Медыцынскую сястру тэрапеўтычнага аддзялення 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь Алесю Нусіну кіраўніцтва падраздзялення і в/ч 1236 характарызуе выключна са станоўчага боку: выдатны спецыяліст, вельмі адказная, заўсёды працягне руку дапамогі калегам, пры гэтым працуе яшчэ і ў рэанімацыйным аддзяленні Пастаўскай ЦРБ.
У медыцыну Алеся Фёдараўна прыйшла больш за 20 гадоў назад. Кажа, жаданне дапамагаць іншым было заўсёды. У дзяцінстве прыносіла дамоў з вуліцы ўсіх катоў і сабак і «лячыла» іх. Калі прыйшоў час вызначацца з прафесіяй, падала дакументы ў Полацкае медвучылішча. Пасля яго заканчэння 2 гады адпрацавала ў Віцебскім абласным клінічным анкалагічным дыспансеры. Затым быў водпуск па доглядзе дзіцяці, з якога выйшла на работу ўжо ў Пастаўскую ЦРБ. Спачатку працавала ў тэрапіі. А калі ў райбальніцы адкрылася аддзяленне гемадыялізу, перавялі туды старшай медыцынскай сястрой. Гэтаму аддзяленню Алеся Нусіна аддала 11 гадоў, а ў 2020-м вырашыла змяніць месца работы і ўладкавалася ў шпіталь.
Тут жанчына з’яўляецца паставой медсястрой — дзяжурыць пасутачна ў тэрапеўтычным аддзяленні. Графік непастаянны: бывае, на змену заступае праз трое сутак, бывае — праз двое ці чацвёра. Знаходзячыся на дзяжурстве, выконвае ўсе назначэнні ўрача, сочыць за парадкам у аддзяленні і выкананнем рэжыму дня. Калі камусьці з хворых дрэнна, аказвае першую медыцынскую дапамогу. Пры адсутнасці працэдурнай медсястры ставіць кропельніцы, уколы, выконвае іншыя медыцынскія маніпуляцыі. Таксама працуе з дакументамі: робіць выпіскі з гісторый хвароб.
— Наша аддзяленне самае вялікае ў шпіталі — на 70 ложкаў, — расказвала мне падчас сустрэчы. — Таму ў нас два пасты і дзве дзяжурныя медсястры. Работу паміж сабой не дзелім, дапамагаем адна адной. Што да пацыентаў, то іх заўсёды шмат, асабліва цяпер, у сезон вірусных інфекцый і пнеўманій. Пераважная большасць хворых — салдацікі, якія праходзяць тэрміновую службу. Глядзім за імі, як за ўласнымі дзецьмі: ці выпіў таблетку, ці змераў тэмпературу. Тым, хто здалёк, стараемся прынесці штосьці з дому. Напрыклад, малінавага ці бруснічнага варэння, перацёртых з цукрам журавін, каб хутчэй паправіліся.
Работу ў шпіталі Алеся Нусіна сумяшчае з дзяжурствамі ў рэанімацыйным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. Тры гады назад не змагла адмовіць кіраўніцтву ўстановы, якое сутыкнулася з недахопам сярэдняга медыцынскага персаналу і папрасіла яе дапамагчы. Дзяжурыць праз суткі няпроста. Тым больш што ў рэанімацыі трэба ўвесь час пільна сачыць за станам пацыентаў: дыханнем, сэрцабіццем, іншымі жыццёва важнымі паказчыкамі. Але Алеся Фёдараўна выдатна спраўляецца ўсюды. Паспявае і дома, у тым ліку зрабіць урокі з малодшым сынам-пяцікласнікам. Пакуль знаходзіцца на дзяжурстве, ён пад надзейным наглядам бабулі, якая ўжо на пенсіі. Таму маці не хвалюецца за малога.
Расказваючы пра сябе, Алеся Нусіна прызналася:
— Я люблю сваю работу, мне падабаецца дапамагаць людзям. Прыемна, калі праз некаторы час тыя, хто лячыўся ў аддзяленні, кажуць «дзякуй» пры сустрэчы. Для мяне гэта самая лепшая ўзнагарода за працу.
Алена Шапавалава

