Аисты против ЛЭП: энергетики РЭС помогли пернатым восстановить гнездо

Важное Природа

З якімі толькі пытаннямі ні звяртаюцца людзі да нас, у рэдакцыю! Святлана Мядзельская прыйшла з просьбай дапамагчы… буслам.

Тры гады назад на слупе высакавольтнай лініі ў пачатку вуліцы Пралетарскай у райцэнтры буслы зла­дзілі гняздо і пасяліліся ў ім. Жыхары найбліжэйшых дамоў любілі назіраць за белакрылай парай, слу­хаць клёкат, радаваліся, калі пачыналі станавіцца на крыло птушаняты. Буслы, нібыта разумеючы, што выклікаюць сімпатыю да сябе, сталі заглядваць у двары. Святлана, яе суседка Марыя Касцень і іншыя не скупіліся частаваць крылатых гасцей рыбай і іншымі «далікатэсамі».

Мінулай восенню, калі буслы паляцелі ў вырай, энергетыкі знялі іх гняздо. Мера вымушаная, непапулярная, але неабходная. Яна прымяняецца для надзейнасці энергазабеспячэння. Птушыны памёт, сырасць, цвіль, якія назапашваюцца пад гнёздамі, могуць стаць прычынай кароткага замыкання і адключэння электрычнага току. Да таго ж з кожным годам буслы дабудоўваюць свае гнёзды, і яны становяцца ўсё цяжэйшымі, вага можа дасягаць аж да паўтоны. Такая махіна пагражае самой апоры.

Перасяліць буслоў, якія выбіраюць для сваіх гнёздаў слупы ЛЭП, стрэхі дамоў, воданапорныя вежы або верхавіны дрэў, праблематычна. Нават калі разбурыць іх гнёзды, наступнай вясной яны збудуюць на тых самых месцах новыя. Таму энергетыкі пачалі ўстанаўліваць ім пад жыллё металічныя рашоткі на слупах, дзе раней былі гнёзды. Так яны зрабілі і па вуліцы Пралетарскай.

Аисты против ЛЭП: энергетики РЭС помогли пернатым восстановить гнездо

— Аднак нашы буслы, напэўна, не зразумелі, што гэта «фундамент» пад іх дом, і не распачалі яго будаўніцтва. Прыляцяць, пастаяць на рашотцы — і прэч! Як непрыкаяныя мітусяцца па наваколлі. І так шкада іх, бядомных! Мы назбіралі рознага ламачча, паклалі яго непадалёк слупа, а яны ўсё роўна не нясуць яго наверх. Па ўсім бачна, без дапамогі людзей застануцца без жылля. Можа, якая-небудзь арганізацыя выдзеліць вышку, каб закінуць галлё на рашотку? А птушкі працягнуць будаўніцтва…

Па званку з рэдакцыі на просьбу занепакоенай пастаўчанкі адгукнуўся начальнік Пастаўскага раёна электрасетак Мікалай Ожэль.

— Гультаі вашы буслы! — пажартаваў ён. — Але дапаможам ім.

Назаўтра на Пралетарскую прыехала вышка з РЭС, і энергетыкі закінулі на рашотку назапашанае ламачча. Буслы сталі актыўна дабудоўваць гняздо. Магчыма, яны яшчэ паспеюць вывесці патомства. Я прачытала, што іх злучэнне адбываецца не толькі пасля рытуальнага танца, але і пры сумеснай працы над гняздом. Яйкі самка адкладвае ў маі, праз 33-34 сутак з іх вылупліваюцца птушаняты, праз 70 — становяцца самастойнымі.

А ў рэдакцыю зноў завітала Святлана Мядзелькая:

— Перадайце, калі ласка, вялікі дзякуй энергетыкам за тое, што адгукнуліся на просьбу і дапамаглі буслам, — прачулена гаварыла жанчына. — Гэта ж такія птушкі! Яны ўвасабляюць мір, сямейны дабрабыт і вернасць. Няхай так будзе і ў людзей.

Перадаём! А самой Святлане дзякуем за яе нераўнадушнасць.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.