Школьніцай Люда ні пра што іншае, як пра медыцыну, не марыла. Яе мама, Марыя Рыгораўна, працавала медсястрой у Пастаўскай ЦРБ. Дзяўчынка любіла прыходзіць да яе ў тэрапеўтычнае аддзяленне, назіраць, як мама ставіць уколы, кропельніцы, раздае таблеткі, абмяркоўвае дыягназы. А як радасна было бачыць усмешкі на тварах пацыентаў, якія ішлі на папраўку! Маці адгаворвала дачку ад паступлення ў медвучылішча: яна па сабе ведала, якая цяжкая і адказная праца медыка, і хацела, каб дачка выбрала лягчэйшую прафесію. Але катэгарычна пярэчыць не стала, і дзяўчына ажыццявіла сваю мару — скончыла Віцебскі медкаледж.
Сёння Людміла Маслоўская (у дзявоцтве — Татарчук) — старшая медыцынская сястра аддзялення медыцынскай рэабілітацыі №2 АДРАЦ «Ветразь», і ў яе ўжо 20 гадоў стажу. У падначаленні — 6 медсясцёр і 9 чалавек малодшага медыцынскага персаналу. Спраў хапае: складае графікі работы аддзялення, праводзіць планёркі, выдае медыкаменты і афармляе заяўкі на іх, кантралюе работу персаналу, вядзе статыстыку.
Галоўны ўрач АДРАЦ «Ветразь» Сяргей Петухоў так характарызуе супрацоўніцу ўстановы:
— Людміла Іванаўна — надзейны работнік і цудоўная жанчына. У яе выдатная сям’я, усё атрымліваецца на рабоце. Выконваць арганізацыйна-кіруючыя функцыі няпроста і адказна. Спраўляецца з імі паспяхова. А зараз дадаткова выконвае яшчэ і абавязкі галоўнай медсястры, якая знаходзіцца ў чарговым водпуску. І гэта сведчанне высокага даверу ёй з боку адміністрацыі.
Маміны гены перадаліся і дачцэ Яне. Яна ўладкавалася да нас медсястрой, а праз нейкі час прайшла перападрыхтоўку і стала інструктарам лячэбнай фізкультуры. Гэты ўчастак работы цяжкі, тым больш што нямала пацыентаў з асаблівасцямі развіцця. У Яны, як і ў яе маці, хапае на іх такту, цярпення, спагады, душэўнай цеплыні і энергіі.
Сама Людміла таксама гаварыла пра асаблівасці работы з дзецьмі, у многіх з якіх вельмі цяжкія дыягназы. Тут трэба быць не толькі медыкам, але і выхавальнікам, псіхолагам. З мамамі дзяцей, якія знаходзяцца на рэабілітацыі, таксама не заўсёды проста знаходзіць узаемаразуменне. Некаторым медсёстрам не ўдавалася ўстанавіць кантакт з дзецьмі, і яны звольніліся. Людміла ведае, як правільна падысці да дзяцей, бо разам з мужам выхавала чацвярых сваіх.
Не магу не ўзгадаць, што першыя крокі ў медыцыне Люда рабіла побач з маці Марыяй Татарчук — у тэрапеўтычным аддзяленні ЦРБ. У адрозненне ад цяперашняга часу тады ўрачоў і сярэдняга медперсаналу ў бальніцы хапала, і яе ўзялі толькі на чвэрць стаўкі. А калі ў 2005 годзе адкрыўся «Ветразь», уладкавалася туды. Пасля стажыроўкі ў Віцебскай абласной бальніцы некалькі месяцаў была інструктарам лячэбнай фізкультуры, потым галоўны ўрач установы прапанаваў пасаду старшай медсястры. З цягам часу перайшла працаваць у «Ветразь» (у падначаленне дачкі!) і Марыя Рыгораўна. Але праз тры гады яна захварэла на анкалогію.
— Шэсць гадоў мама змагалася за жыццё, не губляла надзеі і не давала мне ўпасці ў роспач, — успамінае Людміла. — Апошнія паўгода я, знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, пераехала да мамы і як магла падтрымлівала яе.
Маці не стала, калі ёй было ўсяго 59. А праз паўтара года раптоўна памёр бацька.
— Калі хварэла мама, я разумела, што яе жыццё завяршаецца, — гаварыла. — Бачыць гэта было невыносна цяжка, але я маральна рыхтавала сябе да таго, што прыйдзецца развітацца навечна. Раптоўная смерць таты як абухом ударыла па галаве…
Замуж Людміла выйшла рана — у 19 гадоў. Бацькі перажывалі: толькі ж пачала вучыцца! Але ўрэшце благаславілі дачку на шлюб з Мішам, бо добра ведалі, які годны яе абраннік (сем’і Татарчук і Маслоўскіх жылі ў Паставах па суседстве і будучы зяць вырас на іх вачах). Вяселле згулялі, калі дзяўчына скончыла першы курс каледжа, а выпускныя экзамены яна здавала, ужо нарадзіўшы дачушку Яну. Некалькі гадоў Люда і Міша жылі разам з яго бацькамі, якія шмат дапамагалі ім і, узяўшы крэдыт, будавалі ўласны дом.
Праз тры гады пасля нараджэння Яны маладая сям’я папоўнілася Юрам, пасля яго праз сем гадоў з’явіўся Ваня, за ім — Ягорка. Тры сыны і дачка! Хіба гэта не найвялікшае сямейнае багацце? Акрамя Ягора, які ходзіць у 8 клас, усе ўжо дарослыя. Яна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, разам з мужам выхоўвае двух сыночкаў — Сашу і Мішу. Сын Маслоўскіх Юра скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, але яго, маладога спецыяліста, не задаволіла зарплата на першым рабочым месцы. Таму вырашыў папрацаваць разам з бацькам на міжнародных перавозках. Ваня — першакурснік Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі. На Вялікдзень ён прыязджаў дадому. Як і кожную нядзелю і ў вялікія рэлігійныя святы, усёй сям’ёй Маслоўскія хадзілі на святую Імшу ў касцёл (дарэчы, Ягор з’яўляецца ў ім міністрантам). Пасля сабраліся за святочным сталом у бабулі і дзядулі — Алены Іванаўны і Лютона Віктаравіча. Вера і рэлігійныя традыцыі яшчэ мацней з’ядноўваюць род, усяляюць надзею, даюць сілы.
Бліц-апытанне
— Што важней — кар’ера або сям’я?
— Безумоўна, сям’я. Калі ў ёй згода і лад, то і на рабоце ўсё атрымліваецца.
— У яе сціпласці.
— Зрабіла б, каб ніколі не хварэлі дзеці і ўсе сем’і былі шчаслівыя.
Фаіна Касаткіна
Фота з архіва сям’і Маслоўскіх






