Алену Хмяльніцкую на Пастаўшчыне ведаюць многія: яна 11 гадоў з’яўлялася псіхолагам цэнтральнай раённай бальніцы. У 2021-м з прычыны хваробы старэйшай дачкі была вымушана пакінуць работу. Спадзяецца, не назаўсёды, бо псіхалогія застаецца неад’емнай часткай яе жыцця.
— Мне пашанцавала, што выбрала прафесію, якая цалкам захапіла, — прызнаецца Алена. — Я і зараз сачу на сайце Міністэрства аховы здароўя, якія новыя загады, што датычаць псіхалогіі, там з’яўляюцца, на маркет-плэйсах заказваю адпаведную літаратуру і чытаю яе. Не магу без гэтага! Вельмі любіла сваю работу ў бальніцы. Пацыенты былі розныя і розныя сітуацыі. У тым ліку даводзілася праводзіць даабортнае кансультаванне жанчын, якія збіраліся перарваць цяжарнасць. Цікавілася прычынамі, старалася зразумець псіхаэмацыянальны стан пацыенткі, расказвала пра медыцынскія, псіхалагічныя наступствы аборта, пераконвала адмовіцца ад непапраўнага. І колькі было радасці, калі гэта ўдавалася! Тады ў журнале ўліку пацыентаў насупраць прозвішча цяжарнай жанчыны я малявала ўсмешку. І такіх усмешак засталося шмат.
Сама Алена першую дачушку, Палінку, нарадзіла 20 гадоў назад. Цяжарнасць праходзіла без ускладненняў, нават таксікоз не даймаў. Дзіця нарадзілася здаровым, але літаральна праз месяц, пасля першай планавай прышчэпкі, з’явілася неўралагічная сімптаматыка. Немаўля паставілі на ўлік да неўролага.
Садок Палінка наведвала, а вось сярэднюю школу скончыла на надомным навучанні. Бацькі бязмежна ўдзячныя настаўніцам Святлане Недзведзь і Ірыне Міхалевіч, якія давалі дзяўчынцы не толькі веды, але і цеплыню сваіх сэрцаў. Калі ёй споўнілася 16, узніклі праблемы з жыццёва важнымі органамі. Патрабавалася працяглае лячэнне ў стацыянары.
— Два гады мы з Палінкай правялі ў 2-й дзіцячай клінічнай бальніцы ў Мінску, — расказвала маці. — Яна перанесла мноства аперацый. Я заўсёды была побач (палата 2 на 2 метры), усімі сіламі падтрымлівала яе. Мне шанцуе на добрых людзей. Вельмі ўдзячная ўрачам Пастаўскай ЦРБ, асабліва нефролагу Вользе Касцень і ўсяму калектыву аддзялення за пастаяннае назіранне за Палінай і аказанне кансультатыўнай дапамогі. І ў Мінску ніхто з дактароў ніколі не сказаў мне «не», нават на прыём да прафесара трапляла без усялякіх цяжкасцей, адкрыта абмяркоўвала з ім усе свае страхі і трывогі за Палінку і атрымлівала дапамогу.
Дадому за два гады яна прыязджала з Мінска разоў 15. Самае сумнае, што не бачыла, як расце малодшая дачушка, Ліза, якой на той час было 9 гадоў. Клопат пра Лізу цалкам узялі на сябе муж Жэня і свякроў Алена Яўгеньеўна, за што Алена бязмежна ўдзячная ім. Заўсёды і ва ўсім падтрымлівае дачку і дапамагае ёй маці Вольга Аляксандраўна.
Зараз Паліна дома. І гэта вялікая радасць для яе і родных. Ва ўтульнай сямейнай атмасферы дзяўчына аднаўляецца фізічна і псіхалагічна. Найбольшае яе захапленне — чытанне. Падбіраць кнігі дапамагае мама. Перавагу аддаюць глыбокай літаратуры. Запала ў душу кніга амерыканскай пісьменніцы Элінор Портар «Поллианна». Паліна атаясамлівае сябе з галоўнай гераіняй — простай, добрай, пазітыўнай дзяўчынкай, якую не могуць зламаць ніякія цяжкасці і якая сваім прыкладам паказвае, як у кожным моманце трэба радавацца жыццю.
І Паліна радуецца. Яна кантактная, светлая, аптымістычная, з пачуццём гумару. Ва ўсім бачыць дабрыню і прыгажосць. Цудоўныя ўзаемаадносіны паміж сёстрамі. Ліза ходзіць у 7 клас СШ №1, добра вучыцца. З 6-гадовага ўзросту займаецца ў цыркавой студыі «Каскад» і выдатна сябе праяўляе ў ёй. Марыць паступіць у маскоўскае цыркавое вучылішча. Самастойная, адказная, захопленая дзяўчынка.
Адкуль, як не з сям’і, не з прыкладу бацькоў, гэтыя якасці? Алена і Яўгеній выраслі ў Паставах, а пазнаёміліся ў Віцебскім дзяржаўным педагагічным універсітэце. Студэнцкае сяброўства перарасло ў каханне. Атрымаўшы дыпломы, згулялі вяселле. Маладым вельмі хацелася мець уласнае жыллё, і ім пашанцавала атрымаць усяго пад 1% дзяржаўны крэдыт на 40 гадоў на будаўніцтва кватэры, у якой і жывуць і якую ператварылі ва ўтульнае сямейнае гняздо.
— Лена — клапатлівая жонка і маці, выдатная гаспадыня, творчы, адукаваны чалавек. Мы 20 гадоў у шлюбе і ні разу моцна не пасварыліся, — дзяліўся Яўгеній. А Алена, расказваючы пра тое, які Жэня здабытчык для сям’і, нястомны працаўнік, любячы тата і муж, падкрэсліла, што ён увасабляе сабой надзейнасць і бяспеку. Напэўна, таму і прафесію выбраў адпаведную: нягледзячы на тое, што мае дыплом настаўніка фізкультуры, стаў ратаўніком і працуе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях.
— Што да канфліктаў, то іх у нас, сапраўды, не бывае, — пацвердзіла Алена. — Калі мне або Жэню штосьці не падабаецца, мы не маўчым, а абмяркоўваем пытанне і знаходзім яго рашэнне. Вучым жыць у праўдзе і сваіх дачушак. А яшчэ — не саромецца прасіць дапамогі, калі яна патрабуецца. Вельмі важна разумець сябе. Калі ў сэрцы ёсць любоў, то ўсё атрымліваецца.
Алена ўсё робіць з любоўю, у тым ліку і ўпрыгожвае кватэру ў адпаведнасці з парой года. Калі я завітала да Хмяльніцкіх, у іх яшчэ красавалася навагодняя ёлка, на вокнах калыхаліся выразаныя з паперы бухматыя сняжынкі.
— Іх падарыла нам Аня Жук, — патлумачыла гаспадыня. — Яна — хросная маці Паліны, мы з ёй даўно сябруем. Упрыгожваем не толькі сваё жыллё, але і касцёл, вернікамі якога з’яўляемся. А як любім, слухаючы музыку, гатаваць пірагі, мядовыя пернікі, іншую смакату! Тады здаецца, што спыняецца час…
Гаспадыня вырошчвае шмат кветак. З вясны да позняй восені рознымі фарбамі квітнее балкон кватэры на трэцім паверсе, і гэтым любуюцца многія. А два гады таму Хмяльніцкія купілі дом у Куртах і абуладкоўваюць яго пад дачу. Работы шмат, фінансавых затрат — таксама, але дача стала любімым месцам для сям’і.
— Нягледзячы на дыягназ Паліны, я шчаслівая, — кажа Алена. — Не ведаю, што будзе заўтра, але сёння гэта так. Жыву тут і зараз. Калі са здароўем родных узнікаюць праблемы, мабілізую ўсе рэсурсы арганізма і максімальна стараюся іх вырашаць. Усё іншае неістотнае, калі твае базавыя патрэбы закрытыя, калі засынаеш і прачынаешся пад мірным небам, калі побач з табой любімыя родныя людзі. Чаго яшчэ трэба жадаць?
Бліц-апытанне
— Што важней — кар’ера або сям’я?
— Важна і тое, і другое. Поспех у кар’еры дае сям’і дабрабыт, а сям’я — любоў блізкіх, клопат і падтрымку. Важна захаваць баланс.
—У яе дабрыні і натуральнасці.
—Усё сваё чараўніцтва скіравала б на тое, каб паўсюль на зямлі быў мір, каб не хварэлі і не гінулі дзеці.
Фаіна Касаткіна
Фота з архіва сям’і Хмяльніцкіх








