На мінулым тыдні адзначыла 90-гадовы юбілей малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў, жыхарка райцэнтра Леанарда Масцяніца.
У Паставах Леанарду Юльянаўну ведаюць многія, бо ў горадзе жыве больш за паўстагоддзя, шмат гадоў працавала прадаўцом універмага. Пайшоўшы на пенсію, не зачынілася ў чатырох сценах сваёй кватэры.
Характар Леанарды гартаваўся з дзяцінства, у ваеннае ліхалецце. Больш за восем дзесяцігоддзяў мінула з таго часу, а трагічныя падзеі ёй помняцца як сёння. Дзяўчынцы было 8 гадоў, калі ў родную вёску Юшкавічы на Мядзельшчыне ўварваліся нямецка-фашысцкія захопнікі. Акупанты пазабіралі скаціну, павыганялі з хат людзей і пад дуламі аўтаматаў накіравалі абозы на станцыю Лынтупы. Вёску спалілі.
Шлях нявольнікаў ляжаў у германскае рабства. Акрамя Леанарды, у сям’і былі два хлопчыкі двух і чатырох гадоў, а пад сэрцам маці насіла яшчэ адно дзіця.
— У Германіі (мы трапілі ў горад Лімбург) нас адарвалі ад бацькоў і трымалі асобна ў цагляным доме за высокай агароджай, — успамінала малалетні вязень. — Адзін раз на тыдзень выпускалі за вароты. Тады ўсе беглі на сметнік, падбіралі там шалупінне ад бульбы, розныя аб’едкі, бо пастаянна галадавалі. Яшчэ цяжэй стала, калі перавялі ў Дыленбург — лагер за калючым дротам і з вельмі халоднымі баракамі. Але ж неяк выжылі…
Пасля вызвалення з няволі ў жніўні 1944-га сям’я аб’ядналася. На Радзіму вярнуліся не адразу, нейкі час жылі на граніцы Польшчы і Германіі. Леанарда магла там і застацца, бо яе хацела ўдачарыць бяздзетная палячка. Але якая маці пакіне роднае дзіця чужому чалавеку ў чужой краіне?
Асабліва захліснулі Леанарду Юльянаўну ўспаміны пра жыццё ў няволі, калі ў 2019 годзе яна атрымала ад адной нямецкай грамадскай арганізацыі запрашэнне наведацца ў Лімбург, сустрэцца з мэрам горада, школьнікамі, расказаць пра перажытае. Збіралася паехаць у суправаджэнні сына-медыка (Валерый загадваў жыровіцкай бальніцай на Гродзеншчыне). Але лёс нанёс жанчыне жорсткі ўдар — у 58 гадоў жыццё сына абарвалася.
Цяжкая страта моцна пахіснула здароўе Юльянаўны, але не зламала. У 2021 годзе ў яе нават хапіла сіл даць анлайн вялікае інтэрв’ю нямецкім журналістам, і яно было змешчана ў газеце, што выдаецца ў Лімбургу. Зараз найбольшая надзея і апора маці — дачка Ірына, якая жыве з сям’ёй у Мінску. Там жа і малодшая сястра Леанарды Раіса. Магла б перабрацца ў сталіцу і яна. Але гэта яе зусім не прываблівае, бо вельмі дарагія сэрцу Паставы, дзе прайшло, лічы, усё яе жыццё, дзе магіла мужа, побач з якім была каля 60 гадоў, дзе ў яе сяброўкі і на кожным кроку знаёмыя.
— Мама — малайчына, у яе на многае хапае сіл, — дзялілася Ірына. — Магла б карыстацца паслугамі сацработніка, але не жадае. Сама гатуе, прыбірае, шые, вырошчвае на градках агародніну, пехатой можа адправіцца з пятага гарадка на рынак «Беліт». Кожны дзень, нягледзячы на надвор’е, па паўтары-дзве гадзіны гуляе па мікрараёне. Рэгулярна на тэлефоннай сувязі з трыма ўнукамі і двума праўнукамі. Праблемы са здароўем у мамы ёсць, але дактарам яна не надакучае.
Каб і ў далейшым Леанарда Юльянаўна трымалася гэтак жа бадзёра, як зараз, ёй шчыра жадалі, віншуючы з юбілеем, намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург, старшыня раённага савета ветэранаў Ганна Літвіновіч, супрацоўніца ТЦСАН Таццяна Пахар. А самае галоўнае — каб і над яе галавой, і над усёй нашай краінай свяціла на мірным небе яснае сонца.
Фаіна Касаткіна





