Чэмпіянат Беларусі па валейболе
«Атлант» зноў у фінале!
Пасля пяці месяцаў барацьбы ў папярэднім раўндзе клубы 1-й лігі выйшлі на фінішную прамую. У мінулыя выхадныя яшчэ 6 матчаў было згуляна на пляцоўках Гомеля, Мінска і Пастаў. Пастаўчане ў заключным матчы адолелі віцябчан і выйшлі другімі ў нацыянальны фінал за 1—4-е месцы, які пройдзе напрыканцы месяца ў Гомелі.
«Атлант» (Паставы)–«Марка-ВДТУ-2» (Віцебск) – 3:0
На матчы, які доўжыўся больш за гадзіну, прысутнічалі старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік і яго намеснік Станіслаў Чымбург. Спачатку каманды змагаліся на роўных, у нейкі момант сапернік з лікам 7:8 выйшаў наперад. Але нашы ўзмацнілі падачы і гульню ў абароне над сеткай. Шчыльным блокам яны спынілі 12 атак віцябчан і сталі дамінаваць на пляцоўцы. Практычна ўсе нашы валейбалісты вызначыліся эйсамі, а Ягор Дашкевіч і Дзмітрый Палянскі падалі навылет па некалькі разоў запар.
У другой партыі віцебскія ігракі сталі прыкметна адставаць, у трэцяй — амаль дагналі нашу каманду (10:12). Але Аляксандр Пятрэвіч і Аляксей Трацэўскі па-майстэрску завяршалі атакі на флангах. У патрэбны момант пастаўчане вынікова правялі 11 камбінацый першым тэмпам намаганнямі Руслана Вяткіна, Міхаіла Маліёнка і Аляксея Лабуця.
«Атлант» завяршыў паядынак 14-й па ліку пераканаўчай перамогай з лікам 3:0 (25:18; 25:14; 25:15) і набраў 41 ачко.
Лічбы і факты тура
Найбольшую колькасць балаў прынеслі пастаўчанам дыяганальны Ягор Дашкевіч (13 ачкоў), даігроўшчык А. Пятрэвіч (10) і цэнтральны блакіруючы Руслан Вяткін (6). Важкі ўклад у поспех і А. Трацэўскага, М. Маліёнка, А. Лабуця, Р. Сімагасціцкага, Д. Палянскага, Ю. Хадзянка, Р. Мацкевіча, А. Койры, Д. Травы, на пазіцыі лібера — капітана А. Зарэцкага і ветэрана В. Варанца. Для віцябчан сезон завяршыўся на 10-м выніковым месцы (11 ачкоў). Замкнуў турнірную табліцу сталічны РДВАР-2009 пасля паражэнняў з лікам 0:3 ад гродзенцаў і брэстаўчан. На перанесеным туры ў Гомелі лідар — мясцовы «Газавік» — адолеў (3:0) магіляўчан, а «Энергія-2» у чатырох партыях саступіла салігарчанам. На наступны дзень «Газавік» абыграў 3:2 каманду Салігорска, а гомельская «Энергія-2» з такім жа лікам саступіла «Камунальніку-2» (Магілёў).
Хто паедзе ў Гомель?
11 красавіка ў нацыянальным першынстве адбудуцца 4 апошнія матчы папярэдняга этапа. Наш «Атлант» паедзе ў Гомель, а ў першым паўфінале, дакладна, не згуляе з «Газавіком». У заключным туры вызначацца пары паўфіналістаў і каманда, якая зойме 5-е прамежкавае месца, затым у сваім горадзе правядзе суцяшальны турнір за 5—8-е месца.
Уладзімір Шык

