Вялікдзень — самае важнае і светлае свята для вернікаў. Людзі ідуць у касцёл або царкву, пасля збіраюцца за сталом і частуюцца асаблівымі стравамі. Абавязковы і цэнтральны атрыбут святочнага стала — куліч. А ці ўсе ведаюць чаму? Паводле падання, пасля таго як Хрыстос уваскрэс, ён з’яўляўся апосталам падчас іх трапезы. Тады яны сталі пакідаць для свайго Настаўніка цэнтральнае месца, а пасярод стала ставіць прызначаны для яго хлеб (слова «куліч» перакладаецца з грэчаскай мовы як «хлеб»). З часам узнікла традыцыя ў дзень Уваскрэсення Хрыста ставіць такі хлеб у храме на спецыяльным стале, а таксама на святочным — у сем’ях.
Руплівыя гаспадыні пякуць кулічы самі. Аднак не ў кожнай жанчыны хапае на гэта часу, ды і ўмення. Таму напярэдадні свят асабліва мнагалюдна ў магазінах, дзе выстаўляецца шырокі асартымент хлебабулачнай прадукцыі. А выпякаюць яе кулінары.
— Сёлета мы вырашылі абнавіць асартымент. Да каталіцкага Вялікадня пачалі рыхтавацца за два месяцы, — расказвала загадчык вытворчасці грамадскага харчавання УП «Полацкі рынак г. Віцебска» Крысціна Красоўская. — Запрасілі тэхнолагаў з Мінска і разам з імі распрацавалі новыя вырабы: крафіны, кулічы «Софт», трайфлы, пірожныя шу. У начынцы кулічоў — шакалад, мак, цукаты, і зараз выпечка намнога смачнейшая, чым тая, што была раней. Зрэшты, карыстаюцца попытам і кулічы з разынкамі і памадкай. Напярэдадні каталіцкага Вялікадня ў магазіне «ProЗапас» прадалі 864 кулічы вагой ад 60 да 150 грамаў кожны. Такі ж асартымент з’явіўся тут і ўчора.
Крысціна Мечыславаўна з вялікай павагай і ўдзячнасцю гаварыла пра Ірыну Данілюк і Валянціну Бясклубую, якія ўдзвюх працуюць у кулінарным цэху, у перадсвяточныя дні — з 5 да 21 гадзіны. Нагрузка на кулінараў вельмі вялікая, але спраўляюцца. Менавіта дзякуючы іх нястомнасці выраблена такая вялікая колькасць прадукцыі. 500 кулічоў і 250 караваяў паступіла перад каталіцкім Вялікаднем у гандлёвую сетку раёна з Пастаўскага хлебазавода. Столькі ж яе выраблена на прадпрыемстве і к галоўнаму святу вернікаў праваслаўнай канфесіі. Не засталіся пастаўчане і без тартоў.
Багатай атрымалася ў магазіне «ProЗапас» выстава-продаж кулінарных вырабаў. У асартыменце каля 50 назваў. Карыстаюцца попытам рулеты з кураціны, свініны, рыбы, вантрабянка, адбіўныя, рыбныя катлеты, салаты з агародніны, аформленыя ў выглядзе тартоў, і многае іншае. Над гэтым напружана і творча папрацавалі повары «Паазер’я», «Лагуны» і «Світанка» Людміла Міхневіч, Вікторыя Віхцюк, Ірына Горбуль, Кацярына Болт і Сямён Літвіновіч.
Сёння ў вас яшчэ ёсць магчымасць заглянуць на выставу, каб купіць на святочны стол усё, што пажадаеце. А сеўшы за яго, падзякуйце ў думках людзям, якія прыгатавалі смакату.
Фаіна Касаткіна
Фота Наталлі Налей


