В воропаевском отделении творчески и заботливо работают с пенсионерами и инвалидами

Общество

3 снежня — асаблівая дата. Яна пра мужнасць людзей з інваліднасцю і пра нашу гатоўнасць працягнуць руку дапамогі тым, хто мае ў ёй патрэбу.

Дзяржава клапоціцца пра інвалідаў не толькі матэрыяльна, але і фарміруе для іх пэўнае асяроддзе для інтэграцыі ў грамадства. Менавіта з такой мэтай у сакавіку 2023 года ў Варапаеве было адкрыта аддзяленне дзённага знаходжання для грама­дзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН. І дастаткова хутка ў ім арганізавалі такую плённую работу, што яно стала прыцягальным нават для тых, хто ўвогуле не збіраўся наведваць установу. Сёння паслугамі аддзялення ахвотна карыстаюцца 51 пенсіянер і 42 інваліды.

В воропаевском отделении творчески и заботливо работают с пенсионерами и инвалидами

Тут кожны знаходзіць для сябе карысны занятак. Працуюць гурткі тэрапіі творчасцю «Мастац­тва пляцення» і «Творчасць без межаў», музычнай тэрапіі «Сугучча», фізкультурна-аздараўленчы «Актыўны рух», працоўная майстэрня «Рамесныя цуды». Ладзяцца агульныя і персанальныя выставы работ наведвальнікаў, у тым ліку Андрэя Счаснага і Святланы Фаміной, якія захапляюцца алмазнай і іншай вышыўкай. А Марыя Януковіч стала дыпламантам дыстанцыйнага абласнога творчага фестывалю ваенна-патрыятычнай песні і вершаў «Квітней, Беларусь!», Наталля Зайцава — дыпламантам творчага конкурсу для людзей з інваліднасцю «Карытас — гэта любоў». Якаў Януш захапляецца музыкай, акрамя таго, ён вызначаецца і ў працоўнай майстэрні. Канстанцін Вярцінскі, як і Марыя Януковіч, піша вершы. Аляксандр Юрэвіч прайшоў адаптацыю па прафесіі «Рабочы зялёнага будаўніцтва».

Клопатам і ўвагай ахоплены і ўсе тыя, хто па стане здароўя або па іншых прычынах не мае магчымасці наведвацца ў аддзяленне. Для іх арганізавана работа гуртка сацыякультурнай рэабілітацыі дома, а таксама дыстанцыйна праводзяцца інфармацыйныя гутаркі. Гэта дапамагае падтрымліваць іх дасведчанасць, зносіны і ўключанасць у жыццё аддзялення.

Пенсіянеры і інваліды актыўна ўдзельнічаюць у інфармацыйных і дыялогавых пляцоўках, валанцёрскім руху, канцэртах і іншых мерапрыемствах. Неаднаразова са святочнай праграмай ездзілі ў дунілавіцкі сацыяльны пансіянат «Троіцкі». Не забываюць і пра інвалідаў, якія знахо­дзяцца ў бальніцы сястрынскага догляду ў Парыжы і ў аддзяленні сястрынскага догляду ў Варапаеве. Для іх арганізуюць выязныя канцэрты, сустрэчы і гутаркі, якія ствараюць атмасферу ўвагі і падтрымкі. Напрыканцы мінулага года ў рамках рэспубліканскай акцыі «Ад усёй душы» пры актыўным удзеле жыхароў Варапаеўскага сельсавета сабралі 30 падарункаў са сродкамі гігіены і прысмакамі і перадалі іх тым, хто знаходзіўся ў парыжскай і варапаеўскай бальніцах. Рыхтуюцца да такой жа акцыі і ўвогуле да навагодніх свят і сёлета.

В воропаевском отделении творчески и заботливо работают с пенсионерами и инвалидами

А з якім жаданнем і інтарэсам наведвальнікі аддзялення разам з яго супрацоўнікамі ­ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта грамадзянскай ініцыятывы «У гармоніі з прыродай»! Як вынік — створаная на тэрыторыі ўстановы прастора прыгажосці, утульнасці і аздараўлення.

—Нашы наведвальнікі любяць і падарожнічаць, — расказвала загадчык аддзялення, лаўрэат прэміі імя Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі Вольга Счастная. — З часу адкрыцця аддзялення  мы арганізавалі каля 30 паездак. Пабывалі ў многіх раённых і абласных цэнтрах, на выставе рамесніцтва ў сталіцы, з асаблівым задавальненнем адкрылі славутасці роднага, пастаўскага, краю.

На завяршэнне мне застаецца толькі назваць тых, хто ў варапаеўскім аддзяленні так творча, удумліва і клапатліва працуе з пенсіянерамі і інвалідамі. Гэта яго загадчык Вольга Счастная і яе падначаленыя Юлія Галяш, Дзмітрый Кузьміч, Ірына Халдзей, Алена Турчыновіч. Дзякуючы іх агульным намаганням людзі з інваліднасцю інтэгруюцца ў грамадства і іх жыццё напаўняецца новым зместам.

Фаіна Касаткіна
Фота даслала Вольга Счастная



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.