На Зямлі няма месца, даражэйшага за малую радзіму. Для адных гэта горад, для другіх — вёска, для трэціх — пасёлак або аграгарадок. Малая радзіма — гэта бацькоўскі дом, блізкія людзі, адчуванне цяпла і бяспекі. Праз усё жыццё мы праносім успаміны пра родныя мясціны. Вось як пісаў беларускі класік Якуб Колас:
Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны маёй убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю…
І мы часта ў думках вяртаемся ў мінулае, але жывём сённяшнім. А яно такое, што вёскі пусцеюць, а то і зусім знікаюць. Напэўна, таму чытачам раёнкі так падабаўся наш рэдакцыйны праект «Вёсачка», які на працягу трох гадоў адлюстроўваў на старонках «Пастаўскага краю» жыццё дзясяткаў населеных пунктаў раёна. А сёння мы прапануем вашай увазе новы праект — «Мой родны кут». Фактычна ён стане працягам «Вёсачкі», толькі будзе займаць меншую газетную плошчу. Затое загляне нават у самыя маленькія і аддаленыя куточкі раёна, у якіх жыве хоць некалькі чалавек. Толькі паклічце, як паклікаў у Жалязоўшчыну яе ўраджэнец, жыхар райцэнтра Мікалай Шорац.
З Жалязоўшчыны і распачынаем «Мой родны кут».
Ад Пастаў да Жалязоўшчыны не так і далёка — 13 кіламетраў. Усю дарогу Мікалай Шорац расказваў пра сваю родную вёску, дзяцінства, былых суседзяў. Калі прыехалі, пазнаёміў мяне са старэйшынам — Ліліяй Кукоўскай — і адразу ж заспяшаўся ў другі канец вуліцы, каб дапамагчы ў гаспадарчых справах 86-гадовай Галіне Дунец.
Некалькі пазней мы са старэйшынам таксама заглянулі да яе.
— У мяне сёння госці за гасцямі, — прыветліва сустрэла гаспадыня. — Толькі што прыходзілі ўрач і медсястра. Вялікіх праблем са здароўем не маю, нават ціск у норме, а вось гемаглабін паніжаны…
Галіна Мікалаеўна жыве адна. Муж памёр 8 гадоў назад, дзяцей яны не мелі.
— З чым не спраўляюся, дапамагае Лілія. І Коля мяне не забывае, наведваецца, — расказвала жанчына. — Ля хаты спыняецца аўталаўка — купляй што хочаш! Прадукты таксама прывозіць паштовая машына. На месцы выплачваюць пенсію, дастаўляюць газеты. Хіба не выгода? Толькі жыві!
— А паглядзіце, колькі ў Мікалаеўны газет! — звяртае маю ўвагу старэйшына. — Без акуляраў чытае «Пастаўскі край», «Друг пенсионера», «Магазин здоровья» і іншыя. І слых добры мае, любіць глядзець тэлеперадачы.
Заўважаю «Пастаўскі край» і на стале Станіслава Людвікавіча Скрыпко.
— А як жа без газеты? — зазначае чалавек. — У ёй можна прачытаць пра ўсё, што адбываецца ў раёне.
І ахвотна расказвае пра сваё жыццё. Ён нарадзіўся ў Эстоніі ў 1940 годзе, куды бацькі паехалі з Пастаўшчыны на заробкі. Калі пачалася вайна, да сваёй малой радзімы сям’я дабіралася на коннай павозцы. Працаваў у саўгасе вадзіцелем грузавога аўтамабіля, пасля — на аўтобусе. З жонкай Ганнай выхавалі трох сыноў. Адзін дачасна памёр ад невылечнай хваробы. Два жывуць у Англіі, у Жалязоўшчыну прыязджалі толькі 8 гадоў назад на пахаванне маці. Бацька не мае з імі нават віртуальнай сувязі, бо пакуль не авалодаў сучасным тэлефонам, хаця і купіў яго.
— А з дамашнімі клопатамі Людвікавіч спраўляецца вельмі добра, — працягвае размову старэйшына. — Вырошчвае не толькі агародніну, але і кветкі, якія так любіла яго жонка. Ці кожны мужчына стаў бы гэтым займацца?
Няпроста складваецца жыццё старэйшыны. У юнацтве Лілія займалася ў Магілёўскай школе алімпійскага рэзерву. Магчыма, дзяўчыну чакала спартыўная кар’ера, але яна так і не змагла прывыкнуць да жыцця ў горадзе. Скончыла бібліятэчны тэхнікум, вярнулася ў родныя мясціны і 10 гадоў працавала ў бібліятэцы ў Навадруцку. Аднак прафесія бібліятэкара так і не стала яе прызваннем. Працавала па розных іншых спецыяльнасцях. Незайздросны жаночы лёс: з першым мужам развялася, другі — заўчасна памёр, трэці — перанёс інсульт і стаў інвалідам I групы. Хацелася б бачыць іншымі паводзіны дарослага сына.
Праблем шмат. Тым не менш Лілія Збігнеўна не ачарсцвела душой, любіць жыццё і людзей, шмат гадоў з’яўляецца старэйшынам вёскі. І трэба было чуць, з якой любоўю яна расказвала пра тых, хто раней жыў у апусцелых зараз хатах! Гэта сем’і Шакола, Скрыпко, Чарняўскіх, Казак, Яноўскіх, Захаравых, Маслоўскіх, Курцэвіч і іншыя.
Найбольш жыхароў – 145 – было ў 1952 годзе. Вёска належала саўгасу «Пастаўскі», пазней – калгасу імя Суворава (зараз – ААТ «Навасёлкі-Лучай»). Сярод выхадцаў з яе – урачы, настаўнікі, інжынеры, культработнікі, ваеннаслужачыя, вучоныя і інш.
— Людзі шмат працавалі, але і ўмелі адпачываць, — узгадвала старэйшына. — Жалязоўшчына была самай вясёлай вёскай: тут ладзілі вяселлі, праводзіны ў армію, закладныя вечарыны, на якія збіраліся ў доме Марыі Міхасёнак і з гэтай прычыны празвалі яго домам культуры. Славілася вёска цымбалістамі, спевакамі, танцорамі.
Сёння ў ёй ўсяго 6 жыхароў. Тым не менш у запусценне не прыйшла, а ў цёплую пару года ўвогуле ажывае: прыязджаюць дачнікі, дзеці і ўнукі былых гаспадароў, наводзяць парадак ля дамоў. Мінулым летам па ініцыятыве загадчыцы Лукашоўскага сельскага клуба Людмілы Мелец — ураджэнкі Жалязоўшчыны — тут нават адбылося свята вёскі, на якое сабралася каля 40 чалавек. І зноў, як у самыя лепшыя гады, гучала ў ёй музыка і песні.
Фаіна Касаткіна





