Размова не пра птушку, а пра калодзеж. І вось чаму аповед пра вёску Свідна Дунілавіцкага сельсавета пачынаю з яго.
— Пойдзем пакажу вам апошняга ў Беларусі жураўля! — прапанаваў старэйшына вёскі Пётр Шарабайка.
Да нас ахвотна далучыліся Аляксандр Бурак і Віталій Шамовіч.
— Ад маёй хаты да жураўля 320 крокаў, — расказваў Аляксандр Бурак. — З такой адлегласці кожны дзень насілі вёдрамі ваду, бо ў калодзежы ля дома яе не было. І ў іншых гаспадароў — таксама. А ўсе ж трымалі шмат жыўнасці. Ваду прывозілі малакавозам і ўлівалі ў студні, але яе хутка ўбірала ў сябе зямля. Таму ўсе хадзілі па ваду да крыніцы, на якой пазней Пётр Шарабайка абсталяваў калодзеж-журавель.
Сёння карціна іншая: студні ля хат праз многія гады ўсё-такі напоўніліся вадой, але паіць ёй няма каго — на ўсю вёску толькі адна карова ў Шарабайкаў (некалі было больш за 90). Ды і жыхароў не набярэцца і паўтара дзясятка.
З вялікай настальгіяй вяскоўцы ўспаміналі мінулае Свідна. Вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса «Перадавік», тут размяшчаліся кантора, клуб, бібліятэка, пачатковая школа, магазін, майстэрня, кузня, ільнозавод і дзве льносушылкі, кароўнік, цялятнік, стайня. З удзячнасцю называлі дзясяткі прозвішчаў. Аграном Таццяна Анкудовіч ездзіла ў Маскву на ВДНГ і атрымала там медаль. Першым старшынёй «Перадавіка» быў Іванькоў, пазней гаспадаркай кіравалі Гаўрыловіч, Тапуноў, а пасля яе далучэння да калгаса «ХХV партз’езд» — Пашкевіч. Ветурачамі працавалі Іван Пяркоўскі і Аляксандр Мядзелка, брыгадзірам — Мялання Сіповіч, зваршчыкам і кавалём — Павел Тачыцкі, конюхам — Фёдар Плюта. Алена Яловік і Еўдакія Мядзелка вучылі дзяцей у школе. Ды хіба магчыма назваць усіх?
А вось сённяшніх жыхароў можна пералічыць па пальцах. Аднак сустрэцца атрымалася з нямногімі: адны хварэлі, другія былі занятыя, трэція пазбягалі галоснасці. Прыемна было бачыць дагледжаныя дамы і сядзібы Святланы Зайцавай, Пятра Шарабайкі, Аляксандра Бурака, Леаніда Калмыкова, Леаніда Шкорніка, чуць ад вяскоўцаў, наколькі дарагія ім тутэйшыя мясціны.
З вялікай настальгіяй вяскоўцы ўспаміналі мінулае Свідна. Вёска з’яўлялася цэнтрам калгаса «Перадавік», тут размяшчаліся кантора, клуб, бібліятэка, пачатковая школа, магазін, майстэрня, кузня, ільнозавод і дзве льносушылкі, кароўнік, цялятнік, стайня.
Летась споўнілася 90 гадоў былой медсястры Фяўронні Рыхліцкай. Старшыня Дунілавіцкага сельскага Савета Таіса Баторы цёпла віншавала юбілярку на свяце вёскі. На зіму дачка забірае маці да сябе ў Дунілавічы. Але як толькі сыходзіць снег, жанчына вяртаецца ў родны дом, дзе прайшло ўсё яе жыццё. Свідна — родная вёска і для Альфрэды Сіповіч, Леакадзіі Матошкі, Ірыны Сіповіч, якія ў свой час працавалі ў Дунілавіцкім доме-інтэрнаце (цяперашні пансіянат «Троіцкі»), Леакадзіі Рыхліцкай. Уладзімір Краско быў малаказборшчыкам, зараз на пенсіі. Станіслаў Зайцаў — трактарыст сельгаспрадпрыемства «Дунілавічы-агра», Леанід Тачыцкі — аператар кацельні.
Бацькі Аляксандра Бурака пераехалі са Свідна на Вілейшчыну, калі хлопчык скончыў 1 клас. Пасля службы ў арміі Саша вярнуўся сюды, стварыў сям’ю (жонку прывёз з Вілейшчыны). У шлюбе з Марынай, якая працуе настаўніцай у дунілавіцкай школе, яны ўжо 36 гадоў. Жывуць у добраўпарадкаванай кватэры ў Дунілавічах.
— Але наймілейшае для мяне месца — бабулін дом у Свідне, які я рэканструяваў, узвёў прыбудовы да яго,— расказваў мужчына. — Увесь вольны ад работы час (ён працуе аператарам кацельні) праводжу тут. Работы ў вёсцы хапае, а працаваць я люблю.
Самы малады жыхар Свідна — Віталій Шамовіч, які таксама працуе ў Дунілавічах у кацельні, што належыць УП ЖКГ. Яму няма і пяцідзесяці. Жыве адзін, дапамагае іншым. Падчас майго прыезду ў Віталія якраз гасцявала яго родная сястра Марыя, якая прысвяціла сваё жыццё служэнню Богу і стала манашкай.
Радзіма старэйшыны вёскі Пятра Шарабайкі — Глыбоччына. А ў Свідне нарадзілася і вырасла яго каханая. Пажаніўшыся, маладыя купілі тут хату і рэканструявалі яе. Пётр працуе на свінакомплексе, Алёна займаецца дамашнімі справамі, актыўна ўдзельнічае ў мастацкай самадзейнасці. Не закінулі, а даглядаюць яны і дом Алёніных бацькоў. Кожнае лета ў ім любяць збірацца разам стрыечныя сёстры. Яны прыязджаюць не толькі з Мядзела і Пастаў, але і з Мінска, Клайпеды, Вісагінаса, Данецка. Па ініцыятыве адной з іх, Наташы, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу, дом абновіцца — ужо закуплены пластыкавыя вокны, з’явіцца новае пакрыццё на даху, абшыюць сайдынгам сцены.
Удыхае новае жыццё ў бацькоўскі дом Франц Германовіч, які вярнуўся ў Свідна з Мінска.
— Родныя мясціны вабілі заўсёды, — казаў. — Выйшаўшы на пенсію, вырашыў тут абуладкавацца. Працы хапае, акрамя таго, захапляюся паляўніцтвам і рыбалкай. Паблізу ёсць возера і штучны вадаём, куды едуць рыбачыць адусюль. Мы, мясцовыя, між сабой гаворым так: «Нават калі нідзе не будзе рыбы, свіднаўскія ўсё роўна наловяць».
P.S.Што да калодзежнага жураўля, то, відаць, свіднаўскі ўсё ж не апошні ў Беларусі. Прынамсі, у інтэрнэце я знайшла звесткі і пра іншыя. А ў Баранавічах, што на Брэстчыне, ёсць нават помнік калодзежу-жураўлю. Можа, і наш заслугоўвае таго ж?
Фаіна Касаткіна






