1 верасня беларускіх школьнікаў і іх бацькоў зноў чакаюць змены ў харчаванні ў навучальных установах.
Цяпер у адпаведнасці з пастановай урада пры выкарыстанні натуральных і грашовых норм расходаў школьнікі будуць раздзеленыя на тры групы па класах (1—5, 6—8 і 9—11 класы) замест ранейшых дзвюх узроставых груп (6—10 і 11—18 гадоў). Гэта павінна забяспечыць лепшы ўлік фізіялагічных патрэб дзяцей, звязаных з іх узростам. Памер грашовых норм расходаў на харчаванне павялічваецца на 5%, а далей штогод будзе расці аўтаматычна з улікам змянення рознічных цэн на прадукты харчавання.
Пры аднаразовым харчаванні ўводзіцца адзіны від прыёму ежы, які будзе называцца другім сняданкам, а ў другую змену — падвячоркам. Складаецца ён з трох страў: салаты, гарачай стравы і напітку. Таксама значна расшыраецца пералік прадукцыі для выкарыстання ў харчаванні навучэнцаў, у тым ліку за кошт гатовых мясных, рыбных, мучных, агароднінных і іншых паўфабрыкатаў, якія адказваюць патрабаванням да прадукцыі для дзяцей. Зняты і абмежаванні па выкарыстанні хлебабулачных вырабаў, сала і мясных паштэтаў. У школьных буфетах з’явяцца вендынгавыя аўтаматы з дазволенымі для дзяцей ежай і напіткамі.
Наколькі ў сувязі з гэтым мяняецца харчаванне юных пастаўчан, карэспандэнту «ПК» расказвае інжынер-тэхнолаг раённага міжгаліновага цэнтра па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый Анжаліка Кухальская, якая займаецца арганізацыяй харчавання ва ўстановах адукацыі і кантролем за ім:
Зараз я складаю прыкладныя двухтыднёвыя рацыёны для трох груп навучэнцаў, якія харчуюцца ў школьных сталовых. У кожнай павінен быць свой выхад страў — інакш кажучы, іх фактычная вага. Саміх рацыёнаў два: для трохразовага і аднаразовага харчавання. Што да апошняга, то ў нас гэта будзе другі сняданак, паколькі ўсе дзеці займаюцца ў першую змену.
Укараняю новыя стравы, якія бяру са спецыяльнага інфармацыйнага электроннага зборніка, з улікам пажаданняў устаноў адукацыі. А яны ў сваю чаргу зыходзяць са смакавых пераваг навучэнцаў. Такім чынам, меню ў школьных сталовых будзе крыху адрознівацца. Напрыклад, у нейкай школе дзеці не любяць гарнір з буракоў — замяняю яго на капусту або бульбу. Увогуле, меню абнаўляецца пастаянна. З моманту ўкараненння пілотнага праекта па харчаванні мы паспрабавалі гатаваць ужо не менш за 60 страў з названага зборніка.
Што да вендынгавых апаратаў, то ў нас яны пакуль не ўстанаўліваюцца. Школьных буфетаў таксама няма.
Падрыхтавала Алена Шапавалава

