18 ліпеня светлы і радасны дзень у нашай сям’і: нашаму тату, Каранеўскаму Пятру Станіслававічу, які жыве ў вёсцы Палхуны, спаўняецца 70 гадоў!
Пра такіх людзей гавораць коратка, але ёмка: надзейны і верны муж, клапатлівы тата і дзядуля, сумленны і адказны працаўнік. Але пра ўсё па парадку.
Тата нарадзіўся ў вёсцы Дуброва Маладзечанскага раёна. Рос у вялікай дружнай сям’і, дзе змалку ведалі цану хлеба. З дзяцінства шмат працаваў, дапамагаючы бацькам па гаспадарцы. Скончыўшы дзесяць класаў, пайшоў служыць у армію. Тры гады ён правёў на Балтыйскім флоце ў Рызе, дзе і сустрэў сваю будучую жонку Эльвіру — ураджэнку вёскі Палхуны, якая прыехала туды на заработкі разам з сяброўкамі. У 1978 годзе пара згуляла вяселле.
Вярнуўшыся на радзіму, вырашылі абуладкавацца ў Палхунах. Тата сеў за руль трактара ў мясцовым саўгасе, умеў кіраваць і камбайнам, быў перадавіком вытворчасці, рабіў сваю справу сумленна і з душой. А яшчэ ён — ганаровы донар: у маладосці не раз здаваў кроў, каб дапамагчы іншым людзям. Мама ўзначаліла школьную сталоўку. За руплівасць маладой сям’і выдзелілі двухпакаёвую кватэру.
Усё жыццё тата быў і застаецца для нас прыкладам. Яго паважаюць калегі і вяскоўцы, да яго прыслухоўваюцца, звяртаюцца па параду. Нават знаходзячыся на заслужаным адпачынку, працягвае працаваць на трактары, бо без справы сваё жыццё не ўяўляе.
Разам з мамай яны трымаюць гаспадарку, садзяць вялікі агарод. А яшчэ вельмі любяць кветкі. Тата з уласцівай яму адказнасцю разбівае новыя клумбы, рыхтуе зямлю пад пасадкі. Кожны год у двары з’яўляецца новы кветнік. З вясны і да позняй восені ў бацькоў буяюць прымулы, астры, лілеі. У гаршках-кашпо шапацяць петуніі, сярод кветкавай прыгажосці зелянеюць туі. А яшчэ тут — велізарная колькасць руж! Разбаўляюць ўсё гэта хараство лебедзі, якіх тата зрабіў сваімі рукамі.
Але самая вялікая каштоўнасць бацькоўскай хаты — гэта моманты, калі ўсе мы збіраемся разам. Вяселлі, провады ў армію, дні нараджэння, юбілеі, Новы год ці 8 Сакавіка — усе святы мы стараемся адзначаць менавіта тут, пад родным дахам. Тады дом ажывае, напаўняецца песнямі, танцамі, шчырым смехам чацвярых дзяцей, семярых унукаў. На вялікае застолле прязджаюць і сваякі.
Сённяшні дзень не стане выключэннем. Мы ўсе зноў збяромся, каб сказаць табе, наш дарагі, простыя і ў той жа час самыя шчырыя словы. З днём нараджэння! З 70-годдзем! Дзякуй табе за тое, што ты ў нас ёсць! За тваё моцнае плячо, за мудрую параду, за невычэрпную энергію і працавітасць. Ты — наша апора, наш прыклад сапраўднага гаспадара і добрага чалавека. Жадаем табе самага галоўнага — здароўя. Каб сіл хапала на любімы трактар, на лес, куды ты ходзіш у грыбы і ягады, на твае прыгожыя кветкі і на доўгія-доўгія гады жыцця побач з намі. Беражы сябе, мы цябе вельмі любім!
Дачка Вольга Мончык ад імя ўсіх родных

