Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. 1/4 фіналу. ФСК «Паставы» – «Газавік» (Віцебск) – 1:1

Спорт и туризм

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе

Крыху не дацярпелі

1/4 фіналу. ФСК «Паставы» – «Газавік» (Віцебск) – 1:1
 (па пенальці – 4:5)

Год назад каманды сустракаліся паміж сабой у абласным цэнтры ў паўфінале кубкавага турніру. Тады нашы адолелі 5-разовага ўладальніка трафея ў серыі пенальці з лікам 9:8 пасля баявой нічыёй (2:2) у асноўны час.

Сёлета чарговае супрацьстаянне ўскладніў моцны дождж, які перастаў ліць толькі напрыканцы матча. Нягледзячы на гэта, на гарадскім стадыёне сабралася амаль 200 гледачоў, якія горача падтрымлівалі нашу каманду на працягу ўсёй напружанай сустрэчы. А абслугоўвала яе брыгада віцебскіх суддзяў, якія ў пачатку матча пачалі прапускаць даволі жорсткія дзеянні саперніка.

Каманды дзейнічалі з пазіцыі сілы, абменьваючыся вострымі атакамі. Паступова пастаўчане завалодалі гульнявой ініцыятывай. Тройчы на ўдарнай пазіцыі аказваўся апорнік Уладзімір Дзяменцьеў, але яго стрэлам не хапіла дакладнасці. Супраць Уладзіміра згулялі груба, нанеслі траўму нагі, і яго прыйшлося замяніць. Пасля паўгадзіны барацьбы віцябчане маглі выйсці наперад, але іх снайпер не паспеў замкнуць галявы прастрэл. На гэта нашы на 35-й хвіліне адказалі ўзорным розыгрышам штрафнога ўдару. Паўабаронца Уладзімір Камісарчук далёкім навесам адправіў мяч Дзянісу Маршыну, які ў скачку ўдарам галавой адкрыў лік — 1:0.

Кубак рэгіёнаў Беларусі па футболе. 1/4 фіналу. ФСК «Паставы» – «Газавік» (Віцебск) – 1:1

У другім тайме гульня абвастрылася. «Газавік» вялікімі сіламі пайшоў наперад, каб адыграцца. Пастаўчане перыядычна адказвалі небяспечнымі контрвыпадамі. У канцоўцы бліскучую рэакцыю тройчы прадэманстраваў наш варатар Андрэй Чашун і адбіў моцныя ўдары. Віцябчане на 90 + 5 хвіліне ўмела разыгралі стандарт, на верхавую перадачу адгукнуўся Уладзіслаў Марозаў і перавёў паядынак у серыю 11-метровых штрафных удараў. У ёй бездакорна прабілі пенальці Дзмітрый Кундра, Аляксандр Звяруга, Ула-дзімір Камісарчук і Дзяніс Маршын, а вось адпраўлены другі па ліку мяч Кірыла Цыўнеля варатар саперніка Сяргей Кавальчук адбіў.

«Газавік» узяў у нашых рэванш, а ў паўфінале ў гэтыя выхадныя згуляе дома з аршанскім «Дарожнікам». Другую пару ў 1/2 фіналу склалі міёрцы і палачане. Стадыён апладзіраваў Чашуну, Голубеву (к), Пучынскаму (Курыловічу), Дзяменцьеву (Звяругу), Кундру, Камісарчуку, Маршыну, Кучараву, Касенку (Цыўнелю), Вілейту (Чаляю), Каралёнку (Дзеўгуцю).

Пастаўчане пераходзяць да гульняў другой паловы першынства. Па рашэнні АБФФ восенню ў рэспубліканскі фінальны раўнд 2-й лігі з групы «А» выйдуць першыя 4 каманды. У групе «В» былі згуляны 2 перанесеныя сустрэчы: ФК «Докшыцы»—«Нафтавік» (Наваполацк) — 2:4, ФК «Шаркаўшчына»—ФК «Глыбокае» — 2:3. У трэцяй групе «С» матчы прынеслі такія вынікі: «Дрывяціч» (Браслаў)—ФК «Лёзна» — 1:1, ФК «Шуміліна»—«Партызан» (Ушачы) — 1:2, ФК «Лепель»—ФК «Расоны» — 11:0.

Уладзімір Шык

Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.