Юныя прыхільнікі беларускага фальклору, якія вывучаюць і папулярызуюць аўтэнтычную культуру Пастаўшчыны, 14 лютага паспяхова выступілі на традыцыйным абласным аглядзе-конкурсе фальклорнага мастацтва дзяцей і моладзі «Ад прашчураў да зор» у Расонах.
У конкурсе сёлета ўдзельнічала больш за 20 калектываў з 19 раёнаў Віцебшчыны. У намінацыі «Выкананне на народных інструментах» у катэгорыі «Ансамблевае інструментальнае выканальніцтва» дыплом лаўрэата I ступені заваявалі ўдзельнікі ансамбля «Пастаўскія цымбалісты» Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза цымбалісткі Ксенія Трафімава, Вера Чагарына і гарманіст Антон Зарэцкі. Антон бліскуча прадэманстраваў свой талент і ў катэгорыі «Сольнае інструментальнае выканальніцтва» і стаў уладальнікам дыплома I ступені.
У конкурсе народнай прозы «Дар продкаў» лаўрэатам II ступені стаў Данііл Дашчынскі, які эмацыянальна расказаў казку пра Дурнішчу, запісаную ад жыхаркі вёскі Манеўшчына Надзеі Гродзь.
У выставачным праекце «Мудрасць стагоддзяў» традыцыйныя рамёствы прадэманстравалі ўдзельнікі гурткоў па народным роспісе і саломапляценні Дома рамёстваў «Стары млын» Анастасія Марціновіч і Дар’я Салавей.
Віншуем таленавітых дзяцей — пераемнікаў самабытных традыцый малой радзімы! Вельмі добра, што яны з дзяцінства цікавяцца спадчынай продкаў, засвойваюць яе і папулярызуюць.
Падрыхтавала Анна Анішкевіч


