На мінулым тыдні на Пастаўшчыне, як і па ўсёй краіне, пачалі работу школьныя аздараўленчыя лагеры. Чым занятыя ў іх дзеці і як ставяцца да такой формы арганізацыі летняга адпачынку юных беларусаў бацькі, высвятляла карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава.

Ірына Казак, важатая лагера «Дружба» СШ №4 г. Паставы імя В. Ф. Франтова
— Наш лагер міжшкольны, у ім аздараўліваюцца дзеці з усяго горада. У асноўным тыя, хто наведвае нядзельную школу пры храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Лагер з’яўляецца як бы працягам выхаваўчага працэсу ў ёй. Кожны дзень мы пачынаем з сумеснай малітвы. Затым снедаем і адпраўляемся на якое-небудзь мерапрыемства.
У нас вельмі насычаная і разнастайная праграма. Акрамя грошай, якія выдзяляе на летняе аздараўленне школьнікаў дзяржава, значную суму даў настаяцель храма айцец Валерый. Таму мы можам дазволіць сабе шмат актыўнасцей. Так, у пятніцу ездзілі на БелАЗ у Жодзіна і ў Хатынь. У аўторак адправімся ў паломніцкую паездку ў Полацк, там два дні будзем жыць і працаваць у Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры. Затым пабываем у манастыры і саборы ў Глыбокім. 15 чэрвеня паедзем у Друю. Таксама рэгулярна наведваем пастаўскі храм і сустракаемся з бацюшкам. Ёсць у праграме і экскурсіі на прадпрыемствы горада, каб дзеці ўбачылі, як працуюць пастаўчане. Такім чынам выхоўваем у іх павагу да працы.
Юлія Мацкевіч, начальнік лагера «Вясёлы вулей» Варапаеўскай СШ
— У двух атрадах нашага лагера адпачываюць і аздараўліваюцца 44 вучні школы. Ахвотных трапіць у яго было больш, але ўзяць змаглі не ўсіх, перавагу аддавалі пачаткоўцам. Стараемся, каб дзеці правялі час цікава і з карысцю. Цесна супрацоўнічаем з пасялковай бібліятэкай, якая запрашае нас на разнастайныя забаўляльна-пазнавальныя мерапрыемствы. Настаўнік фізічнай культуры школы праводзіць спартыўныя спаборніцтвы і абавязковую ранішнюю зарадку. Вялікую ўвагу ўдзяляем патрыятычнаму выхаванню вучняў: вывучаем родны пасёлак, ладзім экскурсіі ў школьны музей па тэме «Генацыд беларускага народа» і інш. 22 чэрвеня будзем ускладаць кветкі да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Кожны дзень у лагеры тэматычны: пешахода, здароўя, прававых ведаў, экалогіі і г.д. Не забываем і пра бяспеку дзяцей: праводзім з імі гутаркі на гэту тэму, аформілі куток бяспекі.
Што да харчавання, то яно трохразовае і даволі разнастайнае: у меню ёсць сокі, садавіна, ёгурты. Пры гэтым бацькоўская плата за знаходжанне дзіцяці ў лагеры складае ўсяго 8 рублёў. Гэта 5% ад кошту пуцёўкі.
Людміла Сіманайц, мама 5-класніка Філіпа
— Аддаю сына ў лагер ужо другі год. Летась паспрабавалі запісацца, Філіпу вельмі спадабалася, бо ў лагеры насычаная праграма: конкурсы, спартыўныя мерапрыемствы, разнастайныя экскурсіі. І сёлета ён сам сказаў мне: «Мама, я зноў хачу». Паколькі ў нашай СШ №2 рамонт, сын ходзіць у лагер першай школы.
Вельмі задаволеная тым, што дзіця пад наглядам і накормленае, пакуль я на рабоце. Не трэба думаць, дзе і што яно робіць, бо ў нас няма побач бабуль з дзядулямі, да якіх можна было б яго завезці. У школьным лагеры бачу адны плюсы: рэжым, выдатнае харчаванне, адсутнасць гаджэтаў, разнастайныя віды дзейнасці. Акрамя таго, гэта зусім не адчуваецца на сямейным бюджэце, знайсці 8 рублёў можа абсалютна любая сям’я. Як і іншыя бацькі, удзячная дзяржаве за тое, што бярэ на сябе амаль усе фінансавыя выдаткі па летнім адпачынку нашых дзяцей.
