Ковры-маляванки Витебщины: от деревенских домов до статуса культурного наследия

Важное Культура

Адным з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якому нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца традыцыя маляваных дываноў (маляванак) Віцебскага Паазер’я. Носьбіты гэтай традыцыі ёсць у некалькіх кутках паўночнага рэгіёна краіны, у тым ліку на Пастаўшчыне.

Упрыгожвалі вясковыя хаты

Дэкаратыўнае мастацтва роспісу па палатне вядомае ў Беларусі з канца ХІХ стаго­ддзя. Найбольшае распаўсю­джанне яно атрымала ў 1930—1950-х гадах, калі інтэнсіўна адбудоўвалася вёска. Пасля вайны набіўныя і маляваныя дываны былі амаль у кожнай вясковай хаце. Імі ўпрыгожвалі пакоі, часта вешалі на сцяну побач з ложкам.

Дзясяткі мастакоў хадзілі па вёсках і прапаноўвалі набыць у іх вырабы. Дываны стваралі на саматканым ільняным палатне, пафарбаваным, як правіла, у чорны колер. Часам у якасці асновы выкарыстоўвалі паперу, кардон ці цырату, на якіх малюнак выконвалі без папярэдняга нанясення грунту. Распісвалі карціну вольна алейнымі або клеявымі хатняга прыгатавання фарбамі. Роспіс маглі дапаўняць набіванкамі і трафарэтамі, выразанымі з кардону, гумы і нават бульбы.

Ковры-маляванки Витебщины: от деревенских домов до статуса культурного наследия

У пэўных рэгіёнах Беларусі былі свае варыянты кампазіцый і дэкору маляванак. Асаблівыя рысы мелі маляваныя дываны Віцебскай і Мінскай абласцей. У іх цэнтры часцей за ўсё размяшчалі букеты кветак у вазе ці ў кошыку, перавязаным стужкай. Па краях малюнак «абвівалі» выявамі кветак, а таксама букетаў, рассыпаных па полі. У кампазіцыі сустракаліся і выявы птушак — ластавак, галубоў, паваў, зязюль.

Хто і калі стварыў першы беларускі маляваны дыван, сказаць цяжка. Гэта мастацтва развівалася на традыцыях вышываных і тканых вырабаў, маляваных куфраў. Адным з першых мастакоў-прафесіяналаў, які зай­маўся дэкаратыўным роспісам па палатне, быў Язэп Драздовіч. Сваёй творчасцю ён паспрыяў з’яўленню шырокага кола народных майстроў на Віцебшчыне.

Ковры-маляванки Витебщины: от деревенских домов до статуса культурного наследия

Адраджае маляванку Паазер’я

Сярод тых, хто сёння займаецца гэтым, — майстар народных мастацкіх рамёстваў Пастаўскага Дома рамёстваў «Стары млын» Вольга Гукава. Тут яна працуе з 2000 года. Пачынала як кіраўнік гуртка па кераміцы і ганчарстве. У 2008 годзе з’ездзіла ў Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці на курсы па маляванцы — і «захварэла» ёю. З таго часу стварыла каля 50 вялікіх, памерам да 210х190 сантыметраў, работ, дробныя ж нават цяжка злічыць. У іх цэнтры не толькі кветкі і букеты, але і птушкі, жывёлы, людзі, архітэктура.

— Я сама прыдумваю сюжэты работ, — расказвала майстар. — Яны ў мяне на розныя тэмы. Ёсць па народных святах і абрадах: Купалле, Калядкі, Гуканне вясны, Вялікдзень і інш. Ёсць на ваенную тэматыку: абеліск на месцы спаленай вёскі Альцы, танк у 5-м гарадку, помнік на брацкай магіле па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах. Пра наш горад я зрабіла вялікую колькасць маляванак. На іх — помнікі архітэктуры: царква, касцёл, палац Тызенгаўзаў, домікі рамеснікаў на плошчы Леніна. Даволі часта малюю азёрныя краявіды з бусламі, галубамі, лебедзямі або аленямі. Паўтарыла 5 ці 6 маляванак, якія знаходзяцца ў раённым краязнаўчым музеі. Маю іх дакладныя, памер у памер, копіі, а таксама рэплікі — меншага памеру.

Ковры-маляванки Витебщины: от деревенских домов до статуса культурного наследия

Спачатку Вольга Мікалаеўна малявала гуашшу. Потым перайшла на акрылавыя фарбы, бо яны ярчэйшыя і лепш трымаюцца на тканіне. Яркасць — адметная асаблівасць работ аўтара. Ну а правільна падбіраць фарбы, каб яны спалучаліся паміж сабой, дапамагае мастацкая адукацыя. Другая асаблі­васць маляванак жанчыны — іх запоўненасць.

— Я люблю, каб было шмат кветак, лісця. Не пакідаю пустых месцаў на тканіне — усё замалёўваю. І ў цэнтры ў мяне як карціна. Пэўных правіл у маляванцы няма. Галоўнае — зразумець тэхніку. А далей малюй так, як прагне душа, — кажа яна.

Ковры-маляванки Витебщины: от деревенских домов до статуса культурного наследия

Сёння маляванкі Вольгі Гукавай можна ўбачыць не толькі ў Пастаўскім Доме рамёстваў. Яны не раз выстаўляліся ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці, Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, былі на выставах у такіх расійскіх гарадах, як Пскоў і Смаленск.

Фота адной з іх — з сюжэтам па творы Уладзіміра Дубоўкі — стала вокладкай кніжкі-размалёўкі для дзяцей, а таксама друкавалася на дыпломах, якія ўручалі прызёрам розных творчых спаборніцтваў.

Ковры-маляванки Витебщины: от деревенских домов до статуса культурного наследия

Вольга Гукава — удзельнік і пераможца абласных і рэспубліканскіх свят, конкурсаў і фестываляў традыцыйнага мастацтва. У 2020 годзе атрымала Гран-пры на конкурсе традыцыйнага і сучаснага роспісу, які праходзіў у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», і стала найлепшым майстрам Віцебскай вобласці. Яшчэ ­адзін Гран-пры ўзяла ў ­2024-м на аналагічным конкурсе падчас абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». А трыма гадамі раней уступіла ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці і атрымала статус народнага майстра Беларусі. У канцы мінулага года і пачатку бягучага Вольга Мікалаеўна прымала ўдзел у выставе дасягненняў «Мая Беларусь» у Мінскім міжнародным выставачным цэнтры BELEXPO, а падчас рэспубліканскага форуму «Жанчына і будучыня вёскі», які прайшоў у пачатку сакавіка ў Доме ўрада, яе маляванку падарылі Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігару Сергяенку.

Багаты творчы вопыт майстар перадае іншым. Шмат гадоў вядзе ў Доме рамёстваў гурток па маляванцы, які з задавальненнем наведваюць школьнікі. Право­дзіць вялікую колькасць майстар-класаў, у тым ліку для выхаванцаў дзіцячых садоў. Кожны раз на адкрыцці выставы, дзе ёсць яе работы, дае магчымасць наведвальнікам паўдзельнічаць у стварэнні сваёй новай маляванкі — запоўніць колерам нейкі фрагмент на набітым эскізе.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.