Зимний экзамен для медиков: почему обращений стало меньше, а инсультов — больше

Важное Здравоохранение

Гэта зіма стала сапраўдным выпрабаваннем для жыхароў і многіх службаў краіны і Пастаўшчыны ў прыватнасці. Энергетыкам, дарожнікам, камунальнікам, медыкам часта даводзіцца працаваць у экстрэмальных умовах. Наколькі высокі мінус, завеі і галалёд ускладнілі работу службы хуткай медыцынскай дапамогі, а таксама як змянілася структура зваротаў у яе, карэспандэнт «ПК» пацікавілася ў загадчыка аддзяленняў «Паставы», «Браслаў», «Шаркаўшчына» Уладзіміра Чакавага.

Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, няпростыя метэаўмовы, безумоўна, паўплывалі на будні яго і калег, зрабіўшы іх больш напружанымі. Але дзякуючы таму, што пасля моцных снегападаў дарогі ў раёне, а таксама пад’езды да аддзяленняў хуткай медыцынскай дапамогі ў Паставах, Варапаеве і Лынтупах своечасова і добра расчышчаюцца, не было ніводнага выпадку недаезду на адрас выкліку. Засталася ранейшай і аператыўнасць. Нават у завею медыцынскія брыгады ўкладваліся ў вызначаны для прыбыцця час.

— Толькі аднойчы — 9 студзеня ў Казнадзеюшках — пасля аказання медыцынскай дапамогі не маглі выехаць з вёскі на цэнтральную дарогу, прыйшлося выклікаць работнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, — апавядаў суразмоўца. — Але існуе іншая праблема: двары ў вёсках і прыватным сектары горада, як правіла, не расчышчаныя, пратаптаныя толькі вузенькія сцежкі. І калі патрабуецца транспарціроўка пацыента на насілках або эвакуацыйным крэсле, мы не можам выкарыстаць гэтыя прыстасаванні. Даводзіцца звяртацца да ратаўнікоў. З імі заключаны дагавор аб тым, што пры наяўнасці пагрозы жыццю пацыента яны прыходзяць на дапамогу нашым медыцынскім брыгадам.

Зимний экзамен для медиков: почему обращений стало меньше, а инсультов — больше

Што да тэхнікі, то яна працуе спраўна. Усе машыны «хуткіх» узростам да 5 гадоў, аснашчаныя сучасным абсталяваннем.

Добрае забеспячэнне медыкаментамі і дызпалівам, якое ў сезон маразоў спецыяльнае, зімовае. Таму праблем з запускам рухавіка ў вадзіцеляў няма. Таксама ў зімовы перыяд арганізавана дадатковае аўтаномнае абаграванне салона, у табель аснашчэння дабаўлены тэрмакоўдры.

І хоць зіма сёлета выпрабоўвае нас цыклонамі, якія прыносяць то вялікі снег, то ледзяны дождж, то моцны мароз, зваротаў у службу хуткай медыцынскай дапамогі за студзень у раёне на 12% менш у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам. Пры гэтым іх структура ў сувязі з умовамі надвор’я змянілася.

— На першым месцы, як заўсёды, сардэчна-сасудзістая паталогія, яна складае 38% ад усіх зваротаў, — працягваў Уладзімір Чакавы. — Каля 16% выклікаў — з прычыны артэрыяльнай гіпертэнзіі. Яе вынікам часта з’яўляецца вострае парушэнне мазгавога кровазвароту. Пацыентаў з ім даводзіцца транспартаваць у Астравецкую ЦРБ, дзе створаны спецыяльны міжраённы цэнтр дапамогі такім хворым. Калі ў студзені мінулага года было 18 выпадкаў вострага парушэння мазгавога кровазвароту, то сёлета — 21. Таму вельмі важна, каб пастаўчане выконвалі рэкамендацыі ўрачоў.

На 20% у параўнанні з мінулагоднім павялічылася колькасць выклікаў з-за вострых рэспіраторных захворванняў. Сярод іх 70% складаюць захворванні дыхальных шляхоў, асабліва частыя ў дзяцей, у тым ліку да 1 года.

У перыяд пад’ёму ВРЗ у адпаведнасці з загадамі міністра і начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама медыкі пераведзены на масачны рэжым работы, каб мінімізаваць перадачу інфекцый ім ад пацыентаў. «Хацелася б, каб і хворыя надзявалі маскі пры зносінах з медыкамі і іншымі людзьмі», — кажа Уладзімір Чакавы.

А вось колькасць траўм пакуль застаецца на ўзроўні 2025 года. Праўда, іх структура таксама змянілася. З’явіліся такія спецыфічныя траўмы, як цюбінгавыя. Некалькі чалавек звярнуліся з імі па медыцынскую дапамогу ў Пастаўскую ЦРБ. На шчасце, шпіталізацыя не спатрэбілася. Толькі адну жыхарку раёна, якая атрымала цяжкія пашкоджанні пры катанні з горкі, прыйшлося змясціць у мед­установу, і яна доўгі час знаходзілася на лячэнні. Ёсць і траўмы, звязаныя з пераахаладжэннем, галалёдныя. У паліклініку з гэтых прычын было ўжо каля 10 зваротаў, у службу хуткай медыцынскай дапамогі — 7. Выпадкаў смерці ад пераахаладжэння не зарэгістравана.

Каб зіма пакінула толькі радасныя ўспаміны, апранайцеся цяплей, не забывайце пра шапку, рукавіцы або пальчаткі. Насіце зручны абутак на нізкім шырокім абцасе ці наогул без яго. Асцярожна хадзіце па слізкіх участках дарогі. Ну а калі любіце пракаціцца на «ватрушцы» ці лядзянцы з ветрыкам, адпраўляйцеся ў цюбінг-парк у Манькавічы, а не рызыкуйце здароўем і жыццём на прыродных, не абсталяваных для катання горках.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.