Сердце отдано детям: Нина Касперович 50 лет стоит на страже прав несовершеннолетних

Общество

У мінулую пятніцу тэлефон загадчыка аддзела прафілактыкі Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пастаўскага раёна Ніны Каспяровіч літаральна разрываўся ад шматлікіх званкоў і СMС-паведамленняў з віншаваннямі з юбілеем. Яны ляцелі з розных куткоў не толькі Пастаўшчыны, але і Віцебшчыны, з Гродзеншчыны, Мінска ад родных, знаёмых, калег. Многія віншавалі Ніну Серафімаўну асабіста, прыйшоўшы ў СПЦ. Яно і не дзіўна: юбілярка — асоба вядомая, амаль паўстагоддзя працуе ў сістэме адукацыі раёна, доўгі час займалася абаронай правоў дзяцей.

Па прыступках пасад

Працоўны шлях выпускніцы фізічнага факультэта Гродзенскага педагагічнага інстытута пачаўся ў Лукашоўскай СШ. Яе ўраджэнка Мастоўшчыны выбрала сама пасля таго, як атрымала накіраванне на работу ў наш раён. Тры гады была ў школе проста настаўнікам, наступныя сем — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. А затым кіраўніцтва аддзела адукацыі перавяло ў метадычны кабінет.

У той час станцыю юных тэхнікаў аб’ядноўвалі з турыстычнай базай і Домам піянераў. Ствараць аб’яднанне пазашкольных устаноў даручылі маладой і актыўнай Ніне Каспяровіч. Яго дырэктарам жанчына адпрацавала пяць гадоў. Абуладкавала будынак былой СШ №1, зрабіўшы ў ім рамонт. Стала каардынаваць выхаваўчую работу ў раёне і праводзіць розныя мерапрыемствы для школьнікаў. Пры Ніне Серафімаўне на базе аб’яднання прайшлі абласны і рэспубліканскі семінары па выхаваўчай рабоце.

Сердце отдано детям: Нина Касперович 50 лет стоит на страже прав несовершеннолетних

У пачатку 90-х вярнулася ў аддзел адукацыі райвыканкама і ўзначаліла сектар па ахове дзяцінства. Як галоўны спецыяліст разам з метадыстамі сектара на працягу трох дзесяцігоддзяў выяўляла дзяцей, якія знахо­дзіліся ў сацыяльна небяспечных умовах, і праводзіла работу з бацькамі, прафілактавала правапарушэнні падлеткаў, уладкоўвала сірот у дзяржаўныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і. Уласна кажучы, сама стварала гэтыя сем’і, угаворваючы жыхароў раёна стаць прыёмнымі бацькамі. Першы на Пастаўшчыне дзіцячы дом сямейнага тыпу — таксама вынік працы Ніны Серафімаўны. Яна займалася ўсімі пытаннямі — ад яго абсталявання да адкрыцця. Акрамя таго, шмат гадоў вяла пытанні аздараўлення дзяцей, дапамагала тым, хто да яе звяртаўся, складаць іскавыя заявы ў суд аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, вызначэнні месца жыхарства непаўналетніх, устанаўленні або аспрэчванні бацькоўства.

Ніна Каспяровіч мае Ганаровыя граматы Беларускага дзіцячага фонду, Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Міністэрства адукацыі краіны, знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». У 2010 годзе была ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны».

24 на 7

Бясконцыя судовыя пасяджэнні, на якіх выступала істцом або законным прадстаўніком ад райвыканкама па абароне правоў дзяцей, усемагчымыя камісіі, аб’езды сем’яў, справаздачнасць… Работа была ледзь не кругласутачнай.

— Мне маглі патэлефанаваць у 4 гадзіны раніцы і паведаміць, што нейкія дзеці ходзяць па вуліцы, — расказвала Ніна Каспяровіч. — Хутка апраналася і ехала забіраць іх. Цяпер гэту частку работы ўзяла на сябе Марына Паўлаўна Нагановіч. А раней такіх дзейных асоб у камісіі па справах непаўналетніх не было. Многае даводзілася рабіць самой пад чуйным кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях Алы Эдмундаўны Кейзік і ва ўзаемадзеянні з раённым педыятрам Зояй Раманаўнай Шчалкун.

Асабліва складаным быў перыяд, калі Пастаўскую школу-інтэрнат перавялі ў сіроцкую. Палова дзяцей, якія там знаходзіліся, не мелі статусу сіраты. І Ніне Серафімаўне прыйшлося па ўсёй рэспубліцы шукаць іх бацькоў і пачкамі падаваць у суд заявы аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў і адабранні дзяцей, займацца ўсынаўленнем сірот па Беларусі і ў Італію. Шмат работы было пры закрыцці гэтай і Варапаеўскай дапаможнай школ-інтэрнатаў.

Калі ў райцэнтры стваралі дзіцячы сацыяльны прытулак і спатрэбілася палажэнне пра яго, Ніна Каспяровіч занялася напісаннем дакумента, бо ў краіне ён яшчэ не быў распрацаваны. Пазней яе папрасілі напісаць аналагічнае палажэнне пра цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Сёння, азіраючыся назад, жанчына сама здзіўляецца таму, колькі ўсяго зрабіла.

Пашанцавала з блізкімі

— Па характары я ўпартая, прынцыповая і адказная, — характарызавала сябе мая суразмоўца. — Калі бралася камусьці дапамагчы — абавязкова дапамагала. Магла вырашыць любую, здавалася б, невырашальную сітуацыю. І заўсёды трымала да­дзенае слова. Працуючы ў раённым аб’яднанні пазашкольных устаноў на мяжы 80-х і 90-х гадоў, калі наогул нічога не было, ездзіла да кіраўнікоў калгасаў і прадпрыемстваў  пра­сіць грошай, каб адправіць дзяцей на конкурсы. Падчас работы ў аддзеле не было сродкаў заправіць аўтобус і завезці дзяцей-сірот на аздараўленне ў «Бярозку» ў Докшыцкі раён. Дык я за ўласныя грошы купіла 60 літраў бензіну і даставіла малых у лагер, бо раней паабяцала ім, што паедуць туды.

Ніна Серафімаўна прызнаецца: ёй пашанцавала з другім мужам. Вячаслаў Іпалітавіч, які служыў афіцэрам у лётнай часці ў 6-м гарадку, ніколі не папракаў жонку, што яна столькі часу прысвячае рабоце. Наадварот, усяляк дапамагаў. Браў на сябе частку хатніх клопатаў, вазіў раніцай (да таго як самому ісці на службу) да кіраўніцтва прадпрыемстваў і гаспадарак, вечарам — да цягніка, калі жонка ехала са справа­здачамі ў Віцебск. А заадно развозіў па дамах метадыстаў, якія разам з начальніцай затрымліваліся дапазна на рабоце.

Ведаў, што маці вельмі занятая, і сын Каспяровічаў Арцём. Ён самастойна рабіў пасля школы ўрокі, атрымаўшы атэстат, паступіў ва ўніверсітэт. І хоць не быў спешчаны мацярынскай увагай, вырас удзячным за ўсё. Калі пару гадоў назад Ніна Серафімаўна зламала шыйку сцягна, пераехаў на некалькі месяцаў з Мінска, дзе жыве і працуе, у Паставы, каб паставіць маці на ногі.

Па-ранейшаму актыўная

У маі 2021 года Ніна Каспяровіч пайшла ў адстаўку з пасады галоўнага спецыяліста аддзела па адукацыі райвыканкама. Але сядзець дома на пенсіі не захацела. Прыняла запрашэнне дырэктара Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Пастаўскага раёна Наталлі Селіванавай і ўжо трэці год загадвае тут аддзелам прафілактыкі.

— У падпарадкаванні ў мяне ра­зумныя і працавітыя дзяўчаты, — гаварыла яна. — Разам мы выконваем вялікі пласт работы. Вядзём улік усіх дзяцей з нядобранадзейных сем’яў, ажыццяўляем іх суправаджэнне, праводзім сацыяльныя расследаванні ў тых сем’ях, у якіх дзецям ад 0 да 3 гадоў, выязджаем у школы, дзе няма псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, і аказваем ім падтрымку. Па сутнасці, гэта частка маёй ранейшай работы. Там была таксама апека і прыёмныя сем’і. Імі я займаюся і цяпер, таму што ўсё яшчэ ўваходжу ў бюро абласнога дзіцячага фонду. Пры неабходнасці хаджу з даверанасцю ў суд у якасці прадстаўніка райвыканкама.

Праца Ніны Серафімаўны адзначана рознымі ўзнагародамі. Яна мае ў тым ліку Ганаровыя граматы Беларускага дзіцячага фонду, Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і Міністэрства адукацыі краіны. У 2010 годзе была ўдастоена ганаровага звання «Чалавек года Пастаўшчыны». Але больш за ўсё, па словах жанчыны, яе грэе знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь». Ён — найвышэйшая ацэнка не толькі зробленага за доўгія гады, але і яе майстэрства як педагога.



Бліц-апытанне

Сердце отдано детям: Нина Касперович 50 лет стоит на страже прав несовершеннолетних— Што для вас значыць шчасце?

— Гэта калі здаровыя і шчаслівыя мае блізкія і сябры. Тады шчаслівай адчуваю сябе і я.

Сердце отдано детям: Нина Касперович 50 лет стоит на страже прав несовершеннолетних— Як адпачываеце ў вольны ад работы час?

— Люблю з’ездзіць да родных у Гродна і пайсці ў тэатр ці яшчэ куды, выехаць кампаніяй на прыроду на шашлыкі. Па выхадных дома ў мяне заўсёды шмат людзей. Хтосьці прыходзіць проста на чай або каву, хтосьці — каб дапамагла вырашыць нейкую праблему.

Сердце отдано детям: Нина Касперович 50 лет стоит на страже прав несовершеннолетних— Калі б была магчымасць пражыць жыццё зноў, што змянілі б у ім?

—  Нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні, якія мне выпалі, я задаволеная сваім жыццём. Адзінае, што змяніла б у ім, — не пакінула б Гродна, бо рытм вялікага горада падабаецца больш, чым ціхая затока.



Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.