Механик, сапер, семьянин. История поставчанина Александра Чагарина

Общество

«Я звычайны чалавек, ніякага подзвігу не здзейсніў. Што пра мяне пісаць?» Так адрэагаваў на мой званок пастаўчанін Аляксандр Чагарын. Аднак я ведала: ёсць пра што! Падказала гэта адна з чытачак «ПК» — былая калега Аляксандра Іванавіча.

Стаў не музыкантам, а механікам

Ён вырас у вялікім — 5 600 жыхароў — сяле ў Хмяльніцкай вобласці Украіны. Бацька — украінец, маці — руская. Вельмі любіў іграць на акардэоне. Скончыў музычную школу і марыў стаць прафесійным музыкантам. Аднак у музычнае вучылішча не паступіў, а ў інстытут культуры спазніўся падаць дакументы.

Механик, сапер, семьянин. История поставчанина Александра Чагарина

— Вярнуўся дадому з акардэонам за плячыма і паніклай галавой, — успамінае Аляксандр Іванавіч той час. — Не ведаю, чым бы заняўся, калі б у райваенкамаце не прапанавалі паступіць у Хмяльніцкую марскую школу ДТСААФ, дзе рыхтавалі электрамеханікаў для надводных караблёў і марской авіяцыі. Пасля заканчэння гэтай школы два гады адслужыў у марской авіяцыі на Паўночным флоце.

Курс – на Беларусь

Тэрміновая служба завяршалася. Трэба было вызначацца з далейшым жыццёвым шляхам. Аляксандр хацеў працягваць вучыцца, але і музыка, і школьная праграма падзабыліся.

Падчас кароткатэрміновага водпуску марак паехаў у госці да сваякоў, якія жылі недалёка ад беларускага горада Горкі. А ў Горках — сельскагаспадарчая акадэмія. Чаму б не паспраба­ваць паступіць туды?

Звольніўшыся са службы, падаў дакументы ў акадэмію. І паступіў! Высокіх балаў на ўступных экзаменах не набраў, але ў яго як у дэмабілізаванага вайскоўца былі льготы. У адной групе з Аляксандрам на гідрафаку займалася дзяўчына з Пастаўшчыны. Таццяна паступіла ў акадэмію пасля 10-месячных падрыхтоўчых курсаў, вучоба давалася ёй лягчэй, таму яна ахвотна дапамагала Аляксандру. Паміж юнаком і дзяўчынай зарадзілася сімпатыя, якая перарасла ў каханне. На чацвёртым курсе яны пажаніліся. Вяселле гуляла ўся група, прыехалі і бацькі маладажонаў.

Механик, сапер, семьянин. История поставчанина Александра Чагарина

І ўсё ж армія

Абое маладыя спецыялісты па размеркаванні прыехалі на работу ў Навадруцкую ПМК. Таццяну назначылі інжынерам па перадавых метадах работы, Аляксандра — майстрам. Вы­дзелілі кватэру, але яна была такой запушчанай і халоднай (пры наяўнасці батарэй цэнтральнага ацяплення), што давялося самім класці печку.

У Навадруцку не затрымаліся: Таццяна праз некалькі месяцаў пайшла ў дэкрэтны водпуск, Аляксандр — у армію.

— Мой дзядуля быў сапёрам на фронце, усё жыццё пражыў з асколкам у назе, — узгадваў ён. — У нас дома часта збіраліся былыя франтавікі. Хлапчуком заслухоўваўся іх расказамі. Магчыма, таму хацеў стаць калі не музыкантам, то ваенным.

Ён двойчы паступаў у ваеннае вучылішча і двойчы не прайшоў медкамісію. А ў Паставах з’явіўся шанс. У снежні 1983-га Аляксандра прызвалі на службу ў 32-ю ракетную дывізію. Арміі аддаў 10 гадоў, з іх 4 служыў у сапёрным батальёне, вырас ад лейтэнанта да маёра. Кіраваў будаўніцтвам жылля, мастоў, дарог, іншых аб’ектаў ваеннага прызначэння. Быў інжынерам па тэхнаглядзе, пазней — галоўным інжынерам аддзела капітальнага будаўніцтва дывізіі.

Механик, сапер, семьянин. История поставчанина Александра Чагарина

Не простае, а ўзважанае рашэнне

Ён служыў бы і далей, але пасля распаду СССР у 1993 годзе дывізію расфарміравалі. Афіцэрам і прапаршчыкам прапанавалі перавесціся на службу ў горад Канск Краснаярскага краю.

— Уявіце: у нас двое дзяцей, чатырохпакаёвая кватэра ў Паставах, сябры, у Тані добрая работа ў аддзеле эканомікі райвыканкама, у Тузбіцы — яе бацькі, якія дапамагаюць нам, а мы — ім, — расказваў мой суразмоўца. — Адным словам, жыццё, якое цалкам задавальняла. Дык хіба варта было яго мяняць? І мы вырашылі застацца.

Звольніўшыся з арміі, Аляксандр не сядзеў без справы. Землеўпарадчык Шыркаўскага сельскага Савета, галоўны інжынер на будаўніцтве АДРАЦ «Ветразь», галоўны інжынер па кантролі за будаўніцтвам Пастаўскага аддзялення Белаграпрамбанка — усюды праяўляў адказнасць і кампетэнтнасць.

— Толькі спроба заняцца бізнесам не ўдалася — прагарэў, — прызнаецца. — Але не шкадую, што паспрабаваў. Пераканаўся, што не маё, і супакоіўся.

А як інакш?

40 гадоў у каханні і згодзе пражылі Аляксандр і Таццяна Чагарыны. У лістападзе 2020-га яе жыццёвы шлях абарваўся.

—10 апошніх гадоў Таня моцна хварэла, — расказваў Аляксандр. — У якія толькі бальніцы мы яе ні вазілі, да якіх толькі ўрачоў ні звярталіся па дапамогу — не выратавалі…

Таццяне быў адмераны лёсам усяго 61 год. А яе маці, Вінцэнціне Адольфаўне, ужо 93. Яна жыве пры зяцю. Мыццё бялізны, гатаванне страў, уборка кватэры, догляд бабулі — яго клопат. Пра тое, каб аформіць жанчыну ў кругласутачнае аддзяленне ТЦСАН, ён і слухаць не хоча. Кажа: «Таня была ў бацькоў адна. Яны цяжка працавалі, трымалі шмат скаціны. Усё — мясныя і малочныя прадукты, агародніну, грошы — аддавалі нам і ўнукам. У 1993-м бацька раптоўна памёр, а ў маці вось такі доўгі век. І мой абавязак — дагледзець яе да скону дзён».

Берагуць Чагарыны і дом у Тузбіцы: наводзяць ля яго парадак, садзяць агарод. Трымаюць там невялікую пасеку. Аляксандр Іванавіч з радасцю праводзіў бы ў вёсцы ўсё лета, але як пакінеш бабулю адну?

Перадалося з генамі

Сёння найбольшая радасць Аляксандра Іванавіча — сыны, нявесткі і ўнукі. Старэйшы сын, Максім, скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, працуе дырэктарам ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Яго жонка Юля — начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах мола­дзі Пастаўскага райвыканкама. Малодшы сын, Іван, скончыўшы факультэт навукова-прыкладной хіміі Белдзяржуніверсітэта, працаваў у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. Але ў далейшым яго прывабіла ІТ-сфера, у якой зараз і працуе разам з жонкай. Жывуць у Рызе.

— А ці перадалася каму з сыноў і ўнукаў любоў да музыкі? — пацікавілася ў Аляксандра Іванавіча.

— А як жа! — заіскрыліся яго вочы. — І Максім, і Ваня скончылі музычную школу, граюць на акардэоне. Сёлета заканчвае Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе цымбалаў унучка Вера. Мне хочацца, каб і далей яна пайшла па музычнай лініі. Унук Вова — другакурснік музычнага каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Двойчы перамагаў у конкурсах імя Жыновіча, летась заваяваў 1-е месца ў конкурсе народных інструментаў, які прахо­дзіў у Санкт-Пецярбургу. Грае на музычных інструментах і дачка Вані, Юнона, а сын Елісей ахвотна ўдзельнічае ў мастацкай сама­дзейнасці. Мяне гэта вельмі радуе.

P.S. Вось і мяркуйце самі: варта было журналісту або не прыслухацца да падказкі чытача і пагутарыць з чалавекам пра старонкі яго жыцця? Мне здаецца, яны змястоўныя…

Фаіна Касаткіна



Tagged

1 комментарий по теме “Механик, сапер, семьянин. История поставчанина Александра Чагарина

  1. Правдивая история про очень хорошего человека, ставшего для меня очень близким и родным, сватом.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.