Она была связной и ходила на диверсии. Памяти партизанки Варвары Альшаниковой

Общество

Краіна рыхтуецца да знамянальнай даты — сёлета спаўняецца 81 год з дня Вялікай Перамогі. Гэтай урачыстасці чакаюць найперш ветэраны, хто сваім годным жыццём яе набліжаў. На жаль, сведкаў тых жудасных па­дзей з кожным годам становіцца ўсё менш. Не дажыла да гэтага часу і мая мама — Варвара Міхайлаўна Літвіновіч (у дзявоцтве — Альшанікава). Але памяць пра яе і яе гераічнае мінулае жыве ў сэрцах яе родных.

Яна нарадзілася ў вялікай дружнай сям’і Альшанікавых у вёсцы Ізбішча, што на Расоншчыне. Вучылася ў мясцовай сярэдняй школе, дзе настаўнікам фізікі быў сам Пётр Міронавіч Машэраў. Пасля заканчэння васьмі класаў мама распачала работу ў аддзеле аператыўнага ўліку нарыхтжывёлы Расонскага раёна. Але папрацавала нядоўга: пачалася вайна… Фашысты спалілі вёску, згарэла і родная маміна хата. На яе месцы застаўся толькі вялікі камень — нямы сведка тых страшных падзей. Сям’і прыйшлося жыць у зямлянцы.

У 1942 годзе ў расонскіх лясах на базе ініцыятыўнай групы быў створаны партызанскі атрад імя Катоўскага, які ўвайшоў у склад брыгады імя Ракасоўскага. Камандзірам атрада быў стрыечны брат мамы Пётр Альшанікаў. Разам з іншымі вяскоўцамі ў рады партызан уступіла і мая 18-гадовая матуля. Была сувязной, выконвала ўсё, што ёй даручалі: удзельнічала ў баях пры выхадзе атрада з блакады, разгроме варожых гарнізонаў, трымала сувязь з падпольшчыкамі, раздавала медыкаменты, соль, мыла, дапамагала па кухні, даглядала раненых. Неаднаразова выходзіла на сувязь з агентамі. Дастаўляла каштоўныя звесткі, зброю, боепрыпасы. Рызыкуючы жыццём, пераносіла іх у кошыку разам з яйкамі, трусянятамі.

Она была связной и ходила на диверсии. Памяти партизанки Варвары Альшаниковой

Мама як магла старалася дапамагаць воінам і партызанам. А перад гэтым скончыла школу дыверсіі ў Расонах. Усё, чаму там навучылася, вельмі спатрэбілася ёй у партызанскай дзейнасці. У гэтым жа атрадзе змагаліся з ворагам і сястра Анфіса, якая падарвалася на міне, і брат Уладзімір. Пасля вайны ён быў накіраваны ўчастковым інспектарам у Пастаўскі раённы аддзел унутраных спраў, а ў 1948 годзе — забіты бандытамі ў момант бою пры правядзенні аперацыі па знішчэнні банды, якая дзейнічала ў Дунілавіцкім раёне Полацкай вобласці.

Прозвішча мамы занесена ў кнігу «Памяць». За мужнасць, праяўленую ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, яна ўдастоена розных узнагарод. Справы слаўнай патрыёткі адзначаны медалямі «Партызан Айчыннай вайны I ступені», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» і іншымі ўзнагародамі.

Пасля Перамогі маму накіравалі ў Пастаўскі раён, дзе з 1946 года яна працавала сакратаром у раённым аддзеле ўнутраных спраў, мела званне «малодшы лейтэнант». Затым была пераведзена пашпартыстам у пашпартны стол РАУС. А з 1952-га 25 гадоў была загадчыкам аддзела ЗАГС. За гэты час уручыла не адзін дзясятак пасведчанняў аб рэгістрацыі шлюбу, нованароджаных. Яна заўсёды жартам успамінала: «Я самая багатая бабуля ў свеце: у мяне многа ўнукаў, ёсць праўнукі».

Она была связной и ходила на диверсии. Памяти партизанки Варвары Альшаниковой

Мама любіла людзей, і яны хінуліся да яе. Умела выслухаць і даць мудрую параду. Падоўгу затрымлівалася з маладымі, гутарыла, пераконвала. Да яе ахвотна ішлі, з ёй згаджаліся, а іншы раз у чымсьці перад ёй раскайваліся. Не лічылася з часам для карысці справы.

Асабліва чакала сустрэчы з баявымі таварышамі. Неаданаразова ездзіла на іх у Расонскі раён. Над­звычай цікава такія мерапрыемствы праходзілі пры жыцці Пятра Машэрава. Ён па-ранейшаму згуртоўваў былых партызан і падтрымліваў іх. А найперш заўсёды цікавіўся іх здароўем і сямейнымі справамі. І вельмі радаваўся, калі лёс у яго сяброў складваўся добра. Мама захаплялася дасціпным гумарам, камунікабельнасцю гэтага чалавека, яго імкненнем дапамагчы кожнаму. І як былы настаўнік ён вучыў іх жыццёвай мудрасці.

Она была связной и ходила на диверсии. Памяти партизанки Варвары Альшаниковой
Наталія Казак

Мама часам адкрывала нам, сваім дзецям, таямніцы сваёй душы, са слязамі на вачах расказвала пра ўласнае дзяцінства, апаленую вайной маладосць, нялёгкае пасляваеннае жыццё. У такія моманты мы былі гатовыя гадзінамі слухаць яе шчымлівыя аповеды. Яна часта выступала перад вучнямі ў школах, да яе заўсёды наведваліся дзеці, каб павіншаваць з Днём Перамогі. А яна шчыра, па-мацярынску іх сустракала. Член КПСС з больш чым 30-гадовым стажам, яна праводзіла вялікую работу па патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення.

Адышлі ў вечнасць дарагія мне людзі, няма ў жывых і мамы. Штогод, у Дзень Перамогі, мы абавязкова едзем на могілкі з кветкамі. Я, яе дачка, вельмі ганаруся тым, што сваю часцінку душы ў Перамогу ўклала і мая матуля, нізка схіляюся перад яе мужнасцю і адданасцю Радзіме. Для мяне яна — прыклад ва ўсім.

Наталія Казак



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.