Першымі ў раёне вывелі касілкі на сенажаці механізатары СП «Дунілавічы-агра». У сераду Дзмітрый Лысёнак і Станіслаў Зайцаў працавалі на люцэрнавым полі за Мышкамі. Па наваколлі разносіўся рокат трактароў, за імі роўнымі пракосамі слалася свежаскошаная трава, а яе водарам было не надыхацца. Паміж пракосамі, як аграномы, важна хадзілі буслы, быццам правяраючы якасць работы.
— Скасіць травы першага ўкосу — для нас задача нумар адзін, — гаварылі механізатары. — Адчапілі плугі, культыватары, сеялкі, падчапілі касілкі, граблі, прэсы і працягваем працаваць у напружаным рытме. Разумеем, што ад нас залежаць паказчыкі работы аператараў машыннага даення, даглядчыкаў цялят, таму і стараемся.
Па словах дырэктара сельгаспрадпрыемства Андрэя Сарапененкі, травы маглі б быць і лепшымі: на іх росце адмоўна адбіліся холад і засуха ў дакасавічны перыяд. Цяпер рабоце нярэдка перашкаджаюць дажджы. Тым не менш марудзіць нельга. Час інтэнсіўнай корманарыхтоўкі наступіў.
Касавіца ў гаспадарцы нагадвае сапраўдны канвеер. Работы адначасова вядуцца на розных участках. Скошаная трава правяльваецца. Гэтаму працэсу садзейнічае механізатар Валерый Жуперка, які з дапамогай грабляў жвава варушыць валкі. Падборам і здрабненнем зялёнай масы займаюцца Аляксандр Самковіч і Дзмітрый Жалянцоў. На адвозцы задзейнічаны Георгій Зелянкевіч, Антон Хурда і Вячаслаў Дзіковіч. За дзень яны робяць дзясяткі рэйсаў.
Траншэю ў гэтыя дні закладваюць у Норыцы. Трамбуе масу Міхаіл Бервячонак. Я прыехала сюды разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіліем Катовічам. У прафсаюзнага лідара была прыемная місія — уручыць дыплом Георгію Зелянкевічу, які падчас веснавых палявых работ на падрыхтоўцы глебы да сяўбы яравых заняў 2-е месца ў раёне.
— Лідарства далося дзякуючы таму, што працаваў на новым трактары з шыроказахопным культыватарам, — сціпла гаварыў механізатар.
Хоць на новай тэхніцы сёлетняй вясной працавалі многія, поспеху дабіўся менавіта той, хто і сам не шкадаваў сіл і старання. Георгій і на корманарыхтоўцы сярод найлепшых.
Плюс у надоях зімой закладваецца на летнім полі: своечасова скошаныя і ўбраныя травы першага ўкосу — гарантыя якаснага сенажу і паўнавартаснага другога ўкосу. Зялёны канвеер на СП «Дунілавічы-агра», як і ў іншых гаспадарках раёна, набірае тэмпы.
Анна Анішкевіч






