Уроки в колледже: учащиеся 11 класса СШ №3 осваивают рабочие профессии

Образование

Пра тое, што ў Беларусі вельмі запатрабаваныя рабочыя кадры, гаворыцца не першы год і на розных узроўнях. Дэфіцыт прадстаўнікоў шэрага прафесій дзяржава спрабуе ўхіліць у тым ліку праз асваенне школьнікамі ў межах прадмета «Працоўнае навучанне» адукацыйнай праграмы прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых).

У ліку больш чым 36 тысяч навучэнцаў 10—11-х класаў рэспублікі яе асвойвае група 11-класнікаў пастаўскай СШ №3. Гэта 5 хлопцаў і 6 дзяўчат, якія ўсе прадметы ў школе вывучаюць на базавым узроўні. Кожныя пятніцу і суботу яны прыходзяць у Пастаўскі дзяржаўны каледж, дзе атрымліваюць прафесіі слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 1-га разраду і прадаўца 4-га разраду.

Уроки в колледже: учащиеся 11 класса СШ №3 осваивают рабочие профессии

— Школьнікі навучаюцца ў нас 6 гадзін на тыдзень: 2 — у пятніцу і 4 — у суботу, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-вытворчай рабоце Наталля Лятоха. — Займаюцца па тых жа праграмах і вучэбным плане, што і падлеткі, якія паступаюць у каледж пасля 9 класаў. У іх тыя ж самыя выкладчыкі спецпрадметаў і майстры вытворчага навучання. Розніца толькі ў тым, што ў вучняў 3-й школы менш гадзін тэорыі, а больш практыкі. Якраз цяпер яны праходзяць апошнюю перад выпускам вытворчую практыку, дзяўчаты — на гандлёвых аб’ектах горада, хлопцы — на базе каледжа, паколькі наша матэрыяльна-тэхнічная база дазваляе прайсці практычны курс навучання па спецыяльнасці «Слесар». У маі будуць здаваць кваліфікацыйны экзамен і атрымаюць пасведчанні з прысваеннем разраду.

Такі від падрыхтоўкі Пастаўскі дзяржаўны каледж ажыццяўляе з 2022 года. Амаль усе школьнікі, якія прайшлі яе, паступілі ў вышэйшыя або сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы на розныя спецыяльнасці. Рабочая прафесія для іх — магчымасць працаўладкавацца ў выпадку непаступлення. Акрамя таго, многія выпускнікі падпрацоўваюць па ёй падчас студэнцтва. Асабліва часта гэта робяць дзяўчаты.

Вось і большасць 11-класнікаў, якіх застала на практыцы ў каледжы, не збіраюцца звязваць сваё жыццё з рамонтам сельгасмашын. Пры гэтым зазнача­юць: набытыя тут веды не будуць лішнімі. У кожнага ў далейшым абавязкова з’явіцца ўласны аўтамабіль, яго трэба будзе рамантаваць і абслугоў­ваць. А гэта намнога прасцей, калі разбіраешся ва ўстройстве тэхнікі. З пяці юнакоў развівацца ў згаданай прафесіі хоча толькі Ілья Альфер.

— Мне падабаецца тэхніка, — кажа ён. — Планую паступаць у ВНУ на тэхнічную спецыяльнасць. Куды менавіта — пакуль выбіраю.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.