэнта краіны. Галоўная яе мэта — дайсці да кожнага дзіцяці, якое трапіла ў складаную жыццёвую сітуацыю, а таксама да тых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сваёй працай дасягаюць высокіх вынікаў у вучобе, творчасці, спорце.
— У бліжэйшы месяц мы павінны пабываць ва ўсіх агульнаадукацыйных установах раёна, сацыяльна-педагагічным цэнтры і цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзіцячых дамах сямейнага тыпу, апякунскіх і прыёмных сем’ях, — гаварыў Станіслаў Уладзіміравіч. — У рамках акцыі запланавана вялізная колькасць мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх мы будзем. Карыстаючыся магчымасцю, хачу падзякаваць усім за актыўную грамадзянскую пазіцыю, падрыхтоўку і правядзенне гэтай і іншых дабрачынных акцый.
Трэба адзначыць, што ўжо шосты год у рамках рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці» праводзіцца раённая «Ёлачка жаданняў». І калі раней яна пачыналася крыху пазней, то сёлета вырашана было даць старт адначасова абодвум дабрачынным марафонам. Таму ў зале красавалася прыгажуня ёлка, на якой замест навагодніх цацак віселі паштоўкі з фотаздымкамі дзяцей і іх просьбамі да Дзеда Мароза аб жаданым падарунку. Выканаць іх па традыцыі прапанавалі прысутным. Яны самі выбіралі, якую паштоўку ці адразу некалькі ўзяць. Ну а ператварыцца ў Дзедаў Марозаў удзельнікам акцыі дапамагла Снягурка: зайграўшы на чароўнай флейце, яна абудзіла сілы дабра.
Адкрыццё акцый стала сапраўдным святам, якое падрыхтавалі педагогі і выхаванцы раённага цэнтра дзяцей і моладзі. Разам з песнямі, танцамі і навагоднім інтэрактывам дарэчы быў і невялікі аповед пра нашых дзяцей: колькі ўсяго іх пражывае на Пастаўшчыне, колькі наведвае школы і дзіцячыя сады, выхоўваецца ў шматдзетных сем’ях, мае статус сіраты і абмежаваныя магчымасці па здароўі, а таксама пра дасягненні юных пастаўчан за апошні год. Прысутныя пераканаліся ў тым, што нашы дзеці таленавітыя і разумныя, заслугоўваюць таго, каб ажыццявіліся іх самыя запаветныя мары і жаданні. Гэтага ж пажадаў усім удзельнікам акцыі Станіслаў Чымбург, бо пад Новы год часта адбываюцца цуды.
Алена Шапавалава








