Стали известны итоги участия команды СШ №2 в проекте «Карьерно-образовательные траектории выпускников школ»

Образование

Натхнёныя і з узнагародамі вярнуліся з фіналу прафарыентацыйнага праекта «Кар’ерна-адукацыйныя траекторыі выпускнікоў школ», які праводзіўся эканамічным факультэтам БДУ, настаўніца інфарматыкі СШ 2 г. Паставы імя Н. М. Асяненкі Рыта Макруш, 9-класнікі Раман Максімаў, Ксенія Крыштафовіч і іх бацькі Таццяна Максімава і Вадзім Крыштафовіч.

6 месяцаў работы над будучыняй

Пра праект Рыта Міхайлаўна даведалася год назад ад выпускніцы школы Анастасіі Літвіновіч, якая цяпер выкладае матэматыку на эканамічным факультэце Белдзярж­універсітэта. Але тады пры­няць у ім удзел не атрымалася. У пачатку гэтага навучальнага года вырашыла паспрабаваць. Звязалася з былой вучаніцай, распытала пра ўсё і зарэгістравалася на сайце факультэта, дзе прайшла анлайн-навучанне як будучы ментар і праваднік праекта ў сваёй навучальнай установе. Затым расказала пра яго вучням і прапанавала паўдзельнічаць.

Жаданне выказалі трое: Раман Максімаў, Ксенія Крыштафовіч і Аляксандр Жыгалка. Яны таксама зарэгістраваліся на сайце і выканалі шэраг абавязковых заданняў: праслухалі 8 лекцый і 12 інтэрв’ю з прадстаўнікамі кампаній-партнёраў факультэта пра трэнды рынку працы і тое, як стаць паспяховым у жыцці; прайшлі псіхалагічнае і прафарыентацыйнае тэсціраванне; зрабілі SWOT-аналіз сваіх індывідуальных якасцей, кар’ерных пераваг і даступных рэсурсаў; склалі персанальную карту кар’ерна-адукацыйнай траекторыі. Пасля гэтага школьнікі напісалі даследчае эсэ на тэму «Мая кар’ерна-адукацыйная траекторыя».

Стали известны итоги участия команды СШ №2 в проекте "Карьерно-образовательные траектории выпускников школ"

Усе творчыя работы — а іх аказалася больш за 100 — арганізатары праекта размясцілі без указання аўтарства ў электроннай версіі брашуры, якая будзе выдадзена, і прапанавалі вучням, іх бацькам і настаўнікам, прадстаўнікам эканамічнага факультэта і партнёрам выбраць лепшыя. Па выніках галасавання аўтараў 28 эсэ, у лік якіх трапілі Раман Максімаў і Ксенія Крыштафовіч, разам з настаўнікам і адным з бацькоў у красавіку запрасілі на два дні ў Вучэбны цэнтр Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь у Раўбічах на фінал праекта.

У рэжыме нан-стоп

— Спачатку ўсіх запрошаных сабралі ў канферэнц-зале, дзе перад намі выступілі дэкан, яго намеснік і выкладчыкі эканамічнага факультэта БДУ, першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка, прадстаўнікі ААТ «Банк БелВЭБ», Парка высокіх тэхналогій і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія з’яўляюцца партнёрамі праекта, — расказвала Рыта Макруш. — Яны гаварылі пра адукацыю і рынак працы, ненавязліва падштурхоўваючы вучняў да думкі, што неабходна развівацца, каб быць паспяховым у жыцці. Затым нас раздзялілі на групы па ­12-13 чалавек, у якіх мы павінны былі працаваць. У склад кожнай уваходзілі некалькі навучэнцаў, настаўнік, па двое бацькоў, прадстаўнікоў эканамічнага факультэта, бізнесу і студэнтаў. Работай у групах кіравалі выкладчыкі ўніверсітэта.

Арганізатары вылучылі 16 трэндаў — асноўных напрамкаў, па якіх павінна развівацца беларускае грамадства, — і фіналісты абмяркоўвалі іх. Кожны выказваў сваё меркаванне з пазіцыі вучня, бацькі, педагога, без пяці хвілін спецыяліста і работадаўца. Трэнды былі абсалютна розныя. Яны датычылі карыстання інтэрнэтам непаўналетніх, стварэння маладымі людзьмі сем’яў і нараджэння дзяцей, іншых важных аспектаў. Пры гэтым удзельнікам было неабходна адкінуць тры найменш актуальныя на іх погляд трэнды і дабавіць два сваіх, а потым прапанаваць уласныя праекты, здольныя паўплываць на развіццё грамадства. У выніку з 12 ініцыятыў шляхам галасавання былі выбраны 6 найлепшых. Сярод іх — «Міністэрства лічбавай эканомікі» пад кіраўніцтвам Рыты Макруш і Рэспубліканская платформа сямейнага дабрабыту «Мая сям’я», адным з распрацоўшчыкаў якой выступіў Раман Максімаў.

— Я вельмі ганаруся сваімі вучнямі, бо яны прадстаўлялі праекты з боку навучэнцаў, — гаварыла Рыта Міхайлаўна. — Група, у якой працаваў Раман, рабіла яго пра сувязь пакаленняў. Тая, куды ўвахо­дзіла Ксенія, — па стварэнні платформы для выбару прафесій выпускнікамі. Цудоўна праявілі сябе і бацькі. Яны актыўна дыскутавалі, прагназавалі будучыню дзяцей. У іх, як і ў вучняў, гарэлі вочы.

Вылучаныя ініцыятывы не ацэньваліся. Магчыма, у далейшым некаторыя з іх стануць асновай для сур’ёзнай дзяржаўнай работы. А вось сярод эсэ генеральны партнёр праекта Банк БелВЭБ выбраў 3 найлепшыя па яго меркаванні. Адным з іх аказалася творчая праца Рамана Максімава, якая заняла 2-е месца. Таксама арганізатары ўзнагародзілі аўтараў 5 і 13 лепшых эсэ па выніках агульнага галасавання. У ім Раман заняў 5-е месца, Ксенія — 6-е. Вучні атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі, бацькі — сертыфікаты, настаўнікі — падзякі.

— Два дні мы жылі ў рэжыме нан-стоп: лекцыі, абмеркаванні, выступленні… — працягвала Рыта Макруш. — Безумоўна, стаміліся. Але атрымалі неверагодны зарад аптымізму, радасць ад зносін і новых сяброў, абмяняліся тэлефонамі і адрасамі. Праект прымусіў дзяцей і бацькоў задумацца пра будучыню, скарэкціра­ваць свае планы. Вучні ўбачылі, што цэняць студэнты, куды яны скіраваныя, у іх з’явілася жаданне чагосьці дабівацца ў жыцці. На наступны год абавязкова будзем зноў удзельнічаць у праекце, цяпер ужо з большай колькасцю вучняў.

Алена Шапавалава
Фота з сайта эканамічнага факультэта БДУ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.