У канцы студзеня ў Віцебску на пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама па падвядзенні вынікаў работы сістэмы за 2025 год былі названы найлепшыя ўстановы Віцебшчыны: дзіцячыя сады, школы, цэнтры дадатковай і спецыяльнай адукацыі і інш., размешчаныя ў горадзе і сельскай мясцовасці. У лік узнагароджаных трапіў і аддзел па адукацыі Пастаўскага райвыканкама.
Ён перамог у намінацыі «Найлепшае структурнае падраздзяленне гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, адміністрацый раёнаў у г. Віцебску, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы адукацыі». Разам з Ганаровай граматай упраўлення начальнік аддзела Павел Трава атрымаў сертыфікат абласнога выканаўчага камітэта на суму 20 тысяч рублёў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы падраздзялення.
Павел Трава, начальнік аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама
— Званне найлепшага — найвышэйшая ацэнка работы ўсёй сістэмы адукацыі Пастаўскага раёна. Крытэрыяў, па якіх выбіралі пераможцу, было вельмі шмат. Улічвалася забяспечанасць устаноў адукацыі кадрамі, іх цякучасць і ўзровень кваліфікацыі, выніковасць удзелу навучэнцаў у прадметных алімпіядах, забяспечанасць месцамі ў дзіцячых дашкольных установах, арганізацыя адукацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і многае іншае. Рады, што ў нас добрыя паказчыкі. Не лішняе і грашовае ўзнагароджанне. Яно будзе выкарыстана па прызначэнні.
Алена Шапавалава

