Николай Скраблевич из Постав выжил в Афгане и вместе с супругой Маргаритой построил дом мечты

Общество

Сядзіба Мікалая і Маргарыты Скраблевічаў па завулку Сонечным у райцэнтры зацікавіла мяне як адмыслова добраўпарадкаваны куточак: прыгожы дом, дэкараваныя гаспадарчыя пабудовы, роўненька падстрыжаныя газоны, прыгожыя вазы пад кветкі, альтанка, мадэлі некалькіх самалётаў, якія ўзнімаюцца ў неба. Чым не тэма для артыкула? Аднак пасля размовы з гаспадаром я зразумела, што абмежавацца толькі добраўпарадкаваннем было б няправільна, бо шмат чаго даведалася пра жыццё Мікалая Аляксандравіча, у якім былі не толькі мірныя будні. І пра гэта варта расказаць на старонках газеты.

Николай Скраблевич из Постав выжил в Афгане и вместе с супругой Маргаритой построил дом мечты

Камандзіроўка ў… невядомасць

З дзяцінства ён марыў стаць лётчыкам, але па зроку не прайшоў медкамісію для паступлення па гэтай спецыяльнасці. Тым не менш свой лёс усё роўна звязаў з авіяцыяй — скончыў Васількаўскае ваеннае вучылішча ва Украіне, якое з’яўлялася кузняй афіцэрскіх кадраў для ваенна-паветраных сіл СССР, а пазней — яшчэ і Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага ў Маскве. Служыць трапіў у Паставы ў 1976 годзе. Часта даводзілася бываць у камандзіроўках, і не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Грузіі, Азербайджане, ва Украіне. Кожны раз ведаў, куды накіроўваюць і з якой мэтай. А вось у той дзень, дакладней, ноччу 25 снежня 1979 года, яму і яшчэ 15 саслужыўцам аб’явілі, што іх на два тыдні каман­дзіруюць, але не праінфармавалі куды. Насцярожыла, што кожнаму выдалі пісталет, чаго раней ніколі не было. Толькі пасля таго як самалёт прызямліўся ва Узбекістане, пастаўчане сталі здагадвацца, што іх, напэўна, адправяць у Афганістан, хаця ў тыя дні ў краіне яшчэ не было аб’яўлена, што кіраўніцтва СССР прыняло рашэнне аб уводзе туды абмежаванага кантынгенту савецкіх войск. Так і сталася.

— Афганістан купляў у СССР самалёты, — расказваў Мікалай Скраблевіч. — Туды іх пераганялі з Узбекістана спецыялісты завода, на якіх самалёты выраблялі або рамантавалі. На гэты раз замест завадчан накіравалі нас. Пераапранулі ў цывільнае адзенне, выдалі пашпарты, адабралі рэчы. Усё абставілі так, што мы — грамадзянскія людзі і накіроўваемся ў камандзіроўку. Як стала вядома пазней, у той жа дзень з Полацка вылецеў у Афганістан Іл-76 з дэсантнікамі на борце. За 36 кіламетраў ад Кабула самалёт разбіўся. У авіякатастрофе загінула 7 членаў экіпажа, 3 афіцэры і 37 дэсантнікаў. У 2024 годзе да гадавіны трагедыі ў памяць пра іх у Баравусе быў адкрыты мемарыял.

Наш самалёт прызямліўся на аэрадроме ў Баграме. Спадзяваліся, што за тыдзень перададзім яго ваеннаслужачым, якія там знаходзіліся, і нас адправяць назад, у Паставы. Аднак чакала іншае: 27 снежня перад намі паставілі задачу ўзяць пад кантроль частку аэрадрома. У кожнага праверылі пісталет, кожнаму далі пароль. У 19 гадзін, калі ўжо было цёмна, пачалася аперацыя: нашы дэсантнікі зачышчалі прылеглую да аэра­дрома тэрыторыю. Немагчыма перадаць словамі ўсё тое, што адбывалася: працаваў мінамёт, ішла бясконцая страляніна з аўтаматаў, узрываліся гранаты. А што маглі зрабіць мы, маючы ў руках толькі пісталеты? Разумелі: трэба ўзбройвацца. Калі праз тры гадзіны страляніна скончылася, мы адправіліся па трафейнаую зброю. Карціна, якую ўбачылі, была жахлівай. Да таго ж у неразбярысе нас ледзьве не пастралялі свае. Выратавала тое, што назвалі свае паролі. На полі бою забралі ў загінулых аўтаматы.

Група пастаўскіх авіятараў, у складзе якой быў Мікалай Скраблевіч, знаходзілася ў Баграме каля трох месяцаў. Ахоўвалі аэрадром і сваё жыллё, рыхтавалі да вылету самалёты: запраўлялі, падвешвалі ракеты і бомбы. Аэрадром гудзеў дзень і ноч, бо з 28 снежня ішла масавая перакідка ў Афганістан савецкіх войск, перавозілася шмат тэхнікі. Не хапала харчавання (за тры месяцы камандзіроўкі Мікалай страціў 8 кілаграмаў), начамі даймаў люты холад, а самае страшнае — пастаянна падсцерагала небяспека.

— Шчасце, што ўсе мы вярнуліся з той засакрэчанай каман­дзіроўкі, — гаварыў Мікалай Аляксандравіч. — Нямала перажылі нашы родныя, якія не ведалі, дзе мы знаходзімся (пісаць нам не дазвалялі) і ці жывыя.

Николай Скраблевич из Постав выжил в Афгане и вместе с супругой Маргаритой построил дом мечты

«Зноў выйшла б замуж за Колю»

Падчас нашай размовы з Мікалаем яму якраз пазваніла жонка, якая гасцявала ў дачкі ў Полацку.

— Маргарыта Дзмітрыеўна, ці здагадваліся вы ў 1989-м, дзе знаходзіўся ваш муж? — спытала ў яе.

— Здагадвалася! — адказвае. — І такая дэпрэсія мяне накрывала, што зусім не было сіл: вярталася з работы, ела і клалася ў ложак. Хацелася толькі, каб хутчэй наступіў новы дзень: можа, ён прынясе якую-небудзь вестачку ад Колі. А можа, што ведаюць пра яго бацькі? Заказала на пошце тэлефонную размову са свекрывёй, якая жыла на Магілёўшчыне. У назначаны час пайшла на тэлеграф і там сустрэла знаёмую. «Што ты тут сядзіш? — кажа. — Нашы прыляцелі з Афгана. Твой Коля ўжо, напэўна, дома!» Як жа я бегла дадому! А там — нікога. Значыць, Коля не вярнуўся?! Пра тое, што ў яго не было ключоў ад дома, нават не падумала. А ўбачыла, як ён выходзіць ад суседзяў, ледзьве не задыхнулася ад радасці.

Мікалай чуе нашу размову, расчульваецца, і яго вочы вільгатнеюць. А Маргарыта працягвае:

— Я — шчаслівая жанчына. Муж добры, клапатлівы, адказны. Мы ў шлюбе 49 гадоў. І калі б у мяне было іншае жыццё, а ў ім — замуства, я зноў выйшла б за Колю.

Николай Скраблевич из Постав выжил в Афгане и вместе с супругой Маргаритой построил дом мечты

Пасля службы…

Маёр Мікалай Скраблевіч камандаваў авіяцыйна-тэхнічным атрадам, і ў яго і думкі не ўзнікала звальняцца, але з 1992 года ў Беларусі пачалося скарачэнне Узброеных Сіл. Авіяцыйную часць у Паставах расфарміравалі. Мікалаю і яго саслужыўцам далі магчымасць перавесціся на службу ў расійскі Ейск. Але ён вырашыў застацца ў Паставах. Час быў цяжкі, з працаўладкаваннем — складана. І маёр запасу, за плячыма якога была акадэмія Жукоўскага і 20 гадоў службы, стаў… вартаўніком.

Николай Скраблевич из Постав выжил в Афгане и вместе с супругой Маргаритой построил дом мечты

— Ніводную работу не лічу заганнай, — гаварыў ён. — Суткі вартаваў будаўнічы ўчастак, а потым аўтабазу райспажыўсаюза, трое знаходзіўся дома. У тыя дні разам з сябрам шабашылі: праводзілі ваду, рабілі ацяпленне. Адначасова будаваў свой дом. І я, і жонка выраслі ў прыватных дамах, жыць у кватэры нам не падабалася.

У вартаўніках Мікалай не затрымаўся: яго назначылі галоўным інжынерам. Менавіта пад кіраўніцтвам старшыні праўлення райспажыўсаюза Рыгора Леўкаўца і галоўнага інжынера Мікалая Скраблевіча ўзводзілася ўзорная на той час вытворчая база прадпрыемства, якая служыць і сёння.

Николай Скраблевич из Постав выжил в Афгане и вместе с супругой Маргаритой построил дом мечты

— Ужо шмат гадоў я на пенсіі і ў такім статусе атрымліваю задавальненне ад жыцця, — дзяліўся мой суразмоўца. — Ва ўласным доме справа заўсёды знаходзіцца. А яшчэ сад, агарод, газоны. Захапляюся мадэляваннем самалётаў. Разам з Рытай падарожнічаем па Беларусі. Вельмі люблю право­дзіць час з унучкай і ўнукам, якія ўсе школьныя канікулы бываюць у нас. Летам катаемся з імі на веласіпедах, зімой — на каньках.

У мінулым месяцы Мікалай Скраблевіч адзначыў сваё 70-годдзе. Акрамя родных, самымі жаданымі гасцямі былі тыя, з кім разам служыў. Іх ваеннае брацтва захоўваецца дзесяцігоддзямі, яны заўсёды на сувязі, а ў знакавыя даты (юбілей — адна з іх) сустракаюцца за сталом, успамінаюць былое, абмяркоўваюць падзеі ў краіне і свеце, дзеляцца ўласнымі навінамі. Чарговая сустрэча дружнай кампаніі адбылася 9 мая. Дзень Перамогі для кожнага з іх — святы.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.