Яе сыну сёлета споўнілася б 25 гадоў. Але Русланчык пражыў на гэтым свеце ўсяго пяць дзён. Нарадзіць яшчэ дзяцей жанчыне не было наканавана. Тым не менш яна стала любячай і клапатлівай мамай.
Маша
— Я не магу жыць толькі для сябе, — прызналася Наталля Сцяпанава. — Страту сыночка перажывала вельмі цяжка. Калі зразумела, што не змагу нарадзіць, вырашыла ўсынавіць хлопчыка. Мама падтрымала мяне. Па накіраванні спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама Ніны Каспяровіч паехалі ў цэнтр усынаўлення ў Віцебск. Там нам паказвалі базу даных, называлі імёны і прозвішчы дзяцей, расказвалі пра іх. Калі прагучала імя Руслан, усё ў душы страпянулася: ён стане маім сыночкам!
У дзіцячым доме, куды яна з маці адразу ж накіравалася, вельмі здзівіліся, чаму ў цэнтры ўсынаўлення ёй далі накіраванне менавіта на гэтае дзіця. Урачы ставілі хлопчыку вельмі цяжкі дыягназ. Калі ён пацвердзіцца, спатрэбіцца працяглае і дарагое лячэнне. Як справіцца і маральна, і матэрыяльна? А Наталля к таму часу ўжо была ў разводзе… Пераканалі пачакаць з усынаўленнем хлопчыка і вынеслі яшчэ адно дзіця. «Ой, гэта наша дзяўчынка!» — адразу ж усклікнула мая мама, убачыўшы Машачку, — успамінае жанчына.
Сабраўшы ўсе патрэбныя дакументы, Наталля ўдачарыла Машу, якой яшчэ не было і паўтара года. Пра тое, што яна не родная, дзяўчына даведалася толькі ў 15 гадоў. Тайну раскрыла перад смерцю бабуля, якая вельмі любіла ўнучку. Навіна, безумоўна, ускалыхнула Машу, але не з’явілася для яе стрэсам. Дзяўчына не стала шукаць біялагічных бацькоў. «Навошта мне чужыя людзі, калі ў мяне ёсць мама, якую я вельмі люблю?» — заявіла.
Тут варта патлумачыць, што і сама Наталля выхоўвалася ў прыёмнай сям’і: маці імітавала цяжарнасць і забрала яе з радзільнага аддзялення ў іншым горадзе. А даведалася Наталля пра гэта ад яе толькі ў 30-гадовым узросце, калі ўдачарыла Машачку. І таксама не жадала і не жадае шукаць жанчыну, якая дала ёй жыццё, бо, як і Маша, вырасла ў вялікай любові.
— Машачка была хваравітай, клопатаў з ёй хапіла. Спраўляцца з імі мне дапамагала мама, — расказвала Наталля Анатольеўна. — Па душы і па сэрцы Маша — маё дзіця. У кастрычніку ёй споўнілася 20 гадоў. Скончыла Слуцкі дзяржаўны каледж і працягвае вучобу завочна. Працуе майстрам змены на малочным заводзе ў Мінску. Пазнаёміла мяне з хлопцам, з якім сустракаецца. Спадзяюся, што ў іх усё складзецца.
Наталля клапоціцца не толькі пра надзённае, але і паказала дачцэ свет. У якіх толькі турыстычных паездках яны з Машай не пабывалі! У Польшчы, Германіі, Францыі, Чэхіі, Іспаніі, Італіі, Грэцыі, Арабскіх Эміратах.
Руслан
Маша расла, радавала маму і бабулю. Але Наталля ніяк не магла (ды і не хацела!) забыць таго хлопчыка з дома малюткі. Вырашыла знайсці яго. Зрабіць гэта аказалася нескладана: Ніна Каспяровіч па базе даных устанавіла, што Руслан знаходзіцца ў дзіцячым доме ў Друі. Наталля адразу ж паехала туды.
— Убачыла — і жалем зайшлося сэрца, — успамінае жанчына. — Маленькі, худы, коратка падстрыжаны. Прывезла яму машынку, пачастункі. Прыгарнула да сябе: «Хочаш быць маім сыночкам?» А ён не разумее, бо кожную жанчыну ў дзіцячым доме называў мамай.
Цяжкі дыягназ хлопчыка не пацвердзіўся, аднак парушылася яго псіхіка. Усё было — крыкі, істэрыкі, валянне па падлозе. Узніклі праблемы са зрокам, праявіўся артрыт. На працягу шасці гадоў Наталля вазіла Руслана на лячэнне ў абласны цэнтр — і ўсё безвынікова. Па пратэкцыі знаёмых трапілі на прыём да вопытнага спецыяліста ў Мінску. Толькі пасля правільна назначанага лячэння наступіла працяглая рэмісія.
— Калі выхоўваеш дзіця, трэба ўмець быць доктарам, поварам, настаўнікам, клоўнам, кім заўгодна, — гаварыла Наталля. — Пасля Руслана мне ўжо не страшна нічога. Нягледзячы на тое, што з ім працавалі псіхолагі, ён даваў жару і дома, і ў школе. Я ледзьве адстаяла, каб яго не адправілі ў спецыяльную ўстанову. «Ты разумееш, куды мог трапіць і што з табой было б?!» — даводзіла яму.
З таго часу паводзіны Руслана рэзка змяніліся. Калі паступіў у Пастаўскі дзяржаўны каледж, праблем з ім ужо не было ніякіх. Разам з Машай хадзіў у касцёл і на заняткі рэлігіі, прыслужваў ксяндзу і нават марыў стаць святаром. Аднак маці параіла спачатку набыць якую-небудзь спецыяльнасць. Пасля заканчэння каледжа паступіў у БАТУ, але пасля першага курса пакінуў універсітэт. Зараз працуе на МАЗе, атрымаў інтэрнат. Плануе вучыцца завочна.
Неспадзяванае папаўненне
Калі Маша і Руслан выраслі (у іх розніца ва ўзросце ўсяго паўгода) і паступілі на вучобу (Маша — у слуцкі каледж, Руслан — у пастаўскі), Наталля Анатольеўна вырашыла, што больш не будзе браць прыёмных дзяцей. Не атрымалася!
— У нас, у сацыяльным прытулку, ёсць вельмі добры сямігадовы хлопчык, які хоча трапіць у сям’ю. Пазнаёмцеся — і ў вас душа растае, — угаворвала яе галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Марына Танона.
Наталля расказала пра прапанову Машы і Руслану — і яны як згаварыліся: «Хочам малодшага браціка! Будзем дапамагаць» (Наташынай маці к таму часу ўжо не было ў жывых). І яна здалася, пра што ніколькі не шкадуе.
— Дзяніска вельмі ласкавы, — дзеліцца прыёмная мама. — Абдыме, пацалуе: «Мамачка, як я цябе люблю!» Здаецца, ён абхапіў бы сваім сэрцам увесь свет.
Калі Руслан паехаў на вучобу ў Мінск, зноў жа па просьбе Марыны Таноны Наталля Анатольеўна прытуліла яшчэ аднаго хлопца. Даніл пражыў у яе сям’і паўтара года, пакуль не скончыў 11 клас. Старанны, самастойны, працавіты. Школу скончыў з сярэднім балам 8,3. «Як я вас люблю!» — падбег на лінейцы з нагоды апошняга званка да прыёмнай маці. «А я цябе, Данілка, яшчэ больш», — да слёз расчулілася тая.
Мінулым летам хлопец паступіў на гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. А пад апеку Наталлі трапіла яго родная сястра Ліза, якая да гэтага выхоўвалася ў іншай прыёмнай сям’і.
— Дзяўчынцы трынаццаты год, і яна шукае сябе як асобу, — канстатуе Наталля. — Пакуль не раскрылася цалкам і для мяне, але ўжо заявіла, што таксама стане прыёмнай мамай. Разам з Дзянісам наведвае заняткі рэлігіі пры касцёле, абое дапамагаюць мне ў дамашніх справах.
Не асуджае
«Не судите, да не судимы будете» — ёсць біблейскі выраз. Яго і прытрымліваецца Наталля. Яна не асуджае біялагічных мам сваіх прыёмных дзяцей, а кантактуе з імі. Напрыклад, Руслан не ведаў сваёй мамы і вельмі хацеў яе знайсці. Знайшла ў «Аднакласніках». Напісала: «Калі хочаш убачыць свайго сына, прыязджай». І жанчына прыязджала, пасля чаго Руслан стаў падтрымліваць з ёй сувязь.
Яшчэ адной маме прыёмная сказала так: «Я выхаваю твайго сына. Але падумай пра сябе. Калі не кінеш піць, да чаго дакоцішся?» Дазваляе ёй бачыцца з сынам, нават запрашае на яго дзень нараджэння. Толькі з адной умовай — каб прыходзіла ў цвярозым стане. Трэцяя гора-маці зараз цяжка хварэе. Наталля бачыць, як перажывае з-за гэтага яе дачка, і дазваляе дзяўчынцы наведваць маму, бачыцца з бабуляй.
— Я шкадую гэтых няшчасных жанчын, якім Бог даў такі цудоўны падарунак — дзяцей, але яны не даражаць ім, — заключае мая суразмоўца.
«Усе яны – мае дзеці»
Наталля сагравае сэрцам і клапоціцца матэрыяльна пра ўсіх дзяцей, каго прыняла ў свой дом. На маё пытанне, чаму яна аформлена на паўстаўкі, а не на поўную стаўку прыёмнай маці і працягвае працаваць на малочным заводзе аператарам вакуумнай устаноўкі на лініі ўпакоўкі сыроў, адказала:
— Я не гатовая пакінуць прадпрыемства, на якім працую ўжо каля 30 гадоў. У мяне добрая зарплата, дзякуючы чаму магу больш даць сваім дзецям. Ім жа хочацца мець усё тое, што маюць равеснікі. Сябе абмяжую, а дзецям куплю. Дзякуй знаёмым прадпрымальнікам, якія гандлююць на рынку і ў магазінах. Яны і ў растэрміноўку тавар адпускаюць, і скідкі робяць. А якую вялікую падтрымку аказвае завод у выглядзе сацыяльнага пакета, дапамогі пры падрыхтоўцы да школы, падарункаў к Новаму году, прафсаюзных экскурсійных паездак!
У кастрычніку бягучага года Наталлі споўнілася 50. «Адсвяткавала юбілей з дзецьмі. Усе сабраліся, і нам так хораша было разам! — свецяцца радасцю яе вочы. — І Новы год, як заўсёды, будзем сустракаць разам».
Пытаюся ў жанчыны, як яна праводзіць водпуск, і чую ў адказ: «Мне не да водпускаў, і на бальнічным апошнія 5 гадоў не была ні разу, хоць праблемы са здароўем маю. Але трэба падымаць дзяцей, і гэта трымае ў тонусе».
Пасляслоўе
Пасля сустрэчы з Наталляй Сцяпанавай мяне перапаўнялі эмоцыі. Думалася, як шмат сярод нас тых, хто жыве толькі сваімі інтарэсамі ды яшчэ наракае, што ўсё дрэнна і цяжка, хто ніколі не задумваўся пра тое, каб дапамагчы іншаму, тым больш — ашчаслівіць. А гэта кволая з выгляду, сціплая жанчына з добрым сэрцам узяла на сябе такую складаную ношу, столькі перацярпела і церпіць, выхоўваючы дзетак, якіх пакінулі родныя мамы, і са светлай усмешкай гаворыць: «Яны мне больш патрэбныя, чым я ім. Не ўяўляю, як бы я прыходзіла ў пустую кватэру…»
Не пабаюся высокіх слоў — гэта не проста самаахвярнасць, а сапраўдны мацярынскі подзвіг.
Фаіна Касаткіна
Фота даслала Наталля Сцяпанава





