Па традыцыі напярэдадні 8 Сакавіка старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч з віншаваннямі, салодкімі падарункамі і кветкамі наведвае калектывы жывёлагадоўчых ферм раёна. У сераду на МТК «Буцавічы» ААТ «Камайскі-агра» з ім пабывала і я.
— Сабраць разам усіх жанчын, якія працуюць на комплексе, немагчыма, — гаварыла заатэхнік-селекцыянер МТК, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі сельгаспрадпрыемства Іна Пяткевіч. — У аператараў машыннага даення свой графік: раніцай і вечарам на змену выходзяць па двое. Цяпер на комплексе толькі даглядчыцы цялят.
Па запрашэнні жанчыны прыйшлі ў актавую залу. Васілій Уладзіміравіч павіншваў іх з надыходзячым святам, падзякаваў за старанную працу, пажадаў моцнага здароўя, дабрабыту і адзначыў, што ў сельскай гаспадарцы лёгкай працы няма.Увогуле вясковыя жанчыны — гэта нястомныя працаўніцы. На іх плячах — дом, сям’я, гаспадарка. І ўсюды яны паспяваюць. Дзякуючы іх руплівасці мы маем хлеб, малако, мяса, іншыя прадукты. Гэтыя жанчыны не шукаюць прызнання, а проста шчыра працуюць.
Летась сярэдні надой ад каровы на МТК «Буцавічы» склаў 6 299 кілаграмаў, захаванасць цялят — 93%. Калектыву па выніках раённага спаборніцтва за мінулы год прысуджана 3-е месца. І ў гэтым вялікая заслуга кожнага работніка, у тым ліку загадчыцы комплексу Марыны Кірылавай. Калегі ганарацца, што аператару машыннага даення Алене Урбанайць прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Пастаўшчыны-2025».
— Дзякуючы вашаму прыезду ў нас ужо вясновы настрой, — гаварыла Іна Пяткевіч. — Бліжэй к святу разам з дырэктарам таксама пабываем у кожным калектыве нашай гаспадаркі з віншаваннямі.
Анна Анішкевіч

