Унікальнае пано ў выглядзе карты раёна задумалі стварыць кіраўнік народнай студыі «Майстры» Дома рамёстваў «Стары млын» Алена Крывенькая і майстар Крысціна Брэская. Свой праект яны прэзентавалі ў раённым Доме культуры падчас урачыстага сходу па падвядзенні вынікаў работы народнагаспадарчага комплексу Пастаўшчыны за мінулы год.
Ручное ткацтва з’яўляецца адным з традыцыйных элементаў народнай прыкладной творчасці. Уменне ім валодаць даўней лічылася абавязковым для кожнай жанчыны, бо асноўную частку пасагу складалі вырабленыя сваімі рукамі пасцельная бялізна, вопратка, іншыя неабходныя ў быце рэчы.
— Ахвотных зрабіць свой уток у гістарычную работу на свяце было нямала, — расказвала Алена Крывенькая. — Людзі з задавальненнем падыходзілі, глядзелі, распытвалі, як пераплятаць ніткі, каб атрымаўся задуманы ўзор. І хоць не вельмі разумелі сам працэс, спрабавалі паўтарыць тое, што мы ім паказвалі.
У фае Дома культуры на простым для ткацтва прыстасаванні — бёрдзе — ткалі невялікія элементы паясоў, з якіх потым будзе выкладзена карта. Гэты працэс захапіў не толькі жанчын, але і мужчын. Сярод першых свае ўтокі зрабілі тэхнолаг Пастаўскага мэблевага цэнтра, лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны-2025» Арцемій Грабеннікаў, начальнік Пастаўскага раённага вытворча-збытавага ўчастка філіяла «Энергазбыт» Сяргей Захарэвіч, ваеннаслужачыя.
Даведаўшыся пра незвычайны праект, многія ім зацікавіліся. Не змаўкаюць тэлефонныя званкі ў Доме рамёстваў ад ахвотных паўдзельнічаць у праекце. На ўдзел у стварэнні карты раёна ўжо запісаліся работнікі бібліятэчнай сістэмы, прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне і іншыя. Аўтары задумы Алена Крывенькая і Крысціна Брэская і самі завітаюць у арганізацыі і на прадпрыемствы, каб на месцы правесці майстар-клас па ткацтве.
Работа над пано будзе доўжыцца да снежня. Таму ў кожнага ёсць час, каб «укінуць» свой уток у гісторыю Пастаўшчыны.
Анна Анішкевіч
Фота Наталлі Налей, Людмілы Зелянкевіч і Алы Чарнюк









