Сёлета каталіцкі Вялікдзень супаў з 90-годдзем Вікенція Вікенцьевіча Падгайскага з Цешалава

Общество

Сёлета каталіцкі Вялікдзень супаў з 90-годдзем майго шаноўнага земляка, далёкага мужавага сваяка — Вікенція Вікенцьевіча Падгайскага з Цешалава.

На дзень нараджэння дзве дарослыя ўнучкі падарылі дзядулю віртуальны альбом, створаны пры дапамозе штучнага інтэлекту з фотаздымкаў пачынаючы ад маладосці да сённяшняга дня. Ёсць сярод іх і тыя, што змяшчаліся ў раённай газеце 30, 40, 50 гадоў назад.

З дзяцінства Вікенцій марыў стаць шафёрам. Ажыццявіў задуманае падчас тэрміновай службы ў арміі ў Германіі. Планаваў, адслужыўшы, уладкавацца таксістам. Але ў Цешалаве сустрэў сваё каханне і прысвяціў сябе працы на роднай зямлі. Быў адным з найлепшых вадзіцеляў былога саўгаса «Пастаўскі». Абкалясіў ледзь не ўвесь Савецкі Саюз. Не меў ні аднаго аварыйнага выпадку. Не ведалі спакою яго ўвішныя рукі і дома, бо трымалі вялікую гаспадарку.

Сёлета каталіцкі Вялікдзень супаў з 90-годдзем Вікенція Вікенцьевіча Падгайскага з Цешалава

Мяняліся на экране здымкі — і ўсплывалі радасныя эпізоды з мінулага. Вікенцьевіч часта ўспамінае іх з жонкай Альфрэдай Фабіянаўнай, з якой у шлюбе ўжо амаль 65 гадоў. Выхавалі цудоўнага сына, Бог даў ім клапатлівую нявестку, узнагародзіў дзвюма ўнучкамі-блізнятамі, цешацца з праўнука і праўнучкі.

Нягледзячы на шаноўны ўз­рост і няпросты жыццёвы шлях, Вікенцій Вікенцьевіч трымаецца бадзёра. За святочным сталом павіншаваць юбіляра сабраліся не толькі самыя родныя. Прыехалі швагерка, пляменнікі, іншая радня. Не забылася пра ветэрана працы кіраўніцтва ААТ «Навасёлкі-Лучай» — з падарункамі завітаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Славамір Шапель, прыйшла віншавальная паштоўка ад старшыні Навасёлкаўскага сельскага Савета Дзіяны Пякарскай. А колькі было тэлефонных званкоў! Увага — заўсёды прыемна. А заслужыў яе Вікенцій Вікенцьевіч сваёй працавітасцю, добрасумленнасцю, адданасцю роднай зямлі.

На наступны дзень у лучайскім касцёле была Імша падзякі Богу за пражытыя гады і атрыманую ласку.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.