У мінулую пятніцу Пастаўшчына звінела не толькі галасамі міжнароднага фестывалю народнай музыкі, але і выпускнымі вечарамі ў 11-класнікаў. На адным з іх, у Пастаўскай гімназіі, пабывала карэспандэнт «ПК».
Гімназія выпускала ў самастойнае жыццё 20 юнакоў і дзяўчат. Сямёра з іх — Глеб Кісель, Ганна Колесень, Мілана Мажэйка, Мікіта Снапок, Кацярына Хвіцько, Дзіяна Шубелька і Міхаіл Шуранаў — скончылі альма-матар з залатым медалём. Двое — Мілана Мажэйка і Мікіта Снапок — набралі на цэнтралізаваных экзаменах 100 балаў па прадмеце. Прычым у Міланы максімальны вынік на абодвух ЦЭ — па беларускай мове і біялогіі. У Мікіты запаветная «сотка» па мове і 94 балы па матэматыцы. Паказальна, што родную мову ў іх выкладала класны кіраўнік Ніна Субач — адна з наймацнейшых настаўнікаў-беларусазнаўцаў у раёне, якая падрыхтавала нямала пераможцаў раённага і абласнога этапаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
— У нас яшчэ ніколі не было адразу семярых медалістаў і трох 100-бальных вынікаў на цэнтралізаваных экзаменах, — з гордасцю гаварыў дырэктар навучальнай установы Славамір Каранеўскі. — Сёння мы выпускаем па-сапраўднаму залаты фонд гімназіі. Нашы медалісты — вялікія працаўнікі, яны заслужылі свае ўзнагароды, што пацвердзілі на экзаменах. Ды і астатнія выпускнікі парадавалі ведамі. Гэта заканамерны вынік сумеснай працы вучняў і тых, хто рыхтаваў іх, дапамагаў, падказваў, — настаўнікаў і бацькоў. Але найбольшы ўклад Ніны Дзмітрыеўны Субач, якая на працягу 7 гадоў была для гімназістаў другой мамай.
Уручыўшы выпускнікам атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі і сертыфікаты ЦЭ, медалі і Пахвальныя лісты за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў, Славамір Часлававіч пажадаў ім ажыццявіць намечаныя планы, не забываць пра сваю малую радзіму і зробленае для іх бацькамі і педагогамі. А яшчэ — заўсёды заставацца людзьмі з вялікай літары, памятаць, што ў руках у кожнага не толькі ўласная будучыня, але і будучыня ўсёй нашай краіны.
Выпускны вечар — яркая і незабыўная падзея. У ёй пераплятаюцца радасць і сум, усмешкі і слёзы на вачах, хваляванне і гордасць, шчырыя словы ўдзячнасці і сардэчныя пажаданні. Усё гэта было на свяце, якое стала своеасаблівай рэтраспектывай школьнага жыцця выпускнікоў. Кадры сямейнай і гімназічнай фотахронікі, гумарыстычныя сцэнкі і відэа вярнулі юнакоў і дзяўчат, іх блізкіх і настаўнікаў у той час, калі ўсё толькі пачыналася, і расказалі пра гады вучобы.
Кранальна, з адраснымі пажаданнямі віншавалі 11-класнікаў з заканчэннем гімназіі малодшыя браты і сёстры. Выйшлі на сцэну і бацькі выпускнікоў, якія разам з дзецьмі стаяць на парозе іх дарослага жыцця. «Сядаючы» ў «цягнік Гімназія—Інстытут», мамы і таты ад усяго сэрца падзякавалі педагогам, а асабліва Ніне Субач, за навучанне і выхаванне дачок і сыноў.
Бясконца дзякавалі настаўнікам за атрыманыя веды і тое, што вучылі іх не проста формулам і правілам, а жыццю, і самі выпускнікі. Кожнаму педагогу падарылі кветкі. Ну а самыя цёплыя словы адрасавалі сваёй класнай маме, паабяцаўшы заўсёды яе памятаць і абняўшы па чарзе на развітанне.
— Я не магу сказаць, што мы развітваемся, — звярнулася са словам на дарогу да любімых вучняў Ніна Субач. — Мы будзем бачыцца, перапісвацца, тэлефанаваць адно аднаму. Вы заўсёды будзеце са мной, а я — з вамі ў вашых сэрцах, думках, памкненнях. Жадаю вам веры, надзеі і любові. Веры ў тое, што вы зможаце ўсё. Надзея заўсёды вас падтрымае. Любові да бацькоў, сяброў, нашай малой радзімы. Няхай у вашым жыцці ўсё складзецца так, як задумалі. У добры шлях і толькі зялёнага святла вам!
На памяць пра сябе, гімназію і гэты вечар Ніна Дзмітрыеўна падарыла кожнаму выпускніку сімвалічны сувенір — маленькі званочак.
Алена Шапавалава










