Амбіцыйная, мэтанакіраваная, не баіцца цяжкасцей. Так некалькімі словамі можна ахарактарызаваць загадчыка аддзялення ўрачоў агульнай практыкі паліклінікі Пастаўскай ЦРБ Анастасію Танану.
Быць медыкам Анастасія марыла з дзяцінства. Перад вачыма быў прыклад бабулі Зоі Далжонак, якая доўгі час працавала фельчарам у Варапаеўскай раённай бальніцы, а пазней — у мясцовай школе, дзе вучылася дзяўчына. Бацькі бачылі дачку стаматолагам. Сама ж яна не думала пра нейкую пэўную спецыяльнасць, медыцыну разглядала ў цэлым як сферу дзейнасці. Калі скончыла 9 класаў, на сямейным савеце вырашылі, што трэба рухацца ў бок будучай прафесіі. І сярэднюю адукцыю Насця атрымлівала ўжо ў полацкай СШ №16, дзе быў хіміка-біялагічны клас, які курыраваў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт.
— Туды мяне залічылі па выніках гутаркі, папярэдне паглядзеўшы мае гадавыя адзнакі, — расказвала Анастасія Танана. — У класе я адна была здалёк, астатнія вучні — з Полацка і Наваполацка. Мы пастаянна ездзілі ва ўніверсітэт на лекцыі, пробныя тэсціраванні, экскурсіі. Два гэтыя гады я жыла ў родных бацькі.
Але паступіць у ВДМУ з першага разу не атрымалася: на бюджэт не хапіла пары балаў. І Анастасія падала дакументы ў ВДУ імя П. М. Машэрава на хіміка-біялагічны факультэт. Адвучыўшыся год, падчас летняй сесіі, якую здавала, зноў пайшла штурмаваць медуніверсітэт. І дабілася свайго: стала яго студэнткай! Дапамаглі ў тым ліку падрыхтоўчыя курсы, арганізаваныя ўніверсітэтам для абітурыентаў, якія наведвала па вечарах на працягу года. Пры паступленні выбрала лячэбную справу, а пазней — спецыяльнасць урача агульнай практыкі, якая дае магчымасць пры жаданні перакваліфікавацца практычна ў любога вузкага спецыяліста.
— Інтэрнатуру я праходзіла ў Пастаўскай ЦРБ, — працягвала малады доктар. — Першыя крокі ў медыцыне: вядзенне дакументацыі, прыём хворых — рабіла пад кіраўніцтвам Міхаіла Лявонцьевіча Петуха, які загадваў аддзяленнем урачоў агульнай практыкі. А калі атрымала дыплом і стала працаваць самастойна, пачаўся каранавірус. Гэта быў няпросты час — сапраўднае выпрабаванне на стойкасць. Пашанцава, што медсястрой на маім участку №6 была вельмі вопытная Галіна Уладзіміраўна Лосік, якую лічу сваім другім кіраўніком. Калі я як малады спецыяліст чагосьці не ведала, яна магла мне падказаць.
Пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі Анастасія прыняла рашэнне застацца ў райбальніцы, паколькі далі арэнднае жыллё, падабаўся калектыў і была падтрымка з боку кіраўніцтва ўстановы ў плане прафесійнага развіцця. У 2023 годзе ёй прапанавалі прайсці курсы па отарыналарынгалогіі, бо ЛОР-урач пайшоў на пенсію. Згадзілася і са студзеня па май вучылася ў профільным рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры. Але пакідаць тэрапію не хацела. Таму, вярнуўшыся дамоў, стала сумяшчаць работу на ўчастку ўрачом агульнай практыкі з работай ЛОРа на 0,5 стаўкі. Праз паўгода прыняла новую прапанову — заняць пасаду загадчыка аддзялення ўрачоў агульнай практыкі. Пры гэтым прадоўжыла працаваць ЛОРам, пакуль не з’явіўся яшчэ адзін такі спецыяліст.
Цяпер як оталарынголаг Анастасія Танана ўваходзіць у склад вадзіцельскай камісіі і ў выпадку неабходнасці замяняе калегу на прыёме пацыентаў. Галоўнай жа яе справай з’яўляецца кіраўніцтва аддзяленнем.
— Зараз у Беларусі адбываецца лічбавізацыя медыцыны, ствараюцца электронныя медыцынскія карты пацыентаў, — гаварыла суразмоўца. — Займаемся гэтым і мы. Друкуем дзённікі для будучых медкарт, куды запісваем вынікі аглядаў, здачы аналізаў і іншае. Асабіста я кантралюю, каб урачы ўносілі ўсю інфармацыю пра пацыентаў. Вялікую ўвагу надаю правядзенню дыспансерызацыі насельніцтва, якая адыгрывае важную ролю ў прафілактыцы захворванняў. Складаю штомесячны план і сачу за яго выкананнем.
Па словах галоўнага ўрача УАЗ «Пастаўская ЦРБ» Паўла Качана, дыспансерызацыя сёлета ідзе па графіку і павінна быць выкананая ў поўным аб’ёме. Заслуга Анастасіі Тананы таксама ў наладжванні абмену інфармацыяй паміж урачамі агульнай практыкі і іншымі спецыялістамі не толькі цэнтральнай раённай бальніцы, але і ўсіх структурных падраздзяленняў установы аховы здароўя.
Як і раней, дзяўчына паглыбляе свае веды, працягваючы развівацца ў галіне тэрапіі. Яна па ўласнай ініцыятыве штомесяц праходзіць навучальныя курсы афлайн і анлайн.
Алена Шапавалава

