Да пачатку новага навучальнага года засталося крыху больш за два тыдні. Каб ацаніць гатоўнасць устаноў адукацыі Пастаўшчыны, спецыяльная камісія наведала 12 школ, 11 дзіцячых садоў, а таксама раённы цэнтр дзяцей і моладзі, сацыяльна-педагагічны цэнтр і цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Асаблівая ўвага членаў камісіі, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі аддзела па адукацыі райвыканкама, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, была звернута на стварэнне бяспечных умоў для захавання жыцця і здароўя школьнікаў. Спецыялісты РАНС і энергагазнагляду скрупулёзна вывучалі шляхі эвакуацыі, спраўнасць унутранага электраабсталявання, наяўнасць і тэрміны прыдатнасці першасных сродкаў пажаратушэння. Санітарная служба правярала выкананне гігіенічных норм у харчаблоках, сталовых і санітарных пакоях, узровень асветленасці за школьнымі партамі і адпаведнасць мэблі фізіялагічным асаблівасцям дзяцей розных узростаў. Не абмінулі члены камісіі і спартыўныя аб’екты.
— Падрыхтоўка да новага навучальнага года пачалася літаральна адразу пасля апошняга званка, — расказваў начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Павел Трава. — Яна вялася паралельна з аздараўленчай кампаніяй. На базе многіх школ плённа працавалі вучнёўскія вытворчыя брыгады. Падлеткі ахвотна далучыліся да добрай справы, дапамагаючы фарбаваць класныя кабінеты, добраўпарадкоўваць тэрыторыю. Немалы аб’ём работ быў выкананы непасрэдна сіламі настаўнікаў і тэхнічнага персаналу. Менавіта іх працавітыя рукі, крэатыўны падыход стварылі прыгажосць і ўтульнасць у кожным куточку.
Маштабныя работы сёлетнім летам разгарнуліся ў СШ №2 імя Н. М. Асяненкі. Гэты аб’ект даўно патрабаваў сур’ёзных укладанняў і грунтоўнага падыходу. Былі выдзелены бюджэтныя сродкі на капітальны рамонт. У бягучым рамонце адчувальную спонсарскую дапамогу аказаў малочны завод.
Здароўе дзяцей напрамую залежыць ад якасці харчавання, а якасць харчавання — ад умоў, у якіх гатуецца ежа. У харчаблоках многіх школ не проста асвяжылі сцены, а абнавілі тэхналагічнае абсталяванне. У найбольшай ступені гэта закранула харчаблок СШ №3.
Падчас аб’езду ўстаноў раённая камісія адзначала станоўчыя моманты, а таксама звяртала ўвагу адміністрацыі на дробныя недахопы. Сур’ёзных парушэнняў не выяўлена, а асобныя недапрацоўкі будуць выпраўлены ў хуткім часе. Наперадзе — фінальны этап: атрыманне сертыфікатаў і пашпартоў гатоўнасці ўстаноў, якія стануць афіцыйным зялёным святлом для пачатку заняткаў.
Падводзячы вынікі маніторынгу, начальнік раённага аддзела па адукацыі Павел Трава выказаў шчырую ўдзячнасць усім, хто прымаў удзел у падрыхтоўцы навучальных устаноў. Ён асобна адзначыў тыя калектывы, якія падышлі да справы найбольш адказна. У ліку найлепшых — другая, трэцяя, Камайская і Навасёлкаўская сярэднія школы.
Наперадзе яшчэ ёсць крыху часу, каб зрабіць апошнія штрыхі. Настаўнікі ўжо складаюць планы, а школы чакаюць звонкага дзіцячага смеху, які напоўніць абноўленыя класы 1 верасня.
Анна Анішкевіч
Фота Аляксандра Кузняцова





