Юбілейны міжнародны фестываль «Славянскі базар у Віцебску» адгрымеў, пакінуўшы яркі след у сэрцах яго шматлікіх гасцей. Удзел у сузор’і талентаў традыцыйна прыняла і творчая дэлегацыя Пастаўшчыны. Нашы таленавітыя артысты, рамеснікі, літаратары, прадстаўнікі турызму і зоркі мясцовай эстрады не растварыліся ў шматтысячным натоўпе, а сталі адной з самых заўважных, гучных і каларытных дэлегацый форуму.
Ззялі, гучалі, у сябе ўлюблялі
Сёлетні «Славянскі базар» быў асаблівым: 35-гадовы юбілей — не проста круглая дата, а сапраўдны рубеж сталення цэлага пакалення артыстаў і гледачоў. За гэты час віцебскі фестываль стаў сімвалам дружбы народаў, песнямі, якія лечаць душу, і танцамі, якія не ведаюць межаў.
Перад тым як акунуцца ў вялікае свята мастацтва, моладзь Пастаўшчыны далучылася да Дзён моладзі каля мемарыяла «Вызваліцелям Віцебска». На чале з першым сакратаром райкама БРСМ Лізаветай Загурскай і іншымі ўдзельнікамі патрыятычнай акцыі «Моладзь помніць» пастаўчане ўшанавалі памяць герояў і далі старт фестывалю.
Фестывальны рух ахапіў увесь горад — госці разышліся па 17 тэматычных брэндавых пляцоўках, падрыхтаваных раёнамі вобласці. Разумеючы важнасць юбілейнага моманту, пастаўчане вырашылі выйсці за межы звычайных выставачных стэндаў і праклалі своеасаблівы творчы масток паміж душэўным святам народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», які штогод збірае сяброў на Пастаўшчыне, і грандыёзнай сцэнай «Славянскага базару».
— Назва нашай брэндавай пляцоўкі гаварыла сама за сябе: «Звіняць цымбалы, гармонік грае, «Славянскі базар» з юбілеем вітае!», — расказвала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Ксенія Грэська. — Нам вельмі хацелася ўразіць гасцей, сярод якіх было нямала і высокапастаўленых асоб. У аснову мы паклалі праграму фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік», які ўжо стаў для нас родным і ў гэтым годзе таксама адсвяткаваў сваё 35-годдзе. Тут было ўсё: і традыцыйная сустрэча дэлегацый, і запальны конкурс «Хто каго?», і агляд каларытных падворкаў, і велічны гала-канцэрт. Усе гэтыя яркія моманты мы злучылі ў адзіную тэатралізаваную дзею і прадставілі на суд журы.
Тут жа гасцей частавалі стравамі з таркаванай бульбы — сапраўдным гастранамічным сімвалам паўночнай Беларусі. На творчай пляцоўцы з поўнай аддачай працаваў творчы калектыў Цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна: Ксенія Грэська, Таццяна Карпава, Валерый Жук’ян, Марына Вярцінская, Вікторыя Курто і Сяргей Зелянкевіч, а таксама народны ансамбль народнай песні «Заранка» з г.п. Варапаева. Кожны іх рух быў напоўнены шчырай любоўю да роднай справы.
Рытм, які быў чуваць за кіламетр
Адным з самых яркіх, гучных і запамінальных мерапрыемстваў першага дня ў межах маштабнага форуму стаў VII Міжнародны фестываль-конкурс барабаншчыц і мажарэтак. Відовішчнае творчае спаборніцтва сабрала на плошчы Перамогі каля 600 таленавітых удзельніц з больш як 30 калектываў Беларусі і Расіі, ператварыўшы цэнтр горада ў сапраўднае свята прыгажосці, грацыі і дакладнага рытму. Журы творчага першынства традыцыйна ўзначаліла прэзідэнт Федэрацыі батон-твірлінгу і мажарэтак Расіі Ірына Вайцяхоўская. З першых хвілін выступлення ўвагу гледачоў і строгага журы заваявалі нашы таленавітыя дзяўчаты з ансамбля барабаншчыц «Ювента» Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза. Яны прадэманстравалі высокае выканальніцкае майстэрства, бездакорную сінхроннасць, філігранную тэхніку валодання інструментам і сапраўдны артыстычны клас.
Вынікам яркага выступлення стаў чарговы трыумф пастаўчанак. Калектыў упэўнена заваяваў дыплом лаўрэата II ступені ў намінацыі «Паказ на подыуме «Барабан»» сярод юніёрак. Акрамя таго, за высокі прафесіяналізм і адданасць сваёй справе ансамбль быў адзначаны спецыяльным дыпломам за важкі ўклад у развіццё і папулярызацыю мажарэтнага танца. Кіраўнік ансамбля Наталля Сіўко шчыра павіншавала сваіх таленавітых выхаванак з заслужанай перамогай на такой маштабнай і прэстыжнай творчай арэне.
Трыумф пастаўскіх узораў
Майстры Дома рамёстваў і народнай студыі «Майстры» прынялі актыўны ўдзел у традыцыйным кірмашы рамёстваў «Горад майстроў». Сапраўдная творчая барацьба разгарнулася на конкурсе рэзчыкаў па дрэве «Дрэва жыцця». Удзельнік народнай студыі Аляксандр Яршоў з г.п. Варапаева мужна вытрымаў гэтае складанае выпрабаванне. І хоць яго работа была адзначана дыпломам за ўдзел, сам факт прысутнасці такога таленавітага і тонкага майстра робіць спадчыну нашага краю значна багацейшай.
Асобным гонарам для раёна стаў чарговы поспех Вольгі Гукавай. Народны майстар прадставіла Пастаўшчыну на абласным конкурсе «Віцебскія ўзоры», прысвечаным набойцы — старадаўняму мастацтву нанясення малюнка на тканіну. У намінацыі «Лучший геометрический орнамент» Вольга заняла заслужанае 1-е месца! Таленавітыя рукі жанчыны ўдыхнулі ў старажытную тэхніку новае жыццё, стварыўшы ўзор, які зачараваў журы сваёй строгай прыгажосцю.
Гэтыя асабістыя поспехі сталі важкаю часткай агульнай узнагароды: калектыўным дыпломам за актыўны ўдзел у кірмашы рамёстваў былі адзначаны і ўсе майстры Дома рамёстваў «Стары млын».
Ад звонкай песні да каляднай казкі
Творчая геаграфія пастаўчан на фестывалі была шырокай. Заслужаны калектыў — народны ансамбль народнай музыкі «Заранка» — літаральна запаліў сэрцы гледачоў падчас канцэрта «В кругу друзей» на плошчы Свабоды. Шчырыя апладысменты і гарачая падтрымка публікі сталі найлепшай узнагародай за высокае майстэрства нашых артыстаў.
Услед за звонкай песняй на фестывальную пляцоўку ўпэўнена ступіў і народны танец. Нашы землякі прынялі ўдзел у XIII турніры нацыянальных танцаў «Танчым разам». Для сямейнага дуэта Аляксандра і Людмілы Яршовых гэты выхад на сцэну стаў знакавым: яны мэтанакіравана ездзілі на гэты конкурс на працягу некалькіх гадоў, і вось доўгачаканая ўзнагарода знайшла сваіх герояў — сужэнцы сталі лаўрэатамі III ступені ва ўзроставай катэгорыі ад 50 гадоў.
Выдатны вынік паказалі таксама Таццяна Карпава і Валерый Жук’ян, якія прадэманстравалі высокае майстэрства і ўпэўнена выйшлі ў фінал спаборніцтва. Сваімі бліскучымі выступленнямі пастаўчане яскрава даказалі: самабытныя традыцыі Паазер’я жывуць, а танец продкаў і сёння захапляе сваёй магутнай энергетыкай.
Музычная душа нашага краю раскрылася і ў самым запальным спаборніцтве — конкурсе прыпевак «Музыкі граюць». Святлана Латышонак і Ірына Кукоўская з Парыжскага сельскага Дома культуры пад вясёлыя пераборы мясцовага гарманіста Аляксандра Пачкоўскага пакарылі публіку і нагадалі ўсім, што трапны гумар і шчырая песня — найлепшыя лекі ад любых клопатаў.
Не засталося па-за ўвагай і літаратурнае слова. Кіраўнік літаратурнай студыі «Світанак» Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Кавалёнак стала адзіным прадстаўніком Пастаўскага раёна на прэстыжным фестывалі вулічнага мастацтва «На сямі вятрах». Адбор на гэтую творчую лакацыю быў сур’ёзным, таму запрашэнне пастаўскай паэтэсы — гэта ўжо вялікі поспех і гонар для нашага раёна.
Яскравыя творчыя выступленні пастаўчан улюбілі ў сябе публіку, а наступным крокам стала запрашэнне наведаць наш край у якасці турыстаў. Турыстычны патэнцыял Пастаўшчыны годна прадставілі дырэктар раённага турінфацэнтра Дзмітрый Андрэеў і дырэктар Цэнтра турыстычных паслуг Ягор Шушкевіч. Для многіх гасцей фестывалю адкрыццём стала тое, што Беларусь — гэта не толькі замкі і азёры, але і казачны Зюзя Паазерскі. Менавіта падчас фестывалю стартаваў папярэдні продаж тураў у навагоднюю казку.
За бяспекай на фестывалі дапамагалі сачыць прадстаўнікі нашага раёна. Гэта 4 супрацоўнікі РАУС — Вольга Дуброўская, Вікторыя Смятанка, Вольга Турок і Аляксей Кавальчук. Інструктар раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Таццяна Шахава дзяжурыла разам з медыцынскімі работнікамі і аказвала дапамогу тым, каму яна патрабавалася.
XXXV «Славянскі базар» адышоў у гісторыю, але цеплыня, якую прывезлі з сабой пастаўчане, яшчэ доўга будзе грэць сэрцы. Нашы майстры, музыкі і танцоры змаглі не проста здзівіць патрабавальную фестывальную публіку, а пакінуць у душы гледачоў часцінку роднага краю — праз звон цымбалаў, самабытныя ўзоры і шчырыя ўсмешкі. Бо сапраўднае мастацтва — гэта заўсёды пра любоў. А любові і прыгажосці на Пастаўшчыне хопіць на ўсіх!
Крысціна Рубель








