З 29 па 30 мая ў Полацку праходзіў ІХ літаратурны форум «Цэнтр Еўропы». Сярод 104 яго ўдзельнікаў з 6 краін свету былі і прадстаўнікі літаратурнай студыі «Світанак» Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна, якія гучна заявілі пра сябе.
Заяўкі на ўдзел у гэтым маштабным мерапрыемстве — а яно ўключала ў сябе творчы вечар вядомай віцебскай паэтэсы Тамары Красновай-Гусачэнкі, прэзентацыю анталогіі «Полацкі альбом», кніжную выставу-кірмаш і паэтычны open-air — падалі шасцёра «світанкаўцаў»: Сафія Скабёлкіна, Людміла Малевіч, Марына Трушына, Вольга Лісіцкая, Таццяна Куцуха і кіраўнік студыі Марына Кавалёнак. І ўсе прайшлі ў фінал. Але адправіцца ў Полацк змаглі толькі трое апошніх. Яны і пазмагаліся з паэтамі з розных куткоў Беларусі і Расіі ў літаратурных конкурсах, прадставіўшы на суд журы і гледачоў сваю творчасць.
Паэтычнае майстэрства пастаўчан высока ацанілі. Марына Кавалёнак стала лаўрэатам І ступені ў намінацыі «Быць жанчынай — што гэта значыць?». Вольга Лісіцкая перамагла ў намінацыі «Мовай Я. Купалы і Я. Коласа», заняла ў ёй жа 2-е месца ў конкурсе на прыз глядацкіх сімпатый і атрымала спецыяльны дыплом за жанравую арыгінальнасць і стварэнне яркага сцэнічнага вобразу ў літаратурна-сцэнічным конкурсе «Паэт-артыст». Таццяна Куцуха ўзнагароджана дыпломамі фіналіста ў намінацыях «Паэзія» і «Мовай Я. Купалы і Я. Коласа». Дыпломы атрымалі і іншыя нашы фіналісты.
Алена Шапавалава









