Чарговы, 8 тур першынства ў 1-й лізе прайшоў у двух гарадах краіны — Салігорску і Віцебску. Гульні ў сталіцы перанеслі з-за ўдзелу мінчан у міжнародным турніры ў Расіі. Пастаўчане правялі ў абласным цэнтры два вельмі напружаныя паядынкі з клубамі Гомельшчыны і засталіся ў групе лідараў.
У першы гульнявы дзень «Атлант» змагаўся з лідарам чэмпіянату — гомельскім «Газавіком». Нягледзячы на адсутнасць асноўнага распасоўшчыка Руслана Сімагасціцкага, пастаўчане выставілі аптымальны склад. Вопытны Уладзімір Юзвовіч (8 ачкоў) у адзіночку справіўся з арганізацыяй каманднай гульні на працягу двух дзён. Дзякуючы яго падачам у першы дзень нашы змаглі адыграць адставанне ў 6 мячоў і вырваць перамогу ў першым сэце — 25:23.
Напружанае супрацьстаянне доўжылася каля дзвюх гадзін. Сапернік актывізаваўся на блоку і ўскладніў падачы. У заключнай, чацвёртай партыі ішла роўная барацьба, аднак за кошт больш высокага класа «Газавік» змог даціснуць пастаўчан. Выніковы лік — 1:3 (25:23; 20:25; 18:25; 21:25) на карысць гамяльчан.
Самымі актыўнымі ў складзе «Атланта» сталі Аляксандр Пятрэвіч (15 ачкоў), Аляксей Трацэўскі (10) і Міхаіл Маліёнак (6).
Вынікі іншых сустрэч тура: «Віцебск»—«Энергія-2» (Гомель) — 1:3, «Шахтаспецбуд» (Салігорск)—«ВК Мінск-2» — 3:0, «Будаўнік» (Барысаў)—«ВК Магілёў» — 3:2.
Драматычная развязка
Другі гульнявы тур, які ўпершыню праходзіў на пляцоўцы віцебскага ЦСК, стаў для нашай каманды сапраўднай праверкай на трываласць. Пасля серыі няўдач камандзе была неабходная толькі перамога, каб захаваць шанцы на выхад у галоўны фінал.
Драматычны матч супраць гомельскай «Энергіі-2» доўжыўся больш за дзве гадзіны. Героем сустрэчы стаў Аляксандр Пятрэвіч, які запісаў на свой рахунак 25 ачкоў. Менавіта яго ўпэўненая гульня ў атацы і на падачах дазволіла «Атланту» ўзяць першы сэт. Аднак сапернік не здаўся і змог выйсці наперад па партыях — 1:2.
Пералом наступіў у чацвёртым сэце: дзякуючы серыі трапных падач Ягора Дашкевіча і надзейнаму блоку (9 ачкоў за гульню) пастаўчане разграмілі гамяльчан 25:16 і перавялі гульню на тай-брэйк.
Пятая партыя стала пікам напружання. Саступаючы ў самай канцоўцы, нашы валейбалісты праявілі характар. Вырашальныя мячы забілі Дзмітрый Багдзель і Аляксандр Пятрэвіч, а фінальную кропку ў матчы паставіў Міхаіл Маліёнак. Вынік — валявая перамога 3:2 (25:23; 22:25; 23:25; 25:16; 21:19).
Турнірнае становішча наступнае: лідзіруе ў чэмпіянаце «Газавік-Гомель» (35 ачкоў), «Атлант» з 27 баламі замацаваўся на другім радку турнірнай табліцы.
Наступны тур падапечныя Паўла Вавінскага правядуць 7—8 лютага ў Мінску, дзе сустрэнуцца з дублёрамі з Барысава і сталічнага «ВК Мінск».
Уладзімір Шык
Фота Інэсы Лабуць

