Кожны год з нагоды Дня друку і Дня работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі ў аблвыканкаме ўшаноўваюць пераможцаў абласнога конкурсу сярод журналістаў і рэдакцый СМІ. Сёлета дыплома I ступені ўдастоена карэспандэнт «Пастаўскага краю» Крысціна Рубель за аўтарскі праект «Чалавек і яго справа».
У калектыў рэдакцыі Крысціна прыйшла чатыры гады назад, і яе шлях у журналістыку — асобная гісторыя. Па першай адукацыі яна — настаўнік музыкі і спеваў. Пазней завочна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «Спецыяліст па сацыяльна-культурнай дзейнасці і выкладчык».
Першым працоўным месцам Крысціны стаў нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Праз два гады лёс паклікаў яе ў родныя мясціны — на Пастаўшчыну (Крысціна нарадзілася і вырасла ў Камаях). Дзяўчына з радасцю згадзілася працаваць культарганізатарам у нядаўна адкрытым АДРАЦ «Ветразь». А далей — як у добрай казцы: сустрэла пастаўчаніна Дзмітрыя, выйшла замуж, нарадзіла сыночка Рому. Калі малы пайшоў у дзіцячы садок, маладая мама ўладкавалася туды ж выхавальнікам. Потым працавала педагогам-арганізатарам у раённым цэнтры дзяцей і моладзі, а адтуль пайшла ў другі дэкрэтны водпуск — па доўгачаканую дачушку Сабінку.
Але творчая душа прагнула большага. Даведаўшыся, што раённай газеце патрэбны карэспандэнт, Крысціна адважылася паспрабаваць. Успамінаючы школьны гурток «Юны карэспандэнт» і сваю заметку пра маму, апублікаваную некалькі гадоў таму ў раёнцы, яна прыйшла ў рэдакцыю. Галоўны рэдактар прапанавала напісаць пра чалавека, які пакінуў глыбокі след у яе жыцці. Крысціна зрабіла гэта з душой — і была прынята ў наш калектыў.
Першыя крокі былі нясмелымі. Яна пераглядала артыкулы вопытных калег, вучылася, асэнсоўвала. І хутка не проста ўлілася ў работу, а заззяла: у маладога журналіста мноства ідэй, ад кожнага яе матэрыялу чытачы ў захапленні. А чытацкая ўдзячнасць — найвышэйшая ацэнка для журналіста.
Каб паглыбіць веды ў гэтай цікавай для яе сферы, сёлета Крысціна паступіла ў Інстытут журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. І цяпер паспяхова спалучае вучобу з любімай работай.
— Тое, што мой праект «Чалавек і яго справа» ўдастоены дыплома I ступені, — для мяне вялізны гонар і моцны стымул рухацца наперад, — дзялілася Крысціна. — Найперш хачу падзякаваць героям праекта, якія адкрылі перада мной кулісы сваіх спраў. Асаблівая ўдзячнасць калектыву рэдакцыі за падтрымку і натхненне. І, канечне, усім падпісчыкам «Пастаўскага краю»: без іх наша работа не мела б ніякага сэнсу.
Анна Анішкевіч
Фота газеты «Витебские вести»

