У атацы – уся каманда. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» — 4:1

Спорт и туризм

У атацы – уся каманда

ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» — 4:1

Цэнтральная ў 6-м туры гульня, нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е, сабрала на гарадскім стадыёне больш за 300 гледачоў розных узростаў. У ёй нашай камандзе патрэбна была перамога над моцным сапернікам. Яго дагэтуль абыгралі толькі тройчы ў васьмі згуляных матчах у 2-й лізе.

На працягу ўсёй сустрэчы каманды дэманстравалі атакуючы футбол, імкнуліся камбінаваць на высокіх хуткасцях. Ужо на 3-й хвіліне апорнік пастаўчан Віталь Жылевіч небяспечна прабіў над перакладзінай. Націск нашых павялічыўся, аднак першымі ледзь не вызначыліся госці. Іх хуткасны тэхнічны нападаючы, легіянер з Кот-д’Івуара Патрык Франсуа Мары Нгбо, моцна стрэліў у далёкі вугал. Аднак вопытны варатар Андрэй Чашун прадэманстраваў бліскучую рэакцыю і перавёў мяч на вуглавы.

Гэты эпізод вельмі акрыліў нашу каманду, яна загуляла на куражы. Спачатку мяч пасля ўдару капітана Максіма Голубева адбіла перакла­дзіна. Неўзабаве пастаўчане ўмела разыгралі вуглавы, і з перадачы Аляксандра Звяругі цэнтральны паўабаронца Уладзімір Дзяменцьеў на 11-й хвіліне адкрыў лік. Гарадокцы тут жа правялі небяспечны контрвыпад, але наш галкіпер зноў не дазволіў сябе абыграць. У сярэ­дзіне тайма цэнтрфорвард пастаўчан Андрэй Вілейта вывеў у свабодную зону Уладзіміра Камісарчука, які падвоіў перавагу. Сапернік адказаў стрэлам у верхнюю стойку. Гульня на сустрэчных курсах прадоўжылася і ў моцны лівень. На 45-й хвіліне нашы вывелі на ўдарную пазіцыю нападаючага Кірыла Каралёнка, які не прамахнуўся — 3:0.

У атацы – уся каманда. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» — 4:1

Абмен вострымі стрэламі прадоўжыўся пасля перапынку, у якім сярод гледачоў прайшоў розыгрыш памятных прызоў. На стадыёне часта гучалі апладысменты, бо і гарадокцы стараліся пераламіць няўдалы для сябе ход паядынку. Яшчэ двойчы іх афрыканскі форвард прайграў рандэву з нашым варатаром. Пастаўчане таксама ўмела камбінавалі. На 72-й хвіліне яны правялі ўзорную фланговую атаку. Правы абаронца Дзяніс Маршын уварваўся ў штрафную, прастрэліў уздоўж варот, а Дзмітрый Кундра па-майстэрску ўкалаціў мяч пад перакладзіну — 4:0. За 9 хвілін да заканчэння паядынку афрыканец Нгбо з чарговай спробы  правёў гол прэстыжу.

Важную і прыгожую перамогу на сваім полі здабылі Чашун, Маршын, Голубеў (к), Пучынскі (Галяш), Камісарчук, Кундра (Квяткевіч), Звяруга (Дзеўгуць), Дзяменцьеў (Чатовіч), Жылевіч, Каралёнак (Цыўнель), Вілейта (Чалей). У туры лідар — «Полацк-2019» — на выездзе з лікам 6:1 разграміў аршанцаў і з 13 ачкамі ідзе наперадзе. На 1 ачко адстае ад яго ФК «Міёры», які ў канцоўцы дабіўся поспеху (2:1) у Сянно. У актыве пастаўчан стала 4 ачкі, яны падняліся на чацвёрты радок у турнірнай табліцы. Да завяршэння 1-га круга нашы правядуць яшчэ два выязныя матчы — у Полацку і Оршы.

У атацы – уся каманда. ФСК «Паставы»–«Гарадоцкія львы» — 4:1

У групе «В» (першая ліга) сустрэчы завяршыліся прадказальна: «Нафтавік» (Наваполацк)—«Ніва» (Талачын) — 3:0, «Дзвіна» (Верхнядзвінск)—ФК «Глыбокае» — 2:1, ФК «Шаркаўшчына»—«Ураджай» (Віцебскі р-н) — 6:3, ФК «Докшыцы»—ФК «Чашнікі» — 1:3. У групе «С» вынікі матчаў наступныя: «Днепр» ­(Дуброўна)—ФК «Лёзна» — 3:1, «Дзвіна» (Бешанковічы)—«Партызан» (Ушачы) — 1:0, ФК «Шуміліна»—ФК «Расоны» — 16:1, «Дрывяціч» (Браслаў)—ФК «Лепель» — 3:5.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.