От всей души: визит к ветеранам труда Елене и Михаилу Макрушам, чья жизнь — урок для молодых

Общество

Нядаўна я пазнаёмілася са сціплымі вяскоўцамі з Юнек, ветэранамі працы Аленай і Міхаілам Макрушамі. Завітала да іх у межах акцыі «Ад усёй душы» разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіліем Катовічам.

— Алена Данілаўна і Міхаіл Іосіфавіч — мае былыя суседзі, — расказваў па дарозе Васілій Катовіч. — Але не таму еду да іх з віншаваннямі і падарункам. Макрушы ў параўнанні з іншымі сем’ямі ў сельскай гаспадарцы адпрацавалі найдаўжэй: жонка — ветфельчарам, муж — вадзіцелем.

Дагледжаныя цагляны дом і гаспадарчыя пабудовы, уздоўж агароджы расце малады сад, парадак на панадворку — усё гэта сведчыць пра тое, што тут жывуць сапраўдныя гаспадары. Усхваляваныя нечаканым візітам, муж з жонкай гасцінна сустрэлі нас на парозе, узрадаваліся сустрэчы з земляком. Выслухаўшы віншаванні і прыняўшы падарунак, прыселі пагаварыць. Колькі было ўспамінаў!

Міхаіл Іосіфавіч родам з Пятраг. Працоўную дзей­насць пачынаў прычэпшчыкам. Затым вывучыўся на трактарыста, і яго прызвалі на тэрміновую службу.

— 10-месячныя сяржанцкія курсы праходзіў у гора­дзе Востраве Пскоўскай вобласці, — расказваў. — Адтуль накіравалі ў Плісецк. Адслужыў тры зімы і тры вясны. Загад аб скарачэнні тэрміну з трох да двух гадоў выйшаў якраз тады, калі я дэмабілізаваўся. Не стаў шукаць лёгкага хлеба, а вярнуўся на зямлю сваіх бацькоў. Скончыў вадзіцельскія курсы пры ДТСААФ і як сеў за баранку аўтамабіля, так і круціў яе да выхаду на пенсію.

От всей души: визит к ветеранам труда Елене и Михаилу Макрушам, чья жизнь — урок для молодых

Цяпер работа большасці вадзіцеляў гаспадарак страціла тую рамантычнасць, якая была ў савецкія часы. Міхаілу Макрушу нярэдка даводзілася ездзіць у розныя рэспублікі СССР, і ён часта ўспамінае шляхі-дарогі, па якіх пакалясіў.

Алена Данілаўна вывучылася на ветфельчара ў Лужаснянскім сельскагаспадарчым тэхнікуме і таксама вярнулася на ра­дзіму. Макрушы з таго пакалення, каму ў маладосці давялося працаваць не пакладаючы рук. Вытокі гэтай працавітасці, простай жыццёвай мудрасці, якую зараз многія ў сваім жыцці замянілі на халодны разлік, — з дзяцінства.

— Мы як ніхто іншы ведаем цану сельскагаспадарчай працы, — гаварыла Данілаўна. — Мне было 14, калі памёр тата. У сям’і падрасталі яшчэ два браты. Жылося цяжка. Палягчэла, калі выйшла замуж. Міша браў на сябе асноўныя клопаты па гаспадарцы, мне хапала спраў калгасных.

У ААТ «Сцяг Перамогі-­агра» на той час утрымлівалася больш за 5 200 галоў буйной рагатай жывёлы. Ветфельчар старалася пабываць на кожнай ферме. Шмат кароў, свіней, авечак трымалі тады на ўласных падвор’ях. Не раз здаралася, што стомленая пасля асноўнай работы Алена Макруш толькі засынала, як раздаваўся стук у дзверы — патрабавалася дапамога скаціне вяскоўцаў. І тая падхоплівалася і спяшалася за тым, хто яе клікаў. Жыццёвы прынцып жанчыны: да людзей трэба ставіцца так, як хочаш, каб яны адносіліся да цябе.

54 гады Алена і Міхаіл Макрушы крочаць па жыцці поплеч, з павагай адно да аднаго і нязгаснай іскрай кахання. Яны выхавалі цудоўных дзяцей — сына Сяргея і дачку Марыну, якія маюць свае сем’і. Для іх ­бацькі сталі ўзорам адказных адносін да працы, гаспадарання на зямлі, а галоўнае — прыкладам сямейнага жыцця. Алена Данілаўна і Міхаіл Іосіфавіч ганарацца сваім годным працягам — трыма ўнукамі і праўнукам.

— За плячыма ў нас доўгае і няпростае жыццё, — гаварыла гаспадыня. — Мы вельмі цэнім сённяшні дзень — пад мірным небам, з дастаткам. Радуемся, што мара, каб дзеці і ўнукі жылі лепш, чым мы, збылася.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.