У лютым споўнілася 35 гадоў з моманту першага выхаду ансамбля «Паазер’е» на сцэну. З таго часу ён заваяваў сэрцы пастаўчан і атрымаў прызнанне ў краіне: стаў спачатку народным, а потым — заслужаным аматарскім калектывам Рэспублікі Беларусь.
Ад прадзедаў спакон вякоў…
Самабытнасць «Паазер’я» — у інструментальных і выканальніцкіх традыцыях, закладзеных народнымі музыкамі з вёсак Груздава і Пожарцы. Мясцовыя музыканты не толькі гралі, але і самі выраблялі інструменты. Асаблівую вядомасць набыў таленавіты майстар Іосіф Новік. Зробленыя ім цымбалы і сёння гучаць на Пастаўшчыне.
Па ўспамінах старажылаў, любоў да гэтага інструмента пайшла ад Лявона Мельца. Без яго цымбалаў не абыходзіліся ні адно вяселле і ні адна вечарына ў наваколлі. Затойваючы дыханне, слухала моладзь таксама цудоўных скрыпачоў Іосіфа Мацкевіча і Міхаіла Давідовіча, гарманістаў Браніслава Качаргу і Івана Крывенькага. А ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя яна стварыла ўнікальны ансамбль, які праіснаваў больш за шэсць дзесяццігоддзяў. З ансамбля выраслі Груздаўскі народны цымбальны аркестр і музычныя сямейныя дынастыі Мацкевічаў, Рагіняў, Новікаў, Падгайскіх. Дзякуючы яму на Пастаўшчыне — адзіным месцы ў Беларусі, дзе захаваліся дыятанічныя цымбалы — сфарміравалася груздаўская выканальніцкая школа і зберагліся мясцовыя народныя мелодыі.
Ведалі ва ўсім Савецкім Саюзе
Ідэя аб’яднаць музыкантаў з Груздава ў цымбальны аркестр прыйшла ў 1956 годзе выкладчыку Віцебскага музычнага вучылішча Якаву Нікіціну. Ён рэгулярна прыязджаў у вёску рэпеціраваць з музыкамі-самавучкамі, займаўся стварэннем рэпертуару для іх. Пазней кіраўніцтва калектывам Нікіцін перадаў Пятру Рагіню, а сам стаў яго дырыжорам.
Аркестр тады ўжо атрымаў званне народнага, у яго запрасілі прафесійных баяністаў — маладых настаўнікаў Пастаўскай і Варапаеўскай дзіцячых музычных школ Анатолія Собаля і Валянціна Жагулу. Некаторы час іграў у ім і аднакурснік Валянціна Жагулы па Віцебскім музвучылішчы Мікалай Сеўрукоў — будучы заслужаны артыст БССР, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Увялі таксама вучняў груздаўскай агульнаадукацыйнай школы. Такім складам у пачатку 70-х гадоў ездзілі ў Вільнюс і Ташкент як лаўрэаты І Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва.
У 1983 годзе Пётр Рагіня пайшоў на пенсію, і аркестр даручылі Анатолію Собалю.
— У справу акунуўся з галавой, — успамінае Анатолій Анатольевіч. — Прадоўжыў ствараць рэпертуар, выкарыстоўваючы напрацоўкі Нікіціна, перавёў усіх дзяцей з класічных цымбалаў на дыятанічныя. Два-тры разы на тыдзень ездзіў у Груздава на купленай мне бацькамі «Ніве» праводзіць рэпетыцыі з артыстамі. Каб сабраць усіх «дзядоў», як пачалі называць музыкантаў, трэба было аб’ехаць не толькі гэту, але і суседнія вёскі. Калі выступалі на раённай сцэне, не раз дастаўляў іх на сваёй машыне ў Паставы, а потым назад, бо аўтобус давалі не заўсёды. Рабіў некалькі рэйсаў, перавозячы артыстаў і цымбалы. Паралельна з аркестрам асобна працаваў з ансамблем «Груздаўскія дзяды» і сямейным ансамблем Мацкевічаў, якія двойчы пабывалі ў Маскве і выступілі на сцэне Крамлёўскага палаца.
У сярэдзіне 80-х у Груздава на 10 дзён прыязджала Беларускае тэлебачанне здымаць цыкл перадач пра цымбальны аркестр. Зрабілі тры перадачы «І загучаць галасы цудоўныя», якія паказалі ў рэспубліканскім эфіры, пазней з іх — нарэзку для Цэнтральнага тэлебачання. І ў вёску паехалі навукоўцы: акадэмік Канстанцін Кабашнікаў з Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар мастацтвазнаўства Іна Назіна, іншыя асобы. Мясцовыя артысты пазнаёміліся з ансамблем «Жывіца» (потым ён стаў «Бяседай») і яго стваральніцай Валянцінай Пархоменкай, «Крупіцкімі музыкамі» і Уладзімірам Громам, народным майстрам-рэстаўратарам старажытных беларускіх музычных інструментаў Уладзімірам Пузынем.
Праслаўляе Пастаўшчыну
Гутарачы з вядомымі людзьмі, Анатолій Собаль пачаў задумвацца пра тое, што ў аснове аркестра павінен быць іншы, мабільны, калектыў. Спачатку зрабіў пробны склад. У яго, акрамя самога, увайшлі цымбалістка Ванда Мацкевіч — дачка груздаўскага музыкі Івана Мацкевіча, скрыпачка Наталля Бялапка і кантрабасіст Станіслаў Пісарчык. Потым далучыліся іншыя выкладчыкі школы: Надзея Няфедзіна, Вольга Кацянёва, Віктар Жук, Юрый Красоўскі, Галіна Хвядзевіч, Яраслаў Зямчонак, Ірына Макоўская, а таксама Тарас Грыгарчук. У 1991 годзе на Дзень Савецкай арміі і Ваенна-марскога флоту малады калектыў сыграў у раённым Доме культуры першы сольны канцэрт. Летам таго ж года паехаў на фестываль «Звіняць цымбалы» ў Магілёў, адкуль вярнуўся з дыпломам лаўрэата.
Новы ансамбль назвалі, як і свой край, — «Паазер’е».
— З-за гэтага ў Магілёве здарыўся казус, — расказваў Анатолій Анатольевіч. — На фестываль прыехаў яшчэ адзін калектыў, з Віцебска, з такой жа, як і ў нас, назвай. Калі ў канцы свята ўзнагароджвалі пераможцаў і аб’явілі, што лаўрэат І ступені — ансамбль «Паазер’е», гэта значыць мы, віцябчане палічылі пераможцамі сябе і схапілі наш дыплом. Памылку выправіў старшыня журы Міхаіл Казінец. Ён асабіста перадаў нам узнагароду. Тым самым замацаваў за намі назву. А віцябчанам прыйшлося перайменаваць сябе ў «Вытокі».
З таго часу «Паазер’е» стала пастаянным удзельнікам свята народнай музыкі, дзякуючы яму фестываль «прапісаўся» ў Паставах. Ансамбль пачалі запрашаць на іншыя музычныя форумы ў Беларусі і за мяжу — у Літву, Латвію, Эстонію, Расію, Украіну, Польшчу, Малдову, Югаславію, Германію, Славакію. У многіх краінах ён быў не адзін раз. Асабліва часта — у Эстоніі: туды ездзіў штогод на працягу 10 гадоў. У 1993 годзе калектыву прысвоілі ганаровае званне «народны». У 2003-м за ўклад у развіццё нацыянальнай культуры і высокае выканальніцкае майстэрства ён атрымаў званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Праз год быў узнагароджаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Вучацца «з рук»
Стварыўшы «Паазер’е», Анатолій Собаль зрабіў стаўку на самабытнасць — дыятанічныя цымбалы — і рэпертуар, у аснове якога і сёння груздаўскія мелодыі. Пакуль былі жывыя «дзяды», Анатолій Анатольевіч ездзіў да іх з магнітафонам і запісваў усё, а потым раскладваў аўдыёзапіс на ноты. Трэба было захаваць і манеру ігры на цымбалах.
— Нягледзячы на знешняе падабенства, класічныя і дыятанічныя цымбалы — абсалютна розныя інструменты, — тлумачыў ён. — Класічныя маюць храматычны строй, які складаецца з 12 гукаў, і дыяпазон у 4 актавы. На іх можна выконваць усю сусветную класіку, у тым ліку напісаную для скрыпкі, фартэпіяна, акардэона, іншых інструментаў. На дыятанічных — толькі народную музыку, бо яны даволі прымітыўныя і абмежаваныя ў сваіх магчымасцях. Іх строй — усяго 7 гукаў, дыяпазон — 1,5 актавы. Адрозніваюцца цымбалы і спосабам гуказдабывання, пастаноўкай рук музыканта.
У навучанні на любым інструменце ёсць школа. На класічных цымбалах гэта прафесійная школа Іосіфа Жыновіча са сваёй методыкай выкладання і напісаным рэпертуарам. На дыятанічных — груздаўская школа, якой сярод удзельнікаў «Паазер’я» першапачаткова валодала Ванда Мацкевіч. Маленькай дзяўчынкай, седзячы на печы, яна слухала, як іграюць бацька і іншыя музыканты, а пазней услед за маці і братам увайшла ў аркестр.
Скончыўшы музычнае вучылішча і прыйшоўшы працаваць у Пастаўскую ДМШ, як тады называлася школа мастацтваў імя А. Тызенгаўза, Ванда Іванаўна пачала выкладаць ігру на дыятанічных цымбалах — іх увялі ў школьную праграму ў якасці дадатковага інструмента. Дзяцей яна вучыла і па-ранейшаму вучыць так, як калісьці рабіў яе бацька, — «з рук». Сёння дыятанічныя цымбалы як прадмет на выбар асвойваюць 11 вучняў школы, у тым ліку баяністы, піяністы.
Працягваецца і сямейная дынастыя Мацкевічаў. Дачка Ванды Іванаўны, Вікторыя Кірплюк, хоць і стала прафесійнай баяністкай, у «Паазер’і» грае на цымбалах. Гэты інструмент выбраў з усіх яе сын Гардзей — лаўрэат шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Дыпламаванай цымбалісткай з’яўляецца ўнучка Ванды Мацкевіч, Аляксандра Курціна, якая таксама працуе ў Пастаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Яна і Гардзей у свой час былі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Такая пераемнасць пакаленняў не дае знікнуць унікальнаму інструментальнаму выканальніцтву, якому некалькі гадоў назад нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.
Алена Шапавалава






