Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко

Общество

Па выніках работы за мінулы год Юнькаўскі сельскі Дом культуры прызнаны найлепшай у раёне ўстановай культуры. Але не толькі гэты факт падштурхнуў мяне да сустрэчы з загадчыцай СДК Аленай Зубко. Даўно ведаю жанчыну і захапляюся яе актыўнай жыццёвай пазіцыяй. У асобе Алены выдатна спалучаюцца творчасць і артыстызм, гаспадарлівасць і ініцыятыўнасць.

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко

Уладары сяла

Падзея даўняя, але вартая таго, каб яе ўзгадаць. Летам 2020-га Алена, яе муж Аляксандр і дзве дачушкі ўдзельнічалі ў рэспубліканскім сямейным конкурсе «Уладар сяла» і сталі яго пераможцамі. Конкурс праходзіў на радзіме Прэзідэнта Беларусі — у Александрыі. Спачатку канкурсанты прэзентавалі сябе творча, пасля дэманстравалі свой гаспадарчы спрыт.

— Заданні былі розныя, — узгадвае Алена. — Касілі, пілавалі і шчапалі дровы, кармілі цялят, жанчыны забівалі ў калоду цвікі, мужчыны спавівалі лялечных немаўлят. У нас усё атрымалася!

Між іншым у той час яна была цяжарная трэцім дзіцем…

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко

 

Маглі і не сустрэцца

Лена нарадзілася ў Даўгаўпілсе, Саша — у Казахстане. Яны ніколі не сустрэліся б, калі б іх бацькі не вярнуліся ў Паставы. У Паставах вучыліся ў адной, першай школе, толькі ў паралельных класах. Пазнаёміліся, калі яна была ў 10 класе, а ён ужо вучыўся ў прафтэхкаледжы. Сяброўства перарасло ў каханне.

— Ведаеце, што нас, зусім юных, аб’яднала? — кажа, смеючыся, Алена. — Абое марылі дачакацца ўнукаў. Можа, таму і ажаніліся рана — у 22 гады. Я к таму часу скончыла Полацкі прафтэхкаледж па спецыяльнасці «Мадэльер-дызайнер швейнай вытворчасці» і працягвала вучобу на завочным аддзяленні Віцебскага тэхналагічнага ўніверсітэта, а Саша ўжо працаваў электрыкам.

Бацькі жаніха падарылі маладажонам дом у Юньках. А тыя самі яго адрамантавалі і перасяліліся з райцэнтра, дзе да гэтага здымалі жыллё.

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко

Найдаражэйшы скарб

Зразумела, гэта дзеці. Іх у сям’і трое.

— Нашай старэйшай дачушцы, Ксюшы, 12 гадоў, і яна мая правая рука, — дзеліцца маці. — Дапамагае ва ўсіх хатніх справах: прыбярэ ў пакоях, памые посуд, што-небудзь прыгатуе, забярэ браціка з садка. Гуляла ў валейбол, вучылася граць на гітары, але ўрэшце захапілася шыццём і вязаннем. Такая гаспадынька і рукадзельніца! Мы з мужам кажам, што ў нашай сям’і тры дарослыя чалавекі, і рашэнні прымаем, улічваючы меркаванне Ксюшы.

Сабіна іншая. Яна цалкам пагружаная ў творчасць. Паспяхова займаецца па класе баяна ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Самастойна і разам з бабуляй авалодвае ігрой на фартэпіяна. Таксама навучаецца харэаграфіі і вакалу, спявае на сцэне. Яшчэ адно захапленне — інфарматыка. Па гэтым прадмеце нават на абласной алімпіядзе школьнікаў зай­мала 1-е месца.

Усеагульны любімец — пяцігадовы Сярожа. Ужо зразумела, што ў хлопчыка добры музыкальны слых. А тата пакрыху далучае сына да мужчынскіх заняткаў, напрыклад дае ў рукі малаток і цвікі (у доме якраз ідзе рамонт).

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко

 

Несці людзям радасць

Шмат гадоў назад Лена ўпершыню ўбачыла ў Полацку аніматараў. Іх выступленне ёй так спадабалася, што загарэлася паспрабаваць у анімацы і свае сілы.

— Але адной было боязна, — прызнаецца. — Прапанавала маме, якой тады было 50 гадоў, пайсці са мной клоўнам. А мая мама на ўсё гатовая. І я стала індывідуальным прадпрымальнікам у сферы анімацыі.

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко

Ёсць у працоўнай біяграфіі Алены Зубко яшчэ адна старонка, звязаная з Азяркамі. Калі з гэтага папулярнага месца адпачынку з’ехаў у іншы раён Зюзя (а гэта — брэнд Пастаўшчыны), трэба было рыхтаваць іншую анімацыйную праграму. Тагачасны намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кісялёў звярнуўся па дапамогу да Алены, і яна згадзілася. Наталія Карнілава з аддзела па спорце і турызме напісала сцэнарый, які грунтаваўся на творах нашага славутага земляка Уладзіміра Дубоўкі і галоўным героем якога з’яўляўся Дзед Бай. Алена з ліку сваіх знаёмых падабрала «акцёраў».

— Сама выступала ў вобразе Бабы Ягі і была ў ім вельмі арганічнай, — кажа. — Складана было авалодаць апаратурай. Я адначасова была аператарам па святле і гуку, рэжысёрам, пастаноўшчыкам. 6 гадоў захоплена там працавала, а летась вярнуўся Зюзя — і ўжо іншая каманда ладзіць прадстаўленні.

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко

І ўсё ж галоўнае – сям’я

З 2018 года Алена Зубко загадвае Юнькаўскім СДК. Пра работу гэтай установы культуры трэба пісаць асобна: тут столькі аб’яднанняў, такія цікавыя мерапрыемствы ладзяцца! Дом культуры прыцягвае не толькі юнчан, але і жыхароў райцэнтра. А на агеньчыкі, якія тут праходзяць перад Новым годам і на 8 Сакавіка, нават цяжка купіць білет. Сёння ж мая задача — паказаць Алену не толькі як кіраўніка, але і як любячую жонку і маці, увішную гаспадыню і ўвогуле актыўнага чалавека. У СДК старая апаратура — не бяда: Алена знаходзіць выйсце. Патрэбны канцэртныя касцюмы — сама пашые. Распачалі рамонт дома — уключаецца ў яго нароўні з мужам. На пасеку — таксама разам. У выхадныя — у вандроўку ўсёй сям’ёй (машыну водзіць толькі яна). Спатрэбілася камусьці з сяброў ці знаёмых дапамога — Лена тут як тут.

— Калі чалавек трансліруе ў свет дабрыню, пазітыў, актыўнасць, ён прыцягвае да сябе гэтакіх жа, — разважае жанчына. — Іншыя прыходзяць і сыхо­дзяць, а гэтыя назаўсёды застаюцца ў тваім коле сяброў. Менавіта так у мяне.

У завяршэнне прывяду яшчэ адзін факт, які таксама характарызуе маю гераіню.

— У лістападзе мінулага года я зрабіла мужу сюрпрыз, — расказвае. — Купіла з аўкцыёна за адну базавую велічыню будынак былой вярэнькаўскай школы пад аграэкасядзібу і ўручыла яму дакументы са словамі: «Як ты думаеш, Саша, у нас атрымаецца?» Вядома, атрымаецца!

І ведаеце, як сям’я Зубко плануе назваць будучую сядзібу? Уладары сяла! Сугучна рэспубліканскаму конкурсу, у якім яна перамагла.



Бліц-апытанне

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко— Што важней — кар’ера або сям’я?

— Безумоўна, сям’я. Калі б у мяне не было такой дружнай сям’і, хіба я дабілася б поспехаў?

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко— У чым прывабнасць жанчыны?

— У актыўнасці і аптымізме.

Баба Яга, аниматор, заведующая и просто мама: многогранность Елены Зубко— Калі б вы сталі феяй…

— Зрабіла б так, каб людзі не хва­рэлі.



Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей і з архіва сям’і Зубко



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.