Чэмпіянат Беларусі па футболе
Уся барацьба наперадзе
Пасля невялікай паўзы ў гэтыя выхадныя адновіцца другая палова першынства ў 2-й лізе ў паўночным дывізіёне «Віцебскі». Асабліва інтрыгуючым стане гэты турнір у нашай наймацнейшай групе «А». Па рашэнні АБФФ восенню ў рэспубліканскі фінальны раўнд выйдуць не толькі прызёры абласнога чэмпіянату, але і каманда, якая зойме 4-е выніковае месца. Пакуль на гэтай пазіцыі знаходзяцца пастаўчане, але пра выхад на нацыянальную арэну мараць і футбалісты з Сянно і Гарадка, з якімі мы паўторна пазмагаемся на выездзе. Сёлета ў Прыдзвінні з’явіўся новы лідар — «Полацк-2019», які мае 16 ачкоў. Услед за ім ідуць ФК «Міёры» (15), віцебскі «Газавік» (10), ФСК «Паставы» (7), ФК «Сянно» (7), «Гарадоцкія львы» (6), аршанскі «Чырвоны барэц» (0).
У другой групе «В» (першая ліга) аднаасобным лідарам стаў дэбютант — «Нафтавік» (Наваполацк), які ў сямі праведзеных сустрэчах набраў 17 ачкоў і прэтэндуе на павышэнне ў класе. За прызавыя месцы тут змагаюцца «Дзвіна» (Верхнядзвінск), якая адстае на 5 балаў, а таксама ФК «Чашнікі» з 11 ачкамі. Услед за тройкай лідараў размяшчаюцца ФК «Шаркаўшчына» (10), «Ураджай (Віцебскі р-н) (8), ФК «Докшыцы» (7), ФК «Глыбокае» (6), «Ніва» (Талачын) (4). У трэцяй групе «С» таксама выявіўся яўны лідар з Лепеля, які мае 19 ачкоў і хоча вярнуцца ў наймацнейшую лігу. За лепяльчанамі ідуць футбалісты Лёзна і Бешанковіч, у якіх па 13 ачкоў, «Партызан» (Ушачы) (12), ФК «Шуміліна», «Днепр» (Дуброўна), у якіх па 10 балаў. Замыкаюць турнірную табліцу браслаўскі «Дрывяціч» (4 ачкі) і ФК «Расоны», які прайграў усе паядынкі.
Тым часам наш наступны сапернік з Міёр у мінулую суботу зноў стаў фіналістам абласнога этапа Кубка рэгіёнаў Беларусі. На сваім полі дзеючыя чэмпіёны вобласці і ўладальнікі гэтага трафея ў асноўны час згулялі ўнічыю (2:2) з палачанамі. Серыю пенальці міёрцы прабілі лепш (4:2) за свайго саперніка, яны дагэтуль тры гады запар выйгравалі Кубак вобласці. У рашаючым матчы фаварыту будзе супрацьстаяць віцебскі «Газавік», які ў паўфінале разграміў аршанскі «Дарожнік» з лікам 11:1. Нядаўна віцябчане цудам выратаваліся ад паражэння ў Паставах, а ў апошнія выхадныя ліпеня прыедуць у наш горад на матч 9-га тура. Падчас трансфернага акна ФСК «Паставы» дазаявіў у свой склад 24-гадовага сталічнага варатара Дзмітрыя Захарэвіча і чакае падтрымкі аматараў футбола на сваіх чатырох дамашніх матчах.
Уладзімір Шык

