14 студзеня ў Беларусі завяршылася самая маштабная дабрачынная акцыя «Нашы дзеці», якая прайшла ўжо ў 30-ы раз. Вынікі марафону дабра працягласцю ў месяц падвялі і на Пастаўшчыне.
Як заўсёды, у ім прынялі ўдзел прадпрыемствы, арганізацыі, воінскія часці, размешчаныя на тэрыторыі раёна, грамадскія аб’яднанні, індывідуальныя прадпрымальнікі, а таксама кіраўніцтва раённага выканаўчага камітэта, яго структурных падраздзяленняў і райсавета дэпутатаў. Усяго такіх удзельнікаў было 56.
Старт акцыі далі 15 снежня навагодняй феерыяй «У чаканні цудаў», якую арганізаваў раённы цэнтр дзяцей і моладзі. На свята былі запрошаны ўсе названыя вышэй. Тады ж стартавала раённая дабрачынная акцыя «Ёлачка жаданняў». Яна праводзіцца не першы год, і грамадскасць успрымае яе як магчымасць дапамагчы дзецям, якія жывуць у прыёмных сем’ях і дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Зараз іх 51, і столькі ж было пісьмаў Дзеду Марозу з просьбай аб жаданым падарунку. Калі арганізацыі і дзяржаўныя прадпрыемствы ўдзельнічаюць у акцыі даўно і ўсе, то прыватны бізнес уцягваецца паступова. Сёлета яго рады папоўнілі «Хата-бар», магазін аўтазапчастак PitStop і аўтамыйка CarWash.
— Усе ўдзельнікі падышлі да акцыі з душой, — расказвала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Танона. — Не проста купілі дзецям заказаныя падарункі, а завіталі да іх у касцюмах Дзеда Мароза і Снягуркі, зладзілі міні-прадстаўленне. Напрыклад, супрацоўнікі Пастаўскага аддзялення Дэпартамента аховы прывялі з сабой службовага сабаку. Асабліва радуе, што некаторыя арганізацыі не абмежаваліся ўдзелам у «Ёлачцы жаданняў», прыйшлі з падарункамі таксама ў дзіцячы сацыяльны прытулак, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. І ў аднаго, і ў другога ёсць свае шэфы.
Штогод найбольш гасцей бывае ў прытулку. Яны прыязджаюць у тым ліку з Мінска, Віцебска. Пасля праваслаўных Каляд, у гэту ўстанову наведваюцца прадстаўнікі духавенства, выхаванцы нядзельнай школы пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца з лялечным тэатрам — батлейкай.
Цікавы навагодні спектакль-казку з года ў год рыхтуе раённы Дом культуры. Сёлета яго паказалі на дабрачынным свяце з удзелам кіраўніцтва раёна. Свята сабрала 380 хлопчыкаў і дзяўчынак з прыёмных і апякунскіх сем’яў, інвалідаў, выдатнікаў вучобы, пераможцаў розных конкурсаў. Па традыцыі юныя пастаўчане пабывалі на аналагічных святах у Мінску і Віцебску. Навагоднія ранішнікі прайшлі таксама ў кожнай школе і дзіцячым садку. Акцыя «Нашы дзеці» ахапіла абсалютна ўсіх маленькіх жыхароў раёна, 26 устаноў адукацыі і 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Спонсарская дапамога яе ўдзельнікаў склала 26 240 рублёў. На гэту суму набыты навагоднія падарункі, цукеркі, цацкі, адзенне і абутак для дзяцей. 10 124 рублі выдзелілі на салодкія падарункі раённы і абласны бюджэты.
Алена Шапавалава

