Возраст — просто цифры: история Франца Михалевича, который работает лучше молодых

Общество

Малая радзіма прыцягвае многіх. Менавіта такое прыцяжэнне адчуў і Франц Міхалевіч, калі пасля не аднаго дзясятка гадоў службы ў арміі і жыцця ў горадзе вырашыў вярнуцца ў бацькоўскі дом у Норкавічах. 2 ліпеня Францу Валяр’янавічу споўнілася 75.

Віншаванні сыпаліся як з мяха

З самай раніцы тэлефон юбіляра не змаўкаў: званілі дзеці, унукі, знаёмыя. З дыпломам і віншаваннямі прыехаў і прафсаюзны лідар аграрыяў раёна Васілій Катовіч. Да яго далучыліся дырэктар ААТ «Ярэва-агра» Раман Вырвіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Рыма Ківатыцкая, галоўны заатэхнік гаспадаркі Ганна Тарасевіч. І дзе, вы думаеце, мы засталі імянінніка? Правільна: па дарозе на ферму. Ён шпарка крочыў у добра знаёмым для яго кірунку. І хоць дойны статак летам кругласутачна знаходзіцца ў полі, на ферме спраў таксама хапае: памяшканні рыхтуюць да зімова-стойлавага ўтрымання.

— Неспадзявана і вельмі прыемна, — гаварыў разгублены юбіляр, сустрэўшы такую дэлегацыю. — Дзякуй за ўвагу і цёплыя словы.

Возраст — просто цифры: история Франца Михалевича, который работает лучше молодых

І дзе б ні быў – цягнула на радзіму

Жыццёвы шлях Франца Міхалевіча з юнацтва быў цесна звязаны з абаронай Айчыны. Адслужыўшы тэрміновую службу, застаўся звышурочна. Паездзіў па розных гарнізонах, хапіла нямала сур’ёзных выпрабаванняў. Яны загартавалі характар, навучылі дысцыпліне і ўменню прымаць рашэнні ў нестандартных сітуацыях. Служба пастаянна патрабавала поўнай аддачы, але дзе б ні знаходзіўся, у сэрцы заўсёды захоўваў успаміны пра родную вёску і хату, якая пуставала пасля смерці бацькоў.

Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Франц Міхалевіч развітаўся з гарадскім жыццём і вярнуўся да сельскага. На Баць­каўшчыне не стаў сядзець на канапе склаўшы рукі: завёў некалькі кароў, свіней, авечак, гусей, курэй.

Калі праца ў радасць

Спраў па хатняй гаспадарцы хапала, і ён нават не марыў пра тое, каб працаўладкавацца. Але гадоў 20 назад да яго прыехаў былы старшыня калгаса імя Калініна (цяпер ААТ «Ярэва-­агра») Віталій Карташэвіч і папрасіў папрацаваць загадчыкам мясцовай фермы. Франц згадзіўся: ніякай работы ён не цураўся з дзяцінства (быў старэйшым з трох братоў), кіраваць людзьмі навучыўся ў арміі.

Раніца ў Франца Валяр’янавіча пачынаецца задоўга да ўсходу сонца. Як толькі прачнецца, спяшаецца на ферму. Сочыць за парадкам і дысцыплінай, размаўляе з жывёлаводамі, у чымсьці дапамагае. Работнікі фермы паважаюць свайго кіраўніка за справядлівасць і ўменне падтрымаць у любой сітуацыі.

Узрост – проста лічбы

У свае 75 гадоў Франц Міхалевіч выглядае і адчувае сябе на максімум. Яго жыццёвы прынцып: рух — гэта жыццё.

— Сакрэт маёй актыўнасці вельмі просты, — адзначыў юбіляр. — Трэба любіць тое, што ты робіш, любіць сваю зямлю і людзей. Не марнаваць час, а кожны дзень рабіць штосьці карыснае. Мне ёсць дзеля каго старацца.

Франц Валяр’янавіч разам з жонкай Ганнай Сяргееўнай выхавалі сына Паўла і дачку Таццяну. Яны жывуць у Паставах. Бацька імі ганарыцца: Павел — настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ №1, Таццяна — суддзя суда Пастаўскага раёна.

Глядзела на 75-гадовага юбі­ляра і думала, што ваенная выпраўка, працавітасць і любоў да роднага краю не падпускаюць да яго старасць. Энергіі, бадзёрасці і аптымізму ветэрана працы можна толькі пазайздросціць. Франц Міхалевіч — сапраўдны прыклад таго, як можна быць карысным і актыўным у любым узросце.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.