Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФК «Сянно»–ФСК «Паставы» – 2:3

Спорт и туризм

Чэмпіянат Беларусі па футболе

Найважнейшы поспех сезона

ФК «Сянно»–ФСК «Паставы» – 2:3

На мінулым тыдні ў дывізіёне «Віцебскі» змяніўся лідар першынства, а ФК «Міёры» чацвёрты год запар выйграў абласны этап Кубка рэгіёнаў Беларусі. У фінале ў Полацку міёрцы правялі тры мячы ў вароты віцебскага «Газавіка» і зноў заваявалі ганаровы трафей. Затым яны на мясцовым стадыёне «Спартак» у дадатковы час вырвалі валявую перамогу (3:2) у палачан, набралі 24 ачкі і маюць выдатныя шанцы захаваць званне чэмпіёнаў вобласці. «Газавік» (Віцебск) разграміў з лікам 5:0 «Гарадоцкіх ільвоў» і разам з міёрцамі і «Полацкам-2019» восенню згуляе ў фінальным рэспубліканскім этапе. На чацвёртую пуцёўку прабіцца туды прэтэндуюць пастаўчане, і для гэтага ім патрэбна было абавязкова дабіцца поспеху ў Сянно.

У нашай каманды не было двух асноўных абаронцаў. На важнай пазіцыі бліскуча згуляў Данііл Галяш разам з вопытным калегам па амплуа Паўлам Пучынскім. На ключавы матч сезона па-баявому настроілася ўся каманда. У выніку пастаўчане ў першай атацы намаганнямі цэнтрфорварда Андрэя Вілейты зарабілі пенальці, які бездакорна прабіў Дзмітрый Кундра — 0:1. Сапернік актывізаваўся, загуляў яшчэ больш хутка за кошт далёкіх верхавых перадач. Нашы не разгубіліся, арганізавалі шчыльны прэсінг і страхавалі адзін другога. У сярэдзіне тайма яны ўзмацнілі свой націск. На 28-й хвіліне ў свабодную фланговую зону ўварваўся атакуючы паўабаронца Крысціян Дзеўгуць і перакінуў мяч над варатаром — 0:2.

Чэмпіянат Беларусі па футболе. ФК «Сянно»–ФСК «Паставы» – 2:3

Паўторная няўдача сенненцаў не засмуціла. Пару разоў сваё майстэрства прадэманстраваў варатар пастаўчан Дзмітрый Захарэвіч, які атрымаў прыз найлепшага іграка матча. У пачатку другога тайма сапернік дабіўся свайго, калі мяч падабраў на лініі штрафной Мікіта Іваноў і моцна стрэліў у верхні вугал — 1:2. Акрыленыя сенненцы падалі пару небяспечных вуглавых, але прамахнуліся. На шчасце, пасля гадзіны барацьбы сапернік фізічна падсеў і больш абараняўся. Рэзервіст пастаўчан Уладзіслаў Чатовіч мог вызначыцца, але трапіў у штангу. Гэта ўдалося зрабіць цэнтральнаму абаронцу Паўлу Пучынскаму, які нечакана для ўсіх апынуўся ў чужой штрафной і перавёў гульню ў спакойнае рэчышча — 1:3.

Да фінальнага свістка нашы маглі павялічыць лік на табло да разгромнага, але двойчы Герману Чаляю і зноў У. Чатовічу не ўдалося перайграць галкіпера саперніка, які на апошняй хвіліне атрымаў пашкоджанне і доўга атрымліваў меддапамогу. У выніку сенненцы на 90+9 хвіліне намаганнямі Яўгена Куліка правялі яшчэ адзін гол прэстыжу. Сур’ёзнага саперніка на выездзе перамаглі Захарэвіч, Камісарчук (к), Пучынскі, Галяш, Касенка, Звяруга (Цыўнель), Кундра, Жылевіч (Аўсюк), Каралёнак (Янушкевіч), Дзеўгуць (Чатовіч), Вілейта (Чалей). Пастаўчане з 10 ачкамі падняліся на 4-е месца і на 2 і 4 балы апераджаюць ФК «Сянно» і каманду Гарадка. У нядзелю, 9 жніўня, ФСК «Паставы» згуляе дома з аршанцамі.

У групе «В» (першая ліга) нечаканасцей не адбылося: «Ураджай» (Віцебскі р-н)—«Нафтавік» (Наваполацк) — 0:1, ФК «Чашнікі»—«Дзвіна» (Верхнядзвінск) — 1:3, ФК «Докшыцы»—ФК «Глыбокае» — 1:2, ФК «Шаркаўшчына»—«Ніва» (Талачын) — 6:3. Сустрэчы ў трэцяй групе «С» завяршыліся так: «Дрывяціч» (Браслаў)—«Днепр» (Дуброўна) — 2:3, ФК «Лепель»—«Партызан» (Ушачы) — 2:3, ФК «Расоны»—«Дзвіна» (Бешанковічы) — 0:2, ФК «Лёзна»—ФК «Шуміліна» — 1:1.

Уладзімір Шык
Фота Антона Чаляя



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.