Минус 28, 6.30 утра: как работает автомагазин для самых отдаленных деревень

Общество

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 5 верасня 2024 года №309 «Аб падтрымцы арганізацый спажывецкай кааперацыі» Пастаўскі філіял Віцебскага абласнога спажывецкага таварыства набыў у лізінг 6 новых аутамагазінаў «МАЗ-Купава». Яны абслугоўваюць 395 вёсак у раёне. У некаторых пражывае па 2-3 чалавекі.

На тэрмометры — мінус 28. На гадзінніку — 6.30. У аўтапарку Пастаўскага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства пачынаецца рабочы дзень. Сярод тых, хто адным з першых прыхо­дзіць сюды, — вадзіцель аўтамагазіна Юрый Каралёнак. Праз 15-20 хвілін ён забярэ прадаўца Вольгу Маслоўскую, і яны адправяцца загружаць таварам магазін на колах.

Минус 28, 6.30 утра: как работает автомагазин для самых отдаленных деревень

Што патрэбна вяскоўцам? Як і гараджанам, найперш — прадукты харчавання. Вёсачкі апусцелі, магазіны пазакрываліся, таму ўся надзея жыхароў, якія там засталіся, на аўталаўкі ды на паштовую сувязь.

Вольга Маслоўская 20 гадоў працуе прадаўцом аўтамагазіна, добра ведае людзей сваёй зоны абслугоўвання (а гэта 52 вёскі) на тэрыторыях Камайскага і Лынтупскага сельсаветаў. Напрыклад, у аўторак машына накіроўваецца ў Мягуны, Рэдуту, Шудаўцы, Белішкі, Чопанішкі і далей. У сераду — у Лявонавічы, Буцавічы, Ёдаўцы, Гвоздавічы, Навасёлкі, Падвішняк… І так кожны дзень, за выключэннем нядзелі. Вязе людзям хлебабулачныя, мясныя, кандытарскія вырабы, малочную прадукцыю, садавіну, агародніну, яйкі, крупы і многае іншае.

Минус 28, 6.30 утра: как работает автомагазин для самых отдаленных деревень

— Дакладна ведаю, хто што будзе купляць, — расказвала Вольга Іванаўна. — Напрыклад, у Лявонавічы вязём дранікі і катлеты, у Гвоздавічы і Папоўцы — смажаную рыбу, у Мягуны — чабурэкі. Калі летам у вёскі прыязджаюць дачнікі, а на Лынтупшчыне большасць з іх — мінчане, наш тавараабарот прыкметна павялічваецца. Прымаем заяўкі і пры наяўнасці тавару абавязкова іх выконваем. Прывозім вяскоўцам не толькі прадукты, але і корм для іх чатырохногіх гадаванцаў — катоў і сабак.

Пацікавілася ў вадзіцеля і прадаўца, як дабіраліся да вёсак пасля цыклона «Улі», які прайшоўся па нашым раёне і ператварыў дарогі ў глыбокія снежныя сумёты. І пачула ў адказ:

— Мы пастаянна былі на сувязі з дарожнікамі. Яны своечасова расчышчалі дарогі. Калі не змаглі пад’ехаць да Ёдаўцаў, туды аператыўна накіравала трактар ААТ «Камайскі- агра». Над дарогай ад Баяр да Раскошы пад цяжарам снегу так навісала галлё дрэў, што можна было падрапаць машыну. Выручыў мясцовы жыхар Віталій Лявіцкі — спілаваў галлё. І ў іншых месцах адчувалі падтрымку.

Минус 28, 6.30 утра: как работает автомагазин для самых отдаленных деревень

Вольга прызналася, што вырасла ў вёсцы, рана страціла маці і зараз у кожнай пажылой кабеце бачыць яе вобраз. З вялікай павагай ставіцца да сельскіх жыхароў, стараецца зрабіць для іх усё, што ёй пад сілу. Не абмяжоўваецца толькі гандлёвым абслугоўваннем, а адгукаецца на розныя просьбы.

Не менш адказны і ўважлівы да людзей і вадзіцель Юрый Каралёнак. Хаця ён за рулём гэтага аўтамагазіна ўсяго два гады, зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку. Дапамагае прадаўцу загрузіць тавар, пакупнікам — скласці яго і нават данесці дадому. У добрым стане ўтрымлівае машыну. Дарэчы, філіял набыў яе ў лізінг напрыканцы 2024 года. Замацавалі за Каралёнкам, што невыпадкова. Юрый 36 гадоў працуе вадзіцелем у сістэме спажыўкааперацыі, прафесіянал сваёй справы, карыстаецца аўтарытэтам у калектыве.



Каб мець больш поўную карціну пра работу гэтага экіпажа, я патэлефанавала па некалькіх адрасах, якія ён абслугоўвае. Цытую пачутае.

Клаўдзія Акялан, Марына Грэська, в. Лодасі:

Раней нас абслугоўвалі дзве аўталаўкі — філіяла аблспажыўтаварыства і індывідуальнага прадпрымальніка. Пасля снягоў і ў моцныя маразы прадпрымальнік перастаў ездзіць. А са спажыўтаварыства машына прыходзіць кожны аўторак і чацвер, па графіку. Што ёсць на базе, тое і прывозяць. Прадавец і вадзіцель вельмі адказна адносяцца да сваёй справы, мы ім удзячныя.

Юзэфа Рамейка, в. Падвішняк:

У нашай вёсцы ўсяго шэсць чалавек. Вельмі задаволеныя, як нас абслугоўвае прадавец аўтамагазіна Вольга Маслоўская. Адказная, ветлівая, сумленная. Такі ж і вадзіцель Юрый Каралёнак. Магазін на колах прыязджае кожную сераду і суботу. Оля заўсёды тэлефануе: «Мы — у Навасёлках. Чакайце, хутка будзем у вас!» Здаралася, што мне тым часам трэба было адлучыцца з дома па неадкладных справах. Пакідала запіску, які тавар мне патрэбны, грошы, сумку і ключ ад веранды. Вярнуўшыся, знаходзіла пакупкі, чэк на іх і рэшту. Вось такі ў мяне давер гэтым людзям!

Рэгіна Свілоўская, в. Сурвілішкі:

Вось бы ўсе прадаўцы былі такімі ветлівымі, уважлівымі, энергічнымі, як наша Оля! Яна ніколі не павышае голасу. Нават калі які-небудзь пакупнік без настрою ды яшчэ нападпітку, пачынае даймаць, яна ўсё перавядзе ў жарт.

Да Олі можна звярнуцца з любой просьбай, і яна не адмовіць. Спатрэбілася мне цыбуля-сявок, якой не было ў аўталаўцы, то яна недзе ў Паставах купіла і прывезла. Аднойчы я спахапілася, што скончыліся таблеткі — зноў да Олі з просьбай: «Можа, купіш у аптэцы?» Вядома ж, купіла. Дык як не быць удзячнай ёй за ўсё добрае?



І як не верыць такім каментарыям людзей, якія ведаюць жанчыну шмат гадоў? А калі я зачытала іх Вользе Іванаўне, яна ўсміхнулася і сказала толькі адну фразу: «Проста я вельмі люблю людзей і сваю работу». І ні слова пра цяжкасці. А іх нямала.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.