Подготовка к статусу культурной столицы: в Поставах обсудили планы на 2026 год

Важное Культура

Як вядома, 2026 год Паставы будуць жыць у статусе культурнай сталіцы Беларусі. У нашым горадзе пройдуць важныя для краіны культурныя мерапрыемствы. Абмеркаваць падыходы па іх арганізацыі і паглядзець галоўныя пляцоўкі для правядзення ў аўторак прыехаў вялікі творчы дэсант прадстаўнікоў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і цэнтра культуры «Віцебск».

У суправаджэнні намесніка старшыні райвыканкама Станіслава Чымбурга і начальніка аддзела культуры райвыканкама Ірыны Лойкі госці перш-наперш адправіліся ў раённы Дом культуры, дзе пройдзе фінал нацыянальнага адбору да дзіцячага і дарослага вакальных конкурсаў XXXV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Яго плануецца правесці 21 сакавіка. Як адзначыла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Іна Адамовіч, з 2019 года адбор на «Славянскі базар» праводзіцца менавіта ў культурнай сталіцы Беларусі. І Паставам сёлета ў гэтым сэнсе пашанцавала.

Подготовка к статусу культурной столицы: в Поставах обсудили планы на 2026 год

— Нядаўна ў Мінску адбыўся другі этап адборачных тураў да конкурсаў, — расказвала Іна Мар’янаўна. — І зараз тыя, хто прайшоў іх, рыхтуюцца да фіналу. А мы, арганізатары, актыўна займаемся падрыхтоўкай гэтага мерапрыемства, каб пастаўчанам было цікава прыйсці паглядзець, падтрымаць нашых канкурсантаў, а таксама паслухаць гасцявыя нумары ў выкананні запрошаных артыстаў — зорак беларускай эстрады і членаў журы. У яго склад традыцыйна ўвойдуць дзеячы культуры і мастацтва, заслужаныя і народныя артысты Рэспублікі Беларусь, вядомыя музычныя прадзюсары, педагогі па вакале, прадстаўнікі ўстаноў адукацыі культуры, лаўрэаты «Славянскага базару» мінулых гадоў. Мерапрыемства будзе трансліравацца ў прамым эфіры тэлеканала «Беларусь 3».

Подготовка к статусу культурной столицы: в Поставах обсудили планы на 2026 год

Па словах Іны Адамовіч, фінал нацыянальнага адбору нязменна выклікае вялікі інтарэс у насельніцтва, асабліва калі праводзіцца ў рэгіёне. У глядзельнай зале заўсёды аншлаг. Прадстаўніца Міністэрства культуры ўпэўненая: так будзе і на гэты раз. Таксама яна рада, што мерапрыемства зноў адбудзецца на Віцебшчыне — радзіме фестывалю.

Каб усё прайшло гладка, у Паставы прыехаў дырэктар «Славянскага базару ў Віцебску» Глеб Лапіцкі са сваёй камандай. Ён і яго спецыялісты ўважліва агледзелі Дом культуры, удакладнілі рабочыя моманты ў кіраўніка ўстановы Алы Чарнюк.

Затым госці ў поўным складзе накіраваліся ў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Адтуль — у палац Тызенгаўзаў і Дом рамёстваў «Стары млын». А ў канцы візіту сумесна з прадстаўнікамі раённай улады і кіраўнікамі мясцовых устаноў культуры правялі рабочую нараду, дзе абмеркавалі ўсе мерапрыемствы, запланаваныя на 2026 год у Паставах.



Надзея Аўдзей, намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь

— На цэлы год акунуцца ў культурнае жыццё і стаць цэнтрам прыцяжэння для ўсёй рэспублікі — вельмі сур’ёзная задача і вялікі выклік для любога горада і яго жыхароў. І Паставы не выключэнне. Але разам з тым гэта і вельмі цікавая работа. Акрамя яркага адкрыцця новай культурнай сталіцы, якое адбудзецца ў канцы лютага, і не менш яркага закрыцця акцыі, на працягу года тут плануецца правесці вялікую колькасць розных мерапрыемстваў рэспубліканскага, абласнога і раённага ўзроўняў. Гэта будуць спектаклі, канцэртныя праграмы, выставы, інфармацыйныя сустрэчы, круглыя сталы, творчыя лабараторыі і фестывалі.



Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.