11 выпускников Новоселковской СШ им. О.А.Володько попрощались со школьной жизнью

Главное Образование

Сёння ў беларускіх школах звініць апошні званок. Выпускнікі развітваюцца са сваімі ўстановамі адукацыі, настаўнікамі і аднакласнікамі. Для іх пачынаецца новае — дарослае — жыццё. Сярод тых, хто ўступае ў яго, 11 адзінаццацікласнікаў Навасёлкаўскай СШ імя А. А. Валодзькі.

Па словах дырэктара Алены Ластоўскай, гэта адзін з найлепшых класаў школы. Яго вучні ніколі не заставаліся ў баку ад школьных спраў, прымалі ўдзел ва ўсіх святах, працоўных дэсантах, спартыўных спаборніцтвах. Пры гэтым не забывалі пра вучобу. У класе — некалькі прызёраў раённага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. А адна з вучаніц — Аляксандра Болт — з’яўляецца прэтэндэнткай на залаты медаль.

11 выпускников Новоселковской СШ им. О.А.Володько попрощались со школьной жизнью

— Выпускнікі вельмі дружныя, гатовыя падставіць адно аднаму плячо, — гаварыла Алена Іванаўна. — Паміж імі ніколі не было канфліктаў. Акрамя таго, яны вельмі дысцыплінаваныя, адказныя, мэтанакіраваныя. Вызначыліся з выбарам прафесій і настойліва ідуць да сваёй мары. Паступаць будуць усе. Хтосьці — у мед­універсітэт, хтосьці — у ВДУ імя П. М. Машэрава на юрфак і дашкольнае выхаванне. А трое вучняў збіраюцца падаваць дакументы ў Полацкі дзяржуніверсітэт на інфармацыйныя тэхналогіі.

За 7 гадоў класнага кіраўніцтва ў цяперашніх адзінаццацікласнікаў іх школьная мама Ірына Казак не можа прыгадаць выпадку, калі б у яе з вучнямі ўзнікла непаразуменне. Кампраміс знаходзілі заўсёды.

— Калі спачатку вучні прыслухоўваліся да мяне, то ў апошнія гады — у асноўным я да іх, — кажа яна. — Давала свабоду выбару, бо бачыла, што дзеці выраслі, яны самастойныя, разумныя. Вельмі іх люблю і буду вельмі сумаваць. Спадзяюся, усё ў маіх вучняў атрымаецца: яны добра здадуць экзамены і паступяць у выбраныя ВНУ. А я буду ўважліва сачыць за іх жыццём.

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.