Скучал без руля: водитель с 50-летним стажем Флерьян Подрез не смог усидеть на пенсии

Общество

Многія прадстаўнікі маладога пакалення сёння нават не ўяўляюць, што ўсё жыццё можна працаваць па адной прафесіі, разважаюць пра тое, што змена спецыяльнасці спрыяе іх развіццю. Але часта яны так і не могуць знайсці сваё прызванне.

Асмелюся сцвярджаць, што ў грамадстве ў большай пашане тыя, хто, выбіраючы любімую справу, прысвячае ёй многія гады, удасканальваецца ў ёй, дасягае поспехаў. Менавіта з той кагорты вадзіцель Пастаўскай раённай ветэрынарнай станцыі Фляр’ян Падрэз. Яго кандыдатуру для газетнай рубрыкі «Рабочы клас» парэкамендаваў дырэктар установы Андрэй Масцяніца.

— Я вельмі задаволены, што да нас прыйшоў такі прафесійны і адказны работнік, — гаварыў Андрэй Іванавіч. — Ветэрынарная станцыя — не тая ўстанова, дзе рабочы дзень нарміраваны — з 8 да 17 гадзін. Вадзіцелю даводзіцца везці спецыялістаў на фермы раёна і ў 4 раніцы, і ў 10 вечара, і ў выхадныя. Ніколі не было, каб Фляр’ян Канстанцінавіч падвёў. Апрача таго, у яго частыя камандзіроўкі ў Мінск, Віцебск, Полацк, і там, на гарадскіх дарогах, ён кіруе машынай упэўнена. Не лічыцца з часам. Па-гаспадарску ўтрымлівае замацаваныя за ім «Ніву» і «Джылі», добра разбіраецца ў тэхнічнай частцы, спраўляецца з дробным рамонтам, камунікабельны.

Скучал без руля: водитель с 50-летним стажем Флерьян Подрез не смог усидеть на пенсии

А вось што я даведалася ад самога Фляр’яна Падрэза.

Пасведчанне трактарыста, шафёра і камбайнера ён атрымаў паўстагоддзя назад, скончыўшы Лімбажскае СПТВ. (У 1963 годзе, калі хлопчыку было ўсяго 5 гадоў, сям’я пераехала з Беларусі ў Латвію, у 1981-м вярнулася ў Паставы.) Працоўную біяграфію пачынаў трактарыстам у саўгасе. А калі неўзабаве прызвалі на тэрміновую службу, у воінскай часці яго прызначылі на машыну.

— З таго часу (а гэта быў 1976 год) і па сёння я за рулём машыны, — расказваў мужчына. — Даво­дзілася кіраваць рознымі: ГАЗ-51, ГАЗ-66, ЗІЛ, бензавоз, фура… Працаваў у некалькіх арганізацыях, найдаўжэй — у былой райсельгастэхніцы і «Паставымэблі».

У 2019-м Фляр’ян Падрэз пайшоў на пенсію. Але дома ўседзеў усяго два месяцы.

— Пакідаючы «Паставымэблю», нават не ўяўляў, што буду вельмі сумаваць без руля, — прызнаецца вадзіцель. — Таму, калі з’явілася вакансія ў райветстанцыі, уладкаваўся туды і вельмі гэтым задаволены. Ездзіў на «Ніве», а ў канцы мінулага года атрымаў яшчэ і новую «Джылі». Хіба не радасць для вадзіцеля?! Падабаецца, з якой павагай кіраўнік калектыву адносіцца да работнікаў, таму і хочацца старацца ў працы.

— І ўсё ж чаму выбралі менавіта прафесію вадзіцеля? — цікаўлюся ў суразмоўцы.

Скучал без руля: водитель с 50-летним стажем Флерьян Подрез не смог усидеть на пенсииТэхніка вабіла з дзяцінства. А калі сеў за руль машыны, зразумеў, што нічога іншага мне не трэба. Лічу, што шафёрская прафесія вельмі добрая, толькі трэба адказна ставіцца да тэхнікі і быць уважлівым на дарогах. На шчасце, у мяне ніколі не было аварыйных сітуацый і не даводзілася буксіраваць машыну, хаця за многія гады не раз аказваўся ў складаных дарожных сітуацыях.

Мы размаўлялі з Фляр’янам Канстанцінавічам, калі яго рабочы дзень ужо завяршыўся, ён толькі што паставіў у гараж «Ніву» і рыхтаваў да чарговай паездкі «Джылі»: раніцай ва­дзіцеля чакала дарога ў абласны цэнтр. А дарогі ён любіць!

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.