Паставы ў аб’ектыве — так называецца фотавыстава фатографа аддзела навукова-фондавай работы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Таццяны Лабацкай і карэспандэнта раённай газеты «Пастаўскі край» Іны Стаднік.
Выстава адкрылася ў аўторак у фае райвыканкама. Гэта сумесны праект Віцебскага абласнога і Пастаўскага раённага краязнаўчых музеяў, рэалізаваны ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца Беларусі». Яго ініцыятарам выступіла Таццяна Лабацкая. Некалькі месяцаў назад упершыню пабываўшы ў Паставах, яна ўразілася архітэктурай горада, зрабіла некалькі фотаздымкаў і загарэлася ідэяй паказаць іх пастаўчанам. Каб дапоўніць выставу работамі мясцовага фатографа, звярнулася ў раённы краязнаўчы музей, дзе ёй далі кантакты Іны Стаднік. Фота нашай калегі адразу спадабаліся Таццяне Уладзіміраўне, яна ацаніла прафесіяналізм аўтара. У многім дзякуючы работам Іны, якіх пераважная большасць, выстава атрымалася шматграннай. На ёй прадстаўлена не толькі архітэктура, але і маляўнічыя пейзажы горада, занатаваныя ў розныя поры года з незвычайных ракурсаў.
— Далёка не кожнаму дадзена так убачыць наш горад і прыроду. Так паказаць на першы погляд нічым непрыкметныя мясціны, каб яны выклікалі захапленне, — адзначыў на адкрыцці выставы старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Кісялёў.
Ён падзякаваў аўтарам за цёплыя і ўзвышаныя адносіны да Пастаў і гісторыі горада, выказаў упэўненасць у тым, што выстава прыцягне ўвагу многіх гараджан, і пажадаў фатографам далейшых поспехаў у творчасці.
— Сёння, калі зрабіць фота тэхнічна элементарна — трэба толькі дакрануцца пальцам да экрана, на першы план выходзіць майстэрства душы фатографа, — прадоўжыла загадчык аддзела навукова-фондавай работы Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Вольга Ануфрыева. — Зараз амаль усе фотаздымкі мы захоўваем у лічбе і рэдка раздрукоўваем. Але любоў, якой прасякнуты прадстаўленыя тут фота, рэальная, не лічбавая.
На памяць Вольга Валер’еўна падарыла Іне Стаднік і Пастаўскаму раённаму краязнаўчаму музею кнігі пра віцебскага мастака Сігізмунда Юркоўскага. Затым аўтары работ расказалі прысутным — а іх сабралася нямала — пра тое, як стваралася экспазіцыя.
Іна Стаднік пачала выступленне са слоў удзячнасці віцебскаму музею за магчымасць творча прызнацца ў любові да свайго горада.
— Хоць Паставы не мая радзіма — нарадзілася я ў Лынтупах, — за апошнія 16 гадоў яны сталі для мяне самымі роднымі, — гаварыла яна. — Дарагім сэрцу горад зрабіла ў тым ліку мая работа. Без журналістыкі і раёнкі не было б гэтай выставы. Працуючы ў газеце, ты пастаянны кудысьці бяжыш. Спяшаешся з фотаапаратам на мерапрыемства і раптам бачыш, як прыгожа ўзыходзіць сонца, што пасля дажджу з’явілася вясёлка.
Па словах Іны, райгазета падарыла ёй і найлепшых сяброў — Рыту Шылей і Андрэя Мацура. У свой час яны арганізавалі ў Паставах фотаклуб «Светосила» і сваім прыкладам паказвалі: нават у маленькім горадзе можна зрабіць цікавыя, жывыя кадры. «Фатаграфія — гэта не пра тое, дзе ты жывеш, а як глядзіш на свет», — заключыла фатааматарка.
Алена Шапавалава





